“Я проста хацела быць у цэнтры ўвагі…”

Общество

kid1

Так 14-гадовая дзяўчынка патлумачыла членам камісіі па справах непаўналетніх, навошта яна ўкрала грошы. Такога ўчынку ад яе ніхто не чакаў. Сям’я добранадзейная, ды і саму дзяўчынку ўсе характарызуюць толькі з лепшага боку. Проста ў нейкі момант ёй падалося, што бацькі сталі любіць яе крыху менш за астатніх дзяцей у сям’і.

Гэта надзвычай яркі прыклад, як пабудавана дзіцячая псіхалогія. Кожнаму маленькаму хлопчыку і дзяўчынцы проста неабходна штодня адчуваць бацькоўскія клопат і любоў. Аднак нават у прыкладных сем’ях час ад часу можа ўзнікнуць дэфіцыт пачуццяў, а што ўжо гаварыць пра тыя, дзе пануе алкаголь.

Пасяджэнне камісіі па справах непаўналетніх — як галерэя скалечаных дзіцячых лёсаў. Бацькоўская абыякавасць штурхае дзяцей на неабдуманыя і часцей за ўсё незаконныя ўчынкі. Так, пакуль дзве жанчыны разам “адпачывалі”, іх 7- і 10-гадовыя сыны пры дапамозе металічнага лома сарвалі тры навясныя замкі з суседняга дома. Для іх гэта была проста забава, а па факце — адміністрацыйнае правапарушэнне.

Пасля смерці мужа жанчына адна выхоўвае траіх дзяцей. Каб фінансава яе падтрымаць, раённыя службы ў свой час пайшлі на беспрэцэдэнтны крок — у судовым парадку дапамаглі ўстанавіць бацькоўства дзяцей з тым, каб яна магла атрымліваць пенсію па страце карміцеля. Гэта добры дадатак да зарплаты, якую тая атрымлівае ў сельгаспрадпрыемстве, дзе працуе. І ўсё было б добра… Але ў нейкі момант з-за свайго тэмпераменту жанчына пасварылася з начальнікам і вырашыла, што на работу пакуль хадзіць не будзе. Прытым яе зусім не непакоіць той факт, што дом, у якім жыве разам са сваімі дзецьмі, належыць гаспадарцы, і калі зноў не выйдзе туды на работу, то можа застацца на вуліцы. Гледзячы на сваю маці, адхіленні ў паводзінах дэманструе і яе старэйшая дачка. Яна прапусціла 58 вучэбных дзён у школе, з іх 30 — без уважлівай прычыны. Зрэшты, у маці дзяўчынкі ёсць на тое тлумачэнне: “Дачка адсутнічала на ўроках, таму што ёй трэба было пагуляць”. Вось такое выхаванне…    

Своеасаблівы погляд на выкананне бацькоўскіх абавязкаў і яшчэ ў адной сям’і. Ён — жывёлавод, яна — у водпуску па доглядзе дзіцяці. Атрымалі грашовую дапамогу, траіх дзетак адправілі да свекрыві і з размахам (на працягу тыдня) адзначалі гэту “падзею”. Калі члены камісіі па справах непаўналетніх завіталі з праверкай, іх сустрэла сумная карціна: халодная непрыбраная хата з гарой пустых бутэлек. Гора-бацькам далі час на выпраўленне, і яны, трэба адзначыць, скарысталіся шансам. Не п’юць, навялі парадак, гадуюць дзяцей.

Надзвычай важна, каб дарослыя, нават сышоўшы аднойчы з правільнага шляху, вярталіся на яго своечасова, пакуль яшчэ не страцілі аўтарытэт у сваіх дзяцей і могуць уплываць на іх выхаванне. У адваротным выпадку бывае позна, і ў цэнтры ўвагі камісіі па справах непаўналетніх аказваюцца ўжо не бацькі, а дзеці. З 52 матэрыялаў, разгледжаных на яе пасяджэннях з пачатку бягучага года, 20 — у адносінах да непаўналетніх. І ў асноўным гэта адміністрацыйныя справы па прычыне п’янства.

Для даведкі. На 1 красавіка 2017 года ў раёне: 158 дзяцей (з 79-ці сем’яў) знахо­дзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы; 39 дзяцей — на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх, 32 — у нарколага; 6 дзяцей (з 4-х сем’яў) змясцілі на дзяржаўнае ўтрыманне.

  Людміла ЗЕЛЯНКЕВІЧ.