Апошні званок для дарослых

Общество

4,2

Учора на ўрачыстую лінейку, прысвечаную заканчэнню навучальнага года, сабраліся і наведвальнікі цэнтра навучання і развіцця Дунілавіцкага псіханеўралагічнага дома-інтэрната для састарэлых і інвалідаў.

Скласці 2+2 і асвоіць камп’ютар

“Ма-ма”, — чытае па складах 33-гадовая Маша Бондар і не зусім разумее значэнне гэтага слова. Яна не спазнала цяпла і ласкі той, якая яе нарадзіла — ад дзяўчынкі маці адмовілася яшчэ ў раддоме. Немаўлятка змясцілі ў Дом малюткі, калі падрасла — у Багушэўскі дом-інтэрнат для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Тры гады Маша жыве ў Дунілавіцкім доме-інтэрнаце. Разам з яшчэ 10 яго пастаяльцамі яна 1 верасня мінулага года села за парту ў цэнтры навучання і развіцця, які адкрыўся летась пры падтрымцы міжнароднага грамадскага аб’яднання “Голас сэрца”.

Урокі ў цэнтры зусім непадобныя на тыя, якія праходзяць у звычайнай школе. На матэматыцы вучаць карыстацца вагамі, змяраць свае рост і вагу, разбірацца ў грашовых знаках, рабіць пакупкі.

— Нашы вучні — рознага ўзросту і ўзроўню развіцця, у кожнага з іх свая гісторыя і свой складаны лёс, — расказвала настаўніца, яна ж псіхолаг, Кацярына Стаброўская. — Напрыклад, Сяргею Юркойцю — 23, а Віктару Муху — 50. Яны, а таксама Вольга Фамінова, Антон Піваварунас, Вікторыя Малалетняя, Аляксандр Быдзан у свой час закончылі школу або нават прафтэхвучылішча, а потым жыццёвыя абставіны склаліся так, што яны апынуліся ў нашым доме-інтэрнаце. Нягледзячы на захворванне, імкнуцца быць актыўнымі, займаюцца ў гуртках мастацкай самадзейнасці, спортам. У іх асаблівую цікавасць выклікалі заняткі па гісторыі, геаграфіі.  Хутка асвоілі і камп’ютар. Шкада, што ён у нас адзін. Таму займаюцца па чарзе. Сяргей Крукоўскі захапляецца матэматыкай і мае па гэтым прадмеце пэўныя поспехі. Віктар Муха разбіраецца ў тэхніцы. Ну, а для Машы Бондар дасягненнем стала ўменне чытаць па складах і ведаць, колькі будзе 2+2.

Самастойнаць у быце

Разабрацца ў сваіх пачуццях, кантраляваць паводзіны і эмоцыі ў розных жыццёвых сітуацыях дапамагалі ўрокі, прысвечаныя вывучэнню эмацыянальнага свету чалавека. Найбольш жа карысці, на думку псіхолага, навучэнцам прынеслі такія прадметы, як “Самастойнасць у быце”, “Арганізацыя працоўнай дзейнасці”. Людзі з некаторай інтэлектуальнай недастатковасцю навучыліся галоўнаму — больш свабодна сябе адчуваць у зносінах з іншымі, расшырылі свой кругагляд, атрымалі новыя працоўныя навыкі. На адных уроках яны вучыліся пячы бліны і пірагі, рабіць салаты, гатаваць іншыя простыя стравы, на іншых запаміналі гарады Беларусі, сімволіку краіны, з захапленнем малявалі, займаліся спортам, дапамагалі ў падсобнай гаспадарцы або выконвалі некаторыя сталярныя работы.

— Тое, што ўсім нам вядома, для нашых пастаяльцаў — не заўсёды зразумела, — расказваў дырэктар дома-інтэрната Павел Паўловіч. — Таму вельмі добра, што ў краіне рэалізуецца праект міжнароднага грамадскага аб’яднання  “Голас сэрца”, які мае назву “Беларусь на шляху дэінстытуалізацыі. Стварэнне адукацыйнай прасторы для людзей (18+) з інтэлектуальнымі захворваннямі”. Праект адобраны Міністэрствам замежных спраў Рэспублікі Беларусь, узгоднены з Міністэрствамі аховы здароўя і адукацыі, абласнымі камітэтамі па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, іншымі дзяржаўнымі органамі. Школьны кабінет адпаведна абсталяваны. Камп’ютар, мэбля, сшыткі, наглядныя дапаможнікі прадастаўлены ў рамках гэтага супрацоўніцтва. Заняткі праводзяцца ў розных формах. Навучэнцам падабаюцца відэаэкскурсіі, мультымедыйныя прэзентацыі. Пасля іх прагляду яны актыўна абмяркоўваюць убачанае, а таксама розныя падзеі.

На шляху да дзеяздольнасці

Мэта праекта — сацыяльная адаптацыя, магчымасць навучыць людзей з нязначнымі псіхафізічнымі парушэннямі і ўмеранымі ментальнымі абмежаваннямі максімальнай самастойнасці з мінімальным суправаджэннем у грамадстве. Таму да падбору кандыдатаў для вучобы медыкі падыходзілі асабліва ўважліва. Перавагу аддалі найбольш працавітым, уседлівым, мэтанакіраваным. Некалькі чалавек, у каго свайго жадання вучыцца не было, адсеяліся. Былі такія, хто прыходзіў на заняткі без рэкамендацыі спецыялістаў. Слухалі, запаміналі і чымсьці папоўнілі свае мізэрныя дагэтуль веды.

Навучанне арыентавана на жыццёвы вопыт. Вярнуць дзеяздольнасць усім немагчыма, але паспрабаваць можа кожны.  На ўроках разглядаліся розныя жыццёвыя сітуацыі: ад паходу ў магазін ці паліклініку да вырашэння дробных праблем. Хочацца верыць, што з часам хтосьці з сённяшніх навучэнцаў зможа ўладкавацца на работу, пакінуць дом-інтэрнат і жыць аўтаномна. Такое здараецца. Некаторыя вяртаюцца ў сем’і, кагосьці забірае блізкая радня. Працэс доўгі. Спачатку практыкуюцца дамашнія водпускі і аздараўленне, затым, калі ёсць магчымасць, — самастойнае пражыванне.

І свет паглядзець

— Вынікі нашай работы былі вывучаны і прааналізаваны работнікамі міжнароднага грамадскага аб’яднання  “Голас сэрца”, — расказваў П. І. Паўловіч. — Яны адзначылі высокі ўзровень ведаў вучняў і ў знак удзячнасці перадалі цэнтру навучання і развіцця інтэрактыўную дошку, іншыя падарункі.

А яшчэ навучэнцы мараць паехаць куды-небудзь на экскурсію. Для развіцця так важна ўбачыць тое, пра што чулі на ўроках геаграфіі або гісторыі. Але без спонсарскай дапамогі ажыццявіць мары цяжка. Можа, знойдуцца нераўнадушныя, у каго ёсць магчымасць арганізаваць невялікую экскурсію і паказаць людзям, якія далей, чым дом-інтэрнат, не бываюць, маляўнічыя куточкі Бацькаўшчыны. Ад­клікніцеся і зрабіце добры ўчынак — падарыце крыху пазітыўных эмоцый тым, хто абдзелены лёсам.

Тэлефон дома-інтэрната 2-03-43, сайт — ddi.by, адрас электроннай пошты — dom.dunilovich2010@yandex.by

Анна АНІШКЕВІЧ.

Фота з архіва дома-інтэрната.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.