Арыентаваны на выкананне сацыяльнай функцыі

Здравоохранение

3,3

Сёння Віцебскае гандлёва-вытворчае рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства “Фармацыя” — буйнейшая па колькасці кропак дзяржаўная аптэчная сетка на Пастаўшчыне. За апошні час, дзякуючы праца­здольнасці, актыўнасці і згуртаванасці ўсяго калектыву, прадпрыемства дасягнула высокага ўзроўню як у продажы лекавых сродкаў, так і ў абслугоўванні кліентаў. Пра яго далейшыя перспектывы развіцця, існуючыя праблемы і крэатыўны падыход да іх вырашэння карэспандэнту газеты расказала загадчык цэнтральнай аптэкі №87 Пастаўскага раёна першай катэгорыі Жанна Анатольеўна Лагвіненка.

3,1
Ж. А. Лагвіненка.

— Жанна Анатольеўна, колькі гандлёвых кропак сёння ў нашым раёне налічвае дзяржаўная аптэчная сетка?

— Памятаю, калі я толькі прыехала працаваць у раён, а гэта было ў 1978 годзе, то адна аптэка была ў Паставах і пяць — у сельскай мясцовасці. Пазней пачалася хваля рэарганізацыі аптэчнай сістэмы, актыўна сталі адкрывацца кіёскі, якія з цягам часу перавялі ў разрад аптэк розных катэгорый. Сёння на Пастаўшчыне працуюць 4 аптэкі на сяле (у Камаях, Лынтупах, Дунілавічах, Варапаеве) і 5 непасрэдна ў райцэнтры (на плошчы Леніна, пры амбулаторыях у мікрараёнах 5-га і 6-га гарадкоў, на рынку “Беліт” і ў паліклініцы ЦРБ). Плюс трэба ўлічваць рэалізацыю лекавых сродкаў праз медыцынскіх работнікаў на ФАПах, у амбулаторыях і пры бальніцах раёна, а гэта яшчэ дзесьці каля трох дзясяткаў пунктаў.

— А якая сітуацыя з кадрамі?

— Наш калектыў сфарміраваны даўно, усе спецыялісты вопытныя, добра ведаюць сваю справу, тактычныя і камунікабельныя. У свой час у штаце налічвалася 65 чалавек, зараз засталося крыху больш за 40, з іх тры дзясяткі працуюць у цэнтральнай аптэцы.

Правізар Т. К. Казаровец.
Правізар Т. К. Казаровец.

На жаль, сёння правізараў і фармацэўтаў не хапае. Многія ідуць у камерцыю, моладзь імкнецца застацца ў вялікіх гарадах. Мяркуйце самі, з-за недахопу спецыялістаў аптэка ў мікрараёне будаўнікоў не працуе ўжо чацвёрты год. У аграгарадку Парыж былі вымушаны ўвогуле яе закрыць, а памяшканне перадаць Пастаўскай ЦРБ. Хаця да апошняга імкнуліся захаваць, коль­кі гадоў запар ез­дзілі туды працаваць работнікі з Пастаў і Варапаева.

5 гадоў не было спецыяліста ў Лынтупах, таксама закрывалі гэты “прабел” вахтавым метадам. Праўда, з 1 сту­дзеня гэтага года пасля стажыроўкі ў цэнтральнай аптэцы туды прыйшла працаваць маладая дзяўчына. Хутка кадравае пытанне можа паўстаць у Дунілавічах, бо зараз там працуе жанчына, якой ужо за 70. Увогуле, кадравая праблема хвалюе не толькі наш раён, але і ўсю рэспубліку. Проста навучальныя ўстановы краіны ў свой час рыхтавалі недастатковую колькасць спецыялістаў. 

— Але пры ўсіх цяжкасцях на дасягнутым не спыняецеся…

— Калі вы маеце на ўвазе абнаўленне гандлёвых кропак і адкрыццё новых, то можна і так сказаць. Хутка атрымаем ліцэнзію на гандаль таварамі аптэчнага асартыменту на тэрыторыі АДРАЦ “Ветразь”, памяшканне ўжо абуладкавана. Яшчэ адна кропка (на Камсамольскай плошчы) таксама поўнасцю гатовая да адкрыцця, пакуль чакаем ліцэнзію, вырашаем кадравае пытанне. У самы бліжэйшы час прыступім да рамонту аптэкі на рынку “Беліт”, яна стане большай па плошчы, арганізуем два працоўныя месцы замест цяперашняга аднаго.

З ужо здзейсненых задумак — пераезд аптэкі з падвальнага памяшкання ў паліклініку Пастаўскай ЦРБ. Вельмі ўдзячныя галоўнаму ўрачу У. М. Чакаваму за тое, што ён згадзіўся і прадаставіў нам плошчы. Ранейшае размяшчэнне аптэкі было не вельмі зручным для пакупнікоў, затое цяпер яна ў крокавай даступнасці — на 1-ым паверсе, побач з рэгістратурай. Зрабілі там рамонт, закупілі новае гандлёвае абсталяванне, дабавілі яшчэ аднаго спецыяліста і перагледзелі графік работы аптэкі: цяпер яна працуе з 8 да 18.00 (раней — да 16.00).

Рухацца наперад нас падштурхоўваюць законы гандлю. Не сакрэт, што канкурэнцыя на фармрынку краіны, у тым ліку і ў нашым раёне, вялікая. Каб пакупнік зрабіў выбар на карысць менавіта нашай сеткі аптэк, яна павінна мець уласны стыль, прывабны дызайн гандлёвай залы, правільна падабранае абсталяванне. Над гэтым і працуем.

— Ведаю, што апошнім часам шмат увагі надаецца тэхнічнай аснашчанасці аптэк. Раскажыце, калі ласка, пра гэта падрабязней.

   — Сапраўды так. Кіраўніцтва Віцебскага РУП “Фармацыя” паставіла задачу камп’ютарызаваць абсалютна ўсе, нават самыя маленькія, аптэкі. І Пастаўскі раён ужо практычна выканаў гэта заданне. Укараненне новай спецыялізаванай праграмы “Беларуская аптэка” дазволіла павысіць якасць абслугоўвання кліентаў. У прыватнасці, цяпер фармацэўт з дапамогай камп’ютара непасрэдна на сваім працоўным месцы валодае абстаноўкай па наяўнасці тых ці іншых лекавых сродкаў, яму больш не трэба траціць час і ісці іх шукаць уручную. Гэта надзвычай актуальна, улічваючы, што ў нашых аптэках  тысячы найменняў у наменклатуры тавараў, і трымаць іх усе ў галаве работнікам складана.  

Таксама інфарматызацыя галіны дазволіла пакупнікам сачыць за асартыментам пастаўскіх аптэк у інтэрнэце на сайце http://www.tabletka.by/. Гэты сэрвіс прадастаўляе інфармацыю па наяўнасці лекавых сродкаў і цэнах на іх у аптэчных установах усёй Беларусі. Яшчэ адно новаўвядзенне, якое прыйшло да нас разам з камп’ютарызацыяй, — электронны рэцэпт. Укараненне гэтай тэхналогіі мае шмат бясспрэчных пераваг у параўнанні з выпіскай папяровага рэцэпта. Да прыкладу, выключае нечытабельнасць або няправільную інтэрпрэтацыю рэцэптаў, дазваляе бачыць адразу ўсе лекавыя сродкі, назначаныя пацыенту, тым самым можна пазбегнуць непажаданых узаемадзеянняў паміж імі. 

Сярод апошніх электронных паслуг, якія з’явіліся ў дзяржаўнай аптэчнай сетцы РУП “Фармацыя”, для пакупнікоў, мабыць, самай прывабнай з’яўляецца прадастаўленне скідак уладальнікам дысконтных карт “Праграма 90 плюс 90”. У залежнасці ад выканання пэўных умоў праграмы чалавек можа сэканоміць ад 1 да 5% ад сумы пакупкі ў нашых аптэках. Сярод пастаўчан яна карыстаецца вялікай папулярнасцю. Ужо выдалі больш за 2 тысячы дысконтных карт.

 

— Можа, і яшчэ якія перавагі прадастаўляеце сваім пакупнікам?

 — Хачу падкрэсліць, што дзяржаўная аптэчная сетка перш за ўсё арыентавана на выкананне сацыяльнай функцыі. У прыватнасці, толькі мы ажыццяўляем бясплатны і льготны водпуск лекаў і перавязачных матэрыялаў асобным катэгорыям грамадзян. Пералік захворванняў і лекавых сродкаў, якія могуць атрымліваць ільготнікі і хранічна хворыя людзі, перыядычна пераглядаецца і зацвярджаецца на дзяржаўным узроўні. Звяртаю ўвагу, што ў аптэках недзяржаўнай формы ўласнасці набыць неабходны прэпарат па льготным рэцэпце можна толькі за поўны кошт.  

Таксама аптэкі РУП “Фармацыя” ажыццяўляюць водпуск лекавых сродкаў беларускай вытворчасці пенсіянерам, інвалідам, мнагадзетным сем’ям, дзецям да трох гадоў са скідкай 10%.

3,4

Важным момантам з’яўляецца і практыка пастаноўкі чалавека ў чаргу на забеспячэнне тым ці іншым прэпаратам, калі яго няма ў наяўнасці. Гэты якасна новы падыход да абслугоўвання пакупнікоў дазваляе павысіць эфектыўнасць нашай працы і знізіць верагоднасць узнікнення канфліктных сітуацый.

— Жанна Анатольеўна, бягучы год для РУП “Фармацыя” з’яўляецца юбілейным…

 

— З гэтай нагоды па ўсёй краіне запланавана правядзенне шэрага мерапрыемстваў і розных акцый. На Пастаўшчыне восенню пройдзе буйны рэспубліканскі семінар, і да яго мы ўжо рытхуемся. У планах абнавіць гандлёвую залу цэнтральнай аптэкі і тэрыторыю вакол будынка. Аднак самая маштабная задумка — стварэнне музейнай экспазіцыі. У памяшканнях ужо зроблены рамонт. Зараз актыўна працуем над зборам экспанатаў. Дапамагаюць калегі з усёй вобласці, штосьці прыносяць мясцовыя жыхары. У прыватнасці, старадаўнюю кнігу з выявай нашай аптэкі, шкляныя аптэкарскія бутэлечкі царскіх часоў, танометр і іншае. Мы былі б вельмі ўдзячныя пастаўчанам, калі б яны актыўна падключыліся да гэтай справы і дапоўнілі нашу экспазіцыю цікавымі рэчамі. Пастаўская аптэка — самая старажытная ў Беларусі, таму ўвасабленне ў жыццё гэтага праекта лічу надзвычай актуальным.

3,5
Фрагмент будучай музейнай экспазіцыі.

Тэкст і фота

Людмілы ЗЕЛЯНКЕВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.