Закружыў “Вясенні баль” (+фота)


IMG_0948

19 красавіка жыхары аграгарадка Навасёлкі і яго госці акунуліся ў атмасферу XVIII стагоддзя. Тут прайшоў “Вясенні баль”, арганізаваны работнікамі мясцовага Цэнтра культуры.

Ужо з парога ўсе, хто ўваходзіў у будынак, пераносіліся ў часы, калі дамы насілі пышныя крыналіны і мудрагелістыя прычоскі, карысталіся веерамі і захапляліся паэзіяй і рамансамі. Кавалеры былі надзвычай галантнымі ў абыходжанні з дамамі, з юнацтва стараліся не згубіць свае гонар і годнасць і маглі выклікаць саперніка або крыўдзіцеля на дуэль. Антураж таго часу стварала і ўрачыста ўбраная бальная зала з некалькімі крыніцамі святла, адной з якіх былі свечкі ў кандэлябры. Сустракалі гасцей вядучыя балю — дырэктар Навасёлкаўскага Цэнтра культуры Надзея Рамановіч і мастацкі кіраўнік Анастасія Пашкова.

Перш чым аб’явіць велічны марш — паланэз, з якога заўсёды пачыналіся свецкія танцавальныя вечары, яны расказалі прысутным гісторыю ўзнікнення баляў. Аказваецца, бальны танец з’явіўся ў XІV стагоддзі ў Італіі, затым “перабраўся” ў Францыю, а адтуль пры Пятры І — у Расію. Указам расійскага цара бальныя танцы былі нават уключаны ў якасці абавязковага прадмета ў праграму многіх навучальных устаноў.

Па свецкіх правілах, вядучыя прадставілі ўсіх удзельнікаў балю, на які прыбылі 19 пар, у тым ліку тры — з Дунілавіч, а таксама ганаровых гасцей. Іх ролю выконвалі члены журы ў асобе намесніка дырэктара па ідэалагічнай рабоце ААТ “Навасёлкі-Лучай” С. Г. Шапеля, дырэктара Навасёлкаўскага філіяла Варапаеўскай дзіцячай школы мастацтваў А. М. Салавей і выкладчыка А. П. Шапель, старшыні Навасёлкаўскага сельскага Савета К. Э. Мядзведзева і намесні­ка дырэктара па выхаваўчай рабоце мясцовай сярэдняй школы Л. Я. Міхалевіч. Ім у канцы вечара неабходна было вызначыць пераможцаў у 9 намінацыях. Яшчэ двух уладальнікаў прыза глядацкіх сімпатый (юнака і дзяўчыну) вызначалі прысутныя ў зале.

Асаблівасцю гэтага балю стала тое, што на працягу вечара кавалеры пастаянна абменьваліся ў танцах дамамі. А танцавалі ўдзельнікі польку ўтраіх, па-дэ-грас, па-дэ-труа, “Лодачкі”, бер­лінскую польку, кадрылю, бельгійскі танец, розныя віды вальса: іспанскі, па крузе, фігурны — у асучасненым музычным суправаджэнні. Як і калісьці на балях, прагучалі некалькі рамансаў. Іх выканалі работніцы Цэнтра культуры і Дар’я Лібоза. Былі таксама бальныя гульні, у прыватнасці “Ручаёк” і “Кацільён з кветкай”.

А наколькі добра ўдзельнікі балю ведаюць правілы этыкету? Гэта праверылі Н. Рамановіч і А. Пашкова. Ім трэба было адказаць на пытанні вядучых, якія аксесуары былі абавязковымі для дзяўчат на балі, хто ў Расіі ўвёў моду на балі і як раней яны называліся, у якім выпадку танец з адным з кавалераў лічыцца какецтвам самага кепскага тону, як правільна запрасіць дзяўчыну на танец, як павінен паводзіць сябе кавалер пасля яго заканчэння і іншыя.

Тым часам члены журы ўлічвалі правільнасць адказаў, вызначаючы самых інтэлектуальных юнака і дзяўчыну.

— Сёння ў наш аграгарадок па-сапраўднаму прыйшла вясна, — адзначыў у канцы мерапрыемства старшыня Навасёлкаўскага сельскага Савета К. Э. Мядз­ведзеў. — Яна завітала разам з маладымі людзьмі, якіх мы добра ведаем, але на гэты раз убачылі зусім з іншага боку — такімі адкрытымі, прыгожымі, адухоўленымі.

Канстанцін Эдуардавіч падзякаваў усім удзельнікам балю, а таксама тым, хто падрыхтаваў іх і само свята: бацькам, работнікам Цэнтра культуры і школы мастацтваў. А затым перадаў слова дырэктару Навасёлкаўскага філіяла Варапаеўскай ДШМ А. М. Салавей, якая назвала пераможцаў у намінацыях і ўручыла ім дыпломы. Так, найлепшымі юнымі ўдзельнікамі прызнаны Арцём Залатускі і Вікторыя Мацур, самымі вясёлымі — Сцяпан Лібоза і Марыя Лібоза, актыўнымі — Аляксандр Шаура і Таццяна Вішнеўская, грацыёзнымі — Максім Сіняк і Паліна Бугай, арыгінальнымі — Алег Пяткевіч і Вікторыя Буяліч, рамантычнымі — Ілья Лешчык і Дар’я Лібоза, танцуючымі — Аляксандр Забаўскі і Дзіяна Лібоза, інтэлектуальнымі — Аляксей Жахоўскі і Яўгенія Лешчык. Аляксей атрымаў таксама тытул Містар Вясна, а Міс Вясна стала Кацярына Казенка. Прыз глядацкіх сімпатый дастаўся Сцяпану Лібозу і Па­ліне Бугай.

Алена ШАПАВАЛАВА.

Фота аўтара.

no images were found