Будучыня пачынаецца сёння

Образование

3,1

Ва ўсе часы школа была і застаецца неад’емным сувязным звяном паміж сям’ёй і грамадствам. Складана пераацаніць яе ролю ў выхаванні падрастаючага пакалення. Асабліва ў наш час, калі патрабаванні да чалавека ўзрастаюць, калі “ў цане” не проста адукаваныя, выхаваныя, але і развітыя ва ўсіх адносінах асобы. Пастаўская гімназія — якраз тая ўстанова адукацыі, дзе створаны ўмовы для падтрымкі творчай індывідуальнасці, інтэлектуальнай і даследчыцкай актыўнасці навучэнцаў. Напярэдадні заканчэння навучальнага года карэспандэнт газеты пагутарыла з дырэктарам гімназіі Славамірам Часлававічам Каранеўскім.

— Славамір Часлававіч, як бы вы сфармулявалі асноўную задачу, якая стаіць перад вашай установай?

— Асноўная задача любой установы адукацыі застаецца нязменнай ва ўсе часы. Найперш гэта пастаяннае павышэнне якасці адукацыйнага працэсу, развіццё мыслення ў дзяцей, паглыбленне іх ведаў і падрыхтоўка да выбару будучай прафесіі. Не выключэнне і гімназія. Сваіх першых навучэнцаў яна сустрэла 1 верасня 2006 года, у 2010-м паспяхова прайшла акрэдытацыю, а два гады назад яе пацвердзіла.

Найлепшым паказчыкам якасці работы навучальнай установы з’яўляюцца яе выпускнікі. Са 116 чалавек, якія скончылі за гэты час гімназію, 13 — з залатым медалём, 90% штогод працягваюць адукацыю ў вышэйшых навучальных установах. Да прыкладу, у мінулым навучальным годзе з 15 выпускнікоў у ВНУ паступілі 14, некаторыя вучацца за мяжой. Таму з упэўненасцю можна сцвярджаць, што пастаўскія гімназісты атрымліваюць грунтоўныя веды. Прыемна адзначыць, што Маргарыта Протас на тэсціраванні па гісторыі Беларусі набрала 100 балаў.

Чацвёра навучэнцаў гімназіі (Кацярына Сушко, Лада Шайтар, Віялета Сяменас) удастоены прэміі Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў.      

3,4

— Паколькі выпускнікі гімназіі дэманструюць такі высокі працэнт паступлення ў ВНУ, то, напэўна, няма праблем з фарміраваннем калектыву навучэнцаў?

— Штогод набор дзяцей у нашу ўстанову ажыццяўляецца з ліку навучэнцаў школ горада і раёна на конкурснай аснове па выніках трох іспытаў: па рускай, беларускай мовах і матэматыцы. У 2016 годзе конкурс быў 1,3 чалавека на месца. Хачу звярнуць увагу жадаючых вучыцца ў гімназіі: пра сваю будучыню трэба паклапа­ціцца ўжо сёння. Прыём заяў на паступленне ў 5 клас праводзім з 25 мая па 1 чэрвеня, а заявы жадаючых паступіць у 6-11 класы — з 2 чэрвеня па 10 жніўня. Асабліва акцэнтую ўвагу, што з гэтага навучальнага года 10 і 11 класы сталі профільнымі — цяпер яны з педагагічнай накіраванасцю: згодна з дагаворам аб супрацоўніцтве, іх выпускнікі могуць паступаць у БДПУ імя Танка па субяседванні.

Калектыў навучэнцаў у нас невялікі — усяго 150 чалавек. Гэта гарантуе індывідуальны падыход да кожнага, дазваляе дзецям максімальна праявіць сябе, дабратворна ўплывае на псіхалагічны мікраклімат, павышае агульную паспяховасць навучэнцаў. Да прыкладу, сёння сярэдні бал па гімназіі — 8,6. Да таго ж штогод сярод пастаўскіх гімназістаў шмат пераможцаў алімпіяд. Сёлета прызёрамі II этапа рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах сталі 36 гімназістаў, заваявалі 6 першых месцаў, 11 — другіх, 19 — трэціх. У III этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах навучэнец 9 класа Дзяніс Саўкоў удастоены дыплома 3-й ступені.

Увогуле, алімпіядны рух для гімназіі з’яўляецца адным з прыярытэтных напрамкаў. З аднаго боку, прадметныя конкурсы дапамагаюць дзецям паглыбіць веды і пашырыць кругагляд, з іншага — выступаюць як своеасаблівы індыкатар для кіраўніцтва ўстановы, бо дазваляюць аб’ектыўна ацаніць узровень ведаў.

3,2

— Ведаю, што некаторыя бацькі не спяшаюцца аддаваць сваіх дзяцей вучыцца ў гімназію толькі таму, што баяцца вялікіх вучэбных нагрузак. Наколькі іх асцярога апраўданая?

— Хачу адразу супакоіць. У гімназіі нагрузка ў параўнанні з іншымі школамі большая толькі на 1 гадзіну ў тыдзень. Галоўнай асаблівасцю адукацыйнага працэсу ў нашай установе з’яўляецца вывучэнне матэматыкі (з 7 па 9 клас) і замежнай мовы (пераважна англійскай) на павышаным узроўні — 5 гадзін у тыдзень. Той, хто да паступлення сюды вывучаў нямецкую мову, мае магчымасць вучыць яе і далей, на платнай аснове прапануем таксама вывучэнне французскай. У гімназіі існуе развітая сетка прадметных факультатываў, арганізаваны міжшкольныя дадатковыя заняткі. Упэўнены: у пастаўскіх гімназістаў высокі адукацыйны ўзровень не з-за вялікіх вучэбных нагрузак, а таму, што яны самі матываваныя, нацэленыя на поспех. 

— Ну і, канешне, вялікая ў тым заслуга і педагогаў гім­на­зіі…

— Безумоўна. Сёння тут працуюць тры дзясяткі высокакваліфікаваных педага­гічных работнікаў. Усе маюць вышэйшую адукацыю, 21 з іх — вышэйшую і першую катэгорыі. Калектыў ганарыцца калегамі: настаўнікамі рускай мовы і літаратуры Л. Т. Расоха і геаграфіі І.М. Пракаповічам, якія за асаблівы ўклад у развіццё здольнасцей адораных навучэнцаў удастоены прэміі Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

 Не адстаюць ад вопытных педагогаў і маладыя спецыялісты. Сёлета педагог-псіхолаг гімназіі А.Ю. Шышко па выніках XVII рэспубліканскай выставы навукова-метадычнай літаратуры, педагагічнага вопыту і творчасці навучэнцаў «Правільны прафесійны выбар — упэўненая будучыня маладога пакалення!» узнагаро­джана дыпломам II ступені Міністэрства адукацыі.

У гімназіі створаны ўмовы для бесперапыннай шматузроўневай адукацыі педагогаў. Яна ажыццяўляецца праз работу вучэбна-метадычных аб’яднанняў і школы настаўніцкага вопыту, праз укараненне новых эфектыўных форм навучання. Акрамя таго, настаўнікі пастаянна прымаюць удзел у абласных і рэспубліканскіх навукова-практычных канферэнцыях, конкурсах педагагічнага майстэрства і семінарах. Усё гэта дае ім магчымасць атрымліваць задавальненне ад сваёй працы і прафесійнага развіцця.

3,3

— Фарміраванне ўсебакова развітай асобы немагчыма без паўнавартаснай сістэмы пазаўрочных мерапрыемстваў. Як вырашаецца гэта задача ў гімназіі?

— З мэтай арганізацыі вольнага часу дзяцей і падлеткаў у рамках 6-га дня арганізавана работа аб’яднанняў па інтарэсах, факультатываў, спартыўных секцый. Штогод праводзіцца дзень адчыненых дзвярэй, у канцы навучальнага года — справаздачны канцэрт, рэгулярна ладзяцца святочныя мерапрыемствы да памятных дат, тэматычныя радыё­лінейкі. Актыўна пастаўскія гімназісты ўдзельнічаюць ва ўсіх раённых дзіцячых і мала­дзёжных акцыях, творчых конкурсах. У прыватнасці, паказваюць высокія вынікі на раённым фестывалі міжкультурных камунікацый. Сёлета навучэнка 10 класа Крысціна Клянтак абараняла гонар Пастаўшчыны на абласным этапе ў намінацыі “Фабрыка зорак”.

У гімназіі створана цэлая сістэма, накіраваная на ўмацаванне здароўя дзяцей. Рэгулярна праводзяцца фізкультурна-аздараўленчыя і спартыўна-масавыя мерапрыемствы. У гэтым плане вялікая заслуга настаўніка фізічнай культуры і здароўя А. Л. Вавінскага. Дзякуючы яму, навучэнцы дэманструюць высокія вынікі ў спартыўных спаборніцтвах не толькі мясцовага, але і абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў. Адным словам, Пастаўская гімназія арыентавана не толькі на вынік навучання, але і на падтрымку творчай індывідуальнасці кожнага навучэнца паасобку.

— І нарэшце раскажыце, калі ласка, пра матэрыяльна-тэхнічную базу гімназіі.

— Наша ўстанова развіваецца, ідзе ў нагу з часам. За апошнія гады яе матэрыяльна-тэхнічная база змянілася ў лепшы бок. З улікам усіх сучасных патрабаванняў абсталяваны кабінеты фізікі, інфарматыкі, інфармацыйна-камп’ютарны цэнтр. Рэгулярна за кошт касметычнага рамонту абнаўляюцца вучэбныя кабінеты, спартыўная і актавая залы, сталовая. Ёсць у нас каларытны краязнаўчы куточак, стылізаваны пад беларускую хату. Увогуле, гімназія можа пахваліцца прыгожым інтэр’ерам, светлымі ўтульнымі памяшканнямі і акуратнай, дагледжанай тэрыторыяй вакол будынка.

Асобна хачу спыніцца на камфортных умовах пражывання, якія створаны ў інтэрнаце для навучэнцаў з сельскай мясцовасці. Адрамантаваны ўсе жылыя пакоі, калідор, санвузел. Для адпачынку і падрыхтоўкі да заняткаў выдзелены асобныя класы. У распараджэнні дзяцей камп’ютар, тэлевізар, мікрахвалевая печ, DVD-прайгравальнік. Таксама для іх арганізавана чатырохразовае гарачае харчаванне. Сумесна з філіялам “Аўтатранспартнае прадпрыемства №17” распрацаваны маршруты і ўзгоднены час руху грамадскага транспарту для падзвозу навучэнцаў.

Вось такая Пастаўская гімназія. Прыходзьце, будзем рады новым навучэнцам! 

Людміла ЗЕЛЯНКЕВІЧ.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.