Хваробу можна папярэдзіць


Наталля Літвін расказвае пра новыя паслугі.
Наталля Літвін расказвае пра новыя паслугі.

Штогод 7 красавіка адзначаецца Сусветны дзень здароўя. Работнікі Пастаўскага аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва прымеркавалі да гэтай даты цікавае мерапрыемства.

Усе жадаючыя мелі магчымасць змераць артэрыяльны ціск, праверыць пульс, вызначыць узровень глюкозы ў крыві і атрымаць кароткую кансультацыю ўрача агульнай практыкі цэнтральнай раённай бальніцы Ганны Балай. Медыцынская сястра аддзялення Наталля Літвін знаёміла з паслугай “Санаторый на даму”, расказвала пра прымяненне фізіятэрапеўтычнага абсталявання. Была арганізавана выстава-продаж сувенірнай прадукцыі, якую вырабляюць наведвальнікі аддзялення.

Спачатку да прысутных звярнулася дырэктар ТЦСАН Дзіяна Іванаўна Пякарская.

— Здароўе — самая галоўная каштоўнасць і найбольшае багацце чалавека, — гаварыла яна. — Сацыяльная служба сумесна з зацікаўленымі арганізацыямі пастаянна працуе над тым, каб паляпшаць якасць жыцця пажылых людзей. Садзей­ні­чаюць гэтаму і ад­дзяленні дзённага знаходжання. Тут ёсць неабходнае абсталяванне (масажоры, трэнажоры, палкі для скандынаўскай хадзьбы) і многае іншае для заняткаў спортам. Працуюць гурткі, у якіх можна не толькі цікава правесці час, але і атрымаць навыкі вязання, саломкапляцення, вышывання, спасцігнуць кулінарныя сакрэты. Кампетэнтны персанал, чулыя адносіны, прафесійны догляд дапамагаюць весці актыўнае жыццё. Добраму настрою, назапашванню душэўных і фізічных сіл спрыяюць таксама сустрэчы з равеснікамі і цікавымі людзьмі раёна, якія тут рэгулярна ладзяцца. Распрацаваны шматлікія праекты.

Дэгустацыя малочнай прадукцыі.
Дэгустацыя малочнай прадукцыі.

Затым слова ўзяла галоўны ўрач райЦГЭ Святлана Анатольеўна Рассеева. Яна спынілася на фактарах, якія садзейнічаюць старэнню арганізма, расказала пра метады ўмацавання імунітэту, спосабы пазбегнуць стрэсаў, якія аказваюць негатыўны ўплыў на псіхіку чалавека. З цікавасцю слухалі прысутныя выступленне ўрача-герыятра цэнтральнай раённай бальніцы Ганны Бурко, якая гаварыла пра магчымасці запавольвання старэння, шкоду лішняй вагі, рацыён пажылога чалавека. Вядучая сустрэчы Алеся ­Гур’ева падрыхтавала прэзентацыю пра правільнае харчаванне і прафілактыку захворванняў апорна-рухальнага апарату. 

На мерапрыемстве прысутнічалі прадстаўнікі малочнага завода. Намеснік дырэктара па камерцыйных пытаннях Аляксандр Танана прэзентаваў прадукцыю, якую выпускае прадпрыемства, адказаў на пытанні прысутных. Спецыяліст па маркетынгу Наталля Гушча прапаноўвала прадэгуставаць і ацаніць малако, смятану, сыры, іншыя малочныя вырабы.

Тэкст і фота Анны АНІШКЕВІЧ.