З прыбаўкай


Ніна Міхайлаўна Смалякова (другая злева) з работнікамі шыркаўскай фермы.
Ніна Міхайлаўна Смалякова (другая злева) з работнікамі шыркаўскай фермы.

На шыркаўскай ферме ААТ “Сцяг Перамогі-агра” ўтрымліваецца больш за тысячу галоў жывёлы, з іх 375 кароў. Пра справы жывёлаводаў карэспандэнту «Пастаўскага краю» Анне Анішкевіч расказвае заатэхнік Ніна Міхайлаўна СМАЛЯКОВА:

— На ферме працуюць восем пастаянных і дзве падменныя даяркі. Найвышэйшых надояў дабіваюцца Ванда Галінь, Святлана Квяткоўская, Лілія Чатовіч, Людміла Буката, Людміла Альшэўская. У мінулым годзе сярэдні надой ад каровы ў групе Ванды Уладзіславаўны склаў 4517 кілаграмаў. За тры месяцы бягучага года яна надаіла больш за 37 тон, што на 9 тон больш, чым за такі перыяд летась. Ад кожнай каровы атрымала ў сярэднім па 800 кілаграмаў малака. Прыбаўка — 196 кілаграмаў. Добры тэмп узяла сёлета і Святлана Квяткоўская. Яе вынік — за тры месяцы амаль 34 тоны малака, пры сярэднім надоі ад каровы 726 кілаграмаў, прыбаўка склала 92 кілаграмы. Сярэдні надой па ферме за сакавік — 624 кілаграмы, на 52 кілаграмы больш, чым за адпаведны перыяд мінулага года. Малако прадаецца ў асноўным вышэйшым сортам.

Асаблівых сакрэтаў павышэння надояў няма. Гэта заканамерны вынік паўся­дзённай карпатлівай працы жывёлаводаў, планамернай і мэтанакіраванай — кіраўніцтва і спецыялістаў гаспадаркі па павышэнні прадукцыйнасці дойнага статка, умацаванні кармавой базы.

Немалаважны фактар — своечасовае пакрыццё кароў. Адказны за гэты ўчастак — ветурач райплемстанцыі Віталій Цімчышын. Больш за 250 кароў ужо расцяліліся. Сярэднядзённы надой ад кожнай — 12 кілаграмаў. Дзяржаве штодня прадаём 3500 кілаграмаў. У параўнанні з сакавіком мінулага года на 50 галоў больш атрымалі цялят. Яны ўтрымліваюцца ў прафілакторыі, ёсць і спецыяльныя домікі. Доглядам маладняку, пачынаючы з месячнага ўзросту, займаюцца Ірына і Аляксандр Кульба. Групы цялушак на дарошчванні замацаваны за Славамірам Пажысам і Дзмітрыем Цяльпанавым.

Апошнім часам не ствараем груп раздою. Маладых цялушак уводзім у асноўныя групы па меры неабходнасці замены старых або хворых кароў. Кожная даярка раздойвае сама. Не так даўно кармушкі замянілі на кармасталы. Сянаж, сілас развозіцца кормараздатчыкам, на  якім працуюць Сяргей Кірэеў і Алег Казырскі. Яны на працягу дня, ад дойкі да дойкі, сочаць за парадкам на ферме. За бесперабойную работу даільнага абсталявання да нядаўняга часу адказваў Багдан Чатовіч. Цяпер ён на пасяўной, а яго абавязкі выконвае Сяргей Шаламаў. Выдаленне і вываз гною — клопат Пятра Бальшакова. Кіруе жывёлаводамі загадчыца Алена Эдуардаўна Далгапятая. Даяркі ў асноўным са стажам, вопытныя. Варта адзначыць і маладую Вераніку Дзмітрыеву.

Кармоў хапае. Па меры магчымасці завозяцца камбікорм, дабаўкі. Рыхтуемся да выгану жывёлы на пашу. З вясны да восені яна на кругласутачнай пасьбе. Летась першыя гурты вывелі ў поле 28 красавіка. Калі трава вырасце, то не прамарудзім і сёлета. Праўда, ёсць праблема з пастухамі. Часам набіраем іх нават з ліку гараджан.

Фота Сяргея ГЕРАСІМЕНКІ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.