З пяццю дыпломамі

Личности

icon

З 23 па 25 сакавіка ў сталічнай гімназіі-каледжы мастацтваў імя І. А. Ахрэмчыка праходзіў V Рэспубліканскі фестываль-конкурс выканаўцаў на цымбалах “Перазвоны”. Ён сабраў з усёй Беларусі юных музыкантаў з дзіцячых школ мастацтваў, гімназій, ліцэяў і агульнаадукацыйных школ, у якіх рэалізуецца музычная накіраванасць.

Сярод 80 удзельнікаў, якія спаборнічалі ў дзвюх намінацыях: “Саліст” і “Малыя ансамблі” (дуэт, трыа) — былі і дзве прадстаўніцы Пастаўскай дзіцячай школы мастацтваў імя А. Тызенгаўза — Александрыя Хромава і Валерыя Патрушава. Дзяўчынкі выступалі як салісты ў самай вялікай па колькасці канкурсантаў малодшай узроставай групе. І хоць сапернікаў у ёй налічвалася больш за чатыры дзясяткі, не згубіліся ў агульнай масе. Больш за тое, Александрыя Хромава настолькі бліскуча выканала сваю конкурсную праграму з трох твораў, што журы аднагалосна аддало ёй перамогу. Акрамя дыплома лаўрэата першай ступені, Саша атрымала яшчэ адзін — за найлепшае выкананне абавязковага твора. Дыпломамі фестывалю-конкурсу адзначаны таксама Валерыя Патрушава, педагог дзяўчынак Г. Э. Барысюк і канцэртмайстар К. Б. Мейшутовіч, якая суправаджала іх выступленні за раялем.

Алена ШАПАВАЛАВА.