Занесены ў кнігу гонару каледжа


1476526801-

Пастаўскі дзяржаўны каледж свой адлік вядзе з 1955 года. Больш чым за 60 гадоў адбылося нямала змен, але засталіся традыцыі і павага да людзей, якія тут працавалі і ўнеслі вялікі ўклад у поспехі і дасягненні навучальнай установы. У пачатку года на педагагічным савеце было прынята рашэнне стварыць Кнігу гонару каледжа.  Нядаўна  прайшло мерапрыемства, на якое запрасілі ветэранаў, а каго няма ў жывых — іх родных, каб ва ўрачыстай абстаноўцы ўручыць сертыфікаты аб занясенні прозвішчаў у Кнігу гонару.

ШЫДЛОЎСКІ Часлаў Сцяпанавіч.
ШЫДЛОЎСКІ Часлаў Сцяпанавіч.

Пастаўскаму каледжу прысвяціў 47 гадоў. Пачынаў выкладчыкам спецыяльных дысцыплін, быў намеснікам дырэктара па вытворчай рабоце. Удастоены ганаровага звання “Выдатнік прафтэхадукацыі СССР”.

 

ШЭВЕЛЕЎ Аляксандр Фёдаравіч.
ШЭВЕЛЕЎ Аляксандр Фёдаравіч.

У СПТВ №2  з 1967 г. Працаваў майстрам вытворчага навучання, намеснікам дырэктара па вучэбна-вытворчай рабоце, дырэктарам. Узнагароджаны бронзавым медалём “За дасягнутыя поспехі ў развіцці народнай гаспадаркі”, юбілейным медалём “За доблесную працу. У азнаменаванне 100-годдзя з дня нараджэння У. І. Леніна”, мае званне “Выдатнік прафтэхадукацыі СССР”.

 

ЖАЎРЫД Эдуард Сцяпанавіч.
ЖАЎРЫД Эдуард Сцяпанавіч.

У 1960 г. прызначаны намеснікам дырэктара, з 1962-га па 1984-ы — дырэктарам. За гэты час было шмат зроблена па ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы. Узнагароджаны нагрудным знакам “Выдатнік прафтэхадукацыі БССР”, юбі­лейным медалём “За доблесную працу. У азнаменаванне 100-годдзя з дня нараджэння У. І. Леніна”,  прысвоена званне “Заслужаны работнік прафтэхадукацыі БССР”.

БУЧАЛЬ Валянціна Мікалаеўна.
БУЧАЛЬ Валянціна Мікалаеўна.

Стаж работы — 41 год. З 1982-га па 1998-ы — намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце. Зарэкамендавала сябе ініцыятыўным, сумленным работнікам. Шмат увагі надавала выхаваўчай рабоце навучэнцаў. Узнагароджана ордэнам “Знак Пашаны”, юбілейным медалём “За доблесную працу. У азнаменаванне 100-годдзя з дня нараджэння У. І. Леніна”.

ТУРЛА Мікалай Віктаравіч.
ТУРЛА Мікалай Віктаравіч.

З 1963-га па 1996 год працаваў майстрам вытворчага навучання. Прафесійна навучаў слясарнай справе. Экспанаты, вырабленыя на яго занятках, неаднаразова дэманстраваліся на Выставе дасягненняў народнай гаспадаркі СССР. Узнагароджаны бронзавым медалём ВДНГ.

ІВАНОВА Таццяна Фёдараўна.
ІВАНОВА Таццяна Фёдараўна.

Выкладчык спецдысцыплін з 1956-га па 1988 год. Шмат яе працы ўкладзена за гэты час у падрыхтоўку спецыялістаў для сельскай гаспадаркі. Узнагароджана нагрудным знакам “Выдатнік прафтэхадукацыі БССР”, юбілейным медалём “За доблесную працу. У азнаменаванне 100-годдзя з дня нара­джэння У. І. Леніна”.

ФІЛІПЕНКАЎ Віктар Дзмітрыевіч.
ФІЛІПЕНКАЎ Віктар Дзмітрыевіч.

У СПТВ №2 прыйшоў у 1976 г. выкладчыкам спецыяльных дысцыплін. Працаваў дырэктарам вучэбна-вытворчага камбіната. З 1997-га па 2014 год — намеснік дырэктара па вучэбна-вытворчай рабоце. Узнагаро­джаны нагрудным знакам Мі­ністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь “За заслугі ў развіцці прафтэхадукацыі”, юбілейным медалём “60 гадоў сістэме прафтэхадукацыі», граматай Дзяржаўнага камітэта па прафе­сійна-тэхнічнай адукацыі.

ШЭЙНА Сцяпан Іванавіч.
ШЭЙНА Сцяпан Іванавіч.

З 1956 г. працаваў майстрам вытворчага навучання, з 1960-га па 1983-і — старшым майстрам. Прысвоена званне “Заслужаны майстар прафтэхадукацыі БССР” з уручэннем Ганаровай граматы Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР.

Шчымліва і кранальна

Ветэраны Мікалай Віктаравіч Турла, Валянціна Мікалаеўна Бучаль, Эдуард Сцяпанавіч Жаўрыд, прозвішчы якіх занесены ў Кнігу гонару, родныя Часлава Сцяпанавіча Шыдлоўскага і Віктара Дзмітрыевіча Філіпенкава з кіраўніцтвам каледжа і старшынёй раённага савета ветэранаў Г. Ф. Літвіновіч ля Кнігі гонару.
Ветэраны Мікалай Віктаравіч Турла, Валянціна Мікалаеўна Бучаль, Эдуард Сцяпанавіч Жаўрыд, прозвішчы якіх занесены ў Кнігу гонару, родныя Часлава Сцяпанавіча Шыдлоўскага і Віктара Дзмітрыевіча Філіпенкава з кіраўніцтвам каледжа і старшынёй раённага савета ветэранаў Г. Ф. Літвіновіч ля Кнігі гонару.

Спачатку ўвазе прысутных быў прапанаваны фільм пра гісторыю навучальнай установы. Затым з прывітальным словам звярнуўся яе дырэктар М. М. Лысёнак

— Сёння асаблівы дзень, — гаварыў Мікалай Мікалаевіч. — У Кнігу гонару каледжа запісаны прозвішчы васьмі нашых ветэранаў. Менавіта яны ўнеслі найбольш важкі ўклад у станаўленне ўстановы за 60 гадоў яе існавання. Працавалі ў няпросты час: не было адпаведнай базы, вытворчых памяшканняў, але мелі жаданне, энтузіязм. Рамеснае вучылішча № 2, датай заснавання якога лічыцца 1955 год, неаднойчы рэфармавалася, развівалася і цяпер мае статус дзяржаўнага каледжа. У музеі ўстановы сабраны памятныя і дарагія экспанаты.

Дырэктар запрасіў ганаровых гасцей атрымаць сертыфікаты аб занясенні прозвішчаў у Кнігу гонару каледжа.

Не хавалі эмоцый Э. С. Жаўрыд, М. В. Турла, В. М. Бучаль. «Дзякуй кіраўніцтву за такую ўвагу, — гаварыла Валянціна Мікалаеўна Бучаль. — Маладыя, ды мудрыя. З многімі давялося папрацаваць. Хоць я на заслужаным адпачынку, але пільна сачу за падзеямі, якія тут адбываюцца. Прыходжу сюды, як у родны дом. Ганаруся дасягненнямі. Светлая памяць тым, хто адышоў у свет іншы».

А сярод іх Сцяпан Іванавіч Шэйна, Аляксандр Фёдаравіч Шэвелеў, Віктар Дзмітрыевіч Філіпенкаў, Часлаў Сцяпанавіч Шыдлоўскі. На мерапрыемства запрасілі іх родных. Прыйшлі жонка і дачка В. Д. Філіпенкава, дачка, зяць і ўнучка Ч. С. Шыдлоўскага.

— Дзякуй за памяць пра дарагіх нам людзей, — гаварылі яны. — Гэта так кранальна і шчымліва. 

Кніга гонару будзе папаўняцца. У кожнага, хто сёння працуе ў каледжы, ёсць магчымасць у яе трапіць. Патрэбны толькі самааддача і старанне ў рабоце.

Завяршылася сустрэча невялікім канцэртам, які падрыхтавалі навучэнцы і педагогі каледжа.  

Анна Анішкевіч.