Абмеркавалі будучыню сферы працы

Общество

900_900_all_21

У канцы красавіка ў Мінску праходзіў Міжнародны форум “Прафсаюзы і будучыня сферы працы”. Яго арганізатары — Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі і Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь. На форуме прысутнічалі больш за 100 журналістаў краіны, у тым ліку і аўтар гэтых радкоў.

На мерапрыемства прыехалі прадстаўнікі 30 дзяржаў, сярод якіх эксперты ў галіне права, кіраўнікі і прадстаўнікі міжнародных прафсаюзных арганізацый з Азербайджана, Бразіліі, Ізраіля, Іспаніі, Казахстана, Кубы, Кітая, Латвіі, Францыі, Расіі, Чэхіі, Эстоніі і іншых. У кожнай краіны свой вопыт працоўных узаемаадносін паміж наймальнікамі і работнікамі. На форум былі запрошаны члены Урада Беларусі, кіраўнікі галіновых прафсаюзаў Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, старшыні пярвічных прафсаюзных арганізацый буйнейшых прадпрыемстваў і ўстаноў краіны, прадстаўнікі навуковых колаў, аб’яднанняў працадаўцаў і дыпламатычнага корпуса.

Асноўная тэма для абмеркавання — трансфармацыя на рынку працы. Пра гэта і гаварылі ў сваіх выступленнях міністр працы і сацыяльнай абароны Беларусі Ірына Касцяневіч, намеснік старшыні Саюза некамерцыйных арганізацый “Канфедэрацыя прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў (наймальнікаў) Беларусі” Віктар Цімафееў, намеснік генеральнага  сакратара Усе­агульнай канфедэрацыі прафсаюзаў Альберт Патапаў і іншыя.

— У эканоміцы краіны сёння адбываюцца працэсы мадэрнізацыі, робатызацыі, інфарматызацыі, — гаварыў старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаіл Орда, — якія, акрамя несумненных плюсаў, уносяць і пэўныя мінусы ў рынак працы. Паводле прагнозаў экспертаў, зусім хутка некаторыя прафесіі могуць проста знікнуць. Ужо сёння на вытворчасці чалавека часта замяняюць аўтаматыка і робаты. З паскарэннем тэхналагічнага прагрэсу з’яўляюцца новыя спецыяльнасці, якія “не прывязваюць” чалавека да працоўнага месца: яно — дзе хочаш, галоўнае — доступ у інтэрнэт. Прафсаюзы па-ранейшаму будуць трымаць на кантролі пытанні абароны працоўных і сацыяльных гарантый. Гэта работа вядзецца пастаянна. Так, у мінулым годзе ФПБ ініцыявала ўвядзенне страхавання па беспрацоўі і распрацоўку механізму кампенсацыі заработку працаўнікоў у выпадку неплацежаздольнасці наймальніка. Акрамя таго, прафсаюзы настойваюць на тым, каб наймальнікі ўключалі ў калектыўныя дагаворы нормы па абавязковым перанавучанні і павышэнні кваліфікацыі работнікаў на працягу ўсёй працоўнай дзейнасці. Гэта будзе садзейнічаць павышэнню прадукцыйнасці працы. А ўсе меры ў комплексе забяспечаць больш устойлівае становішча на рынку працы.

Падчас форуму адбылася сустрэча журналістаў з міністрам інфармацыі Ліліяй Ананіч і старшынёй Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаілам Ордам, якія расказалі пра планы работы на перспектыву, а таксама падзякавалі журналі­стам за плённую працу па асвятленні прафсаюзнага жыцця ў сваіх рэгіёнах. 10 аўтараў лепшых артыкулаў і сюжэтаў пра прафсаюзы атрымалі Ганаровыя граматы Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь і Падзякі ФПБ.

На другі дзень журналістаў запрасілі на кандытарскую фабрыку “Камунарка”. Нас шчыра прымалі работнікі прадпрыемства і асабіста  генеральны дырэктар Іван Данчанка. Ён расказаў пра фабрыку, этапы яе развіцця, мадэрнізацыю, новыя тэхналогіі і лініі, звярнуў увагу на прынцыпы кіравання персаналам і сацыяльную абарону работнікаў, перападрыхтоўку кадраў. На “Камунарцы” працуюць 1656 чалавек. 75 працэнтаў з іх — жанчыны. Прадпрыемства мае развіты калектыўны дагавор, якім прадугледжана цэлая сістэма льгот і дадатковых выплат з розных нагод.

Перад журналістамі выступіў старшыня Рэспубліканскага камі­тэта Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Мікалай Лабушаў. Ён расказаў пра праблемы, якія перажывае сёння аграпрамысловы комплекс краіны, ролю прафсаюза ў падтрымцы работнікаў сельгаспрадпрыемстваў. Затым была экскурсія па цэхах “Камунаркі”. Мы назіралі за працэсам вырабу прадукцыі, мелі магчымасць яе прадэгуставаць.

Анна АНІШКЕВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.