За паўкрока да фіналу

Личности

sm

Завяршыўся абласны этап рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь-2017”. У ліку іншых пераможцаў спаборніцтва ад раёнаў і гарадоў Віцебшчыны ўдзел у ім прымалі чацвёра пастаўчан — Ю. А. Ракель, Н. В. Балобан, А. В. Пашкевіч і І. С. Казак. Але пасля завочнага тура конкурсу, у якім ­удзельнікі прадстаўлялі ўласныя прэзентацыю, відэаўрок, апісанне вопыту педагагічнай дзейнасці і план правядзення майстар-класа, далей змагла прайсці толькі Юлія Аляксандраўна Ракель. Па выніках вочнага тура — ён уключаў у сябе прадметнае тэсціраванне, правядзенне адкрытага ўрока ў незнаёмым класе і майстар-класа з дарослай аўдыторыяй — наша зямлячка заняла чацвёртае месца сярод шасці паўфіналістаў — настаўнікаў замежных моў. Для таго, каб трапіць у фінал конкурсу, ёй не хапіла літаральна паўбала.

Узнагароджванне пераможцаў адбылося 24 сакавіка ў Віцебскім абласным інстытуце развіцця адукацыі, куды былі запрошаны ўсе канкурсанты. Пад апладысменты прысутных Ю. А. Ракель, якая выкладае англійскую мову ў СШ №5, уручылі дыплом удзельніка паўфіналу абласнога этапа спаборніцтва. Астатнія пастаўчанкі атрымалі дыпломы ўдзельнікаў.

Алена ШАПАВАЛАВА.