“Залатое пяро” — у кожнай намінацыі

Общество

Пераможцы і прызёры раённага этапа конкурсу Вера Жаўнярук, Паліна Касарэўская, Наталля Таран і Анастасія Купрэвіч.
Пераможцы і прызёры раённага этапа конкурсу Вера Жаўнярук, Паліна Касарэўская, Наталля Таран і Анастасія Купрэвіч.

На гэтым жа мерапрыемстве ўшанаваны пераможцы і прызёры раённага этапа рэспубліканскага конкурсу сярод вучнёўскай і рабочай моладзі “Залатое пяро “Белай Русі-2017”, які праводзіць РГА “Белая Русь” пры падтрымцы Міністэрстваў адукацыі і інфармацыі. Вынікі раённага этапа былі падведзены да 1 красавіка. Работ паступіла няшмат, але ў кожнай з чатырох намінацый. А гэта “Журналістыка ХХІ стагоддзя”, “Беларусь вачыма дзяцей”, “Сямейны альбом”, “Твой погляд”.

Самая малодшая ўдзельніца конкурсу — шасцікласніца СШ №2 Анастасія Купрэвіч. Яе сачыненню “Мае Паставы” (намінацыя “Беларусь вачыма дзяцей”) прысуджана трэцяе месца. Дзяўчынка ўзгадвае гісторыю роднага горада, расказвае пра знакамітых людзей, помнікі архітэктуры, паказвае прыгажосць Пастаў, запрашае на Міжнародны фестываль народнай музыкі “Звіняць цымбалы і гармонік”, у чароўную сядзібу Дзеда Бая ў Азёрках.

Аўтар яшчэ аднаго сачынення ў гэтай жа намінацыі — вучаніца 10 класа СШ №4 Вера Жаўнярук  (другое месца) — паказала ў сваім творы, якой бачыць Беларусь маладое пакаленне ХХІ стагоддзя. І зрабіла гэта не толькі грунтоўна, але і вельмі вобразна. А завяршыла сачыненне такімі словамі: “Куды б вас ні закінуў лёс, дзе б вы ні былі, што б ні рабілі, любіце сваю Радзіму. Яна ў вас адна, гэтак жа, як і мама”.

Уразіла сачыненне дзесяці­класніцы СШ №5 Паліны Касарэўскай “Гісторыя, якую расказаў стары фотаздымак” (першае месца). Перабіраючы старыя рэчы на гарышчы бабулінага дома, дзяўчынка ўбачыла фота­здымак старасвецкага і вельмі прыгожага палаца Тызенгаўзаў. І ў яе думках ажыла яго гісторыя, пра якую Паліна і расказала вельмі маляўніча. “Магія мінулага майго горада напаўняе мяне шчасцем, нясе эстэтычнае задавальненне і гонар за малую ра­дзіму. А гэта значыць, што трэба берагчы і захоўваць усё, што пакінулі нам продкі, бо менавіта мы адказваем за тое, якой будзе наша Беларусь заўтра”, — заключыла дзяўчына.

Нельга не ўзгадаць і яшчэ дзвюх канкурсантак. Першакурсніца Інстытута журналістыкі БДУ Анжаліка Кудрашова  выбрала намінацыю “Журналістыка ХХІ стагоддзя” і прадставіла эсэ “Сучасныя СМІ, якія яны?”. Адны аддаюць перавагу друкаваным выданням, другія гарой стаяць за veb-журналістыку, трэціх найбольш прыцягваюць аўдыявізуальныя СМІ. Але ўявіць сучаснае жыццё без патокаў інфармацыі немагчыма. Пра гэта і разважала Анжаліка.

Пастаўчанка Наталля Таран паступіла на вучобу ў Маскву, ва Усесаюзны дзяржаўны інстытут кінематаграфіі. Яна, будучы рэжысёр, зняла цікавы відэаролік “Твой погляд” пра цяперашняе маладое пакаленне.

Варта назваць і навучэнку Пастаўскага дзяржаўнага каледжа Вікторыю Дзевятоўскую. Яна не ўдзельнічала ў конкурсе “Залатое пяро “Белай Русі-2017”, а заняла другое месца ў рэспубліканскім завочным конкурсе літаратурных работ “Пасланне настаўніку” і таксама была адзначана на свяце.

Ну, а што да “Залатога пяра”, то ўсе названыя вышэй аўтары адзначаны дыпломамі, грашовымі прэміямі і памятнымі падарункамі раённай арганізацыі рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Белая Русь”, а іх работы адпраўлены для ўдзелу ў абласным этапе конкурсу. Пажадаем удачы!

Фаіна КАСАТКІНА, старшыня журы.