Дэкламавалі класікаў са сцэны

Образование

 72570

У раённым Цэнтры дзяцей і моладзі прайшоў другі этап рэспуб­ліканскага конкурсу юных чытальнікаў “Жывая класіка”, у якім прынялі ўдзел больш за 80 навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі Пастаўшчыны ва ўзросце ад 6 да 16 гадоў.

Старт конкурсу быў дадзены ў школах 21 лютага, у Міжнародны дзень роднай мовы. Праводзіцца ён ужо не першы год, але сёлета змяніў фармат з раённага на рэспубліканскі. Пры гэтым мэты і задачы засталіся ранейшымі — павышаць цікавасць дзяцей і падлеткаў да чытання, развіваць і захоўваць у іх высокія маральныя каштоўнасці і ідэалы беларускага грамадства, выхоўваць падрастаючае пакаленне на лепшых узорах нацыянальнай літаратуры. Нездарма ў якасці дэвіза выбрана фраза “Чытаем шмат, чытаем разам, ствараем сябе і краіну!”

На суд журы, у склад якога ўвайшлі педагогі Цэнтра дзяцей і моладзі і аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, юныя чытальнікі прадставілі каля 70 вершаваных твораў беларускіх аўтараў. Сярод іх былі не толькі класікі — Я. Купала, Я. Колас, П. Панчанка, М. Багдановіч, Г. Бураўкін, К. Крапіва і іншыя, але і мясцовыя паэты — І. Пракаповіч і А. Нафрановіч. Да гонару ўдзельнікаў, пераважная большасць вершаў аказаліся не праграмнымі творамі, якія вывучаюць у школе, а самі яны — добра падрыхтаванымі і артыстычнымі, у чым безумоўная заслуга настаўнікаў. Асабліва вызначыліся навучэнцы пастаўскай СШ №4, Курапольскай базавай, Камайскай, Варапаеўскай і Навасёлкаўскай сярэдніх школ. Апошнія падрыхтавалі цэлую літаратурна-музычную кампазіцыю, у якой удзельнічалі пяць чытальнікаў.

Вынікі конкурсу падводзіліся ў чатырох узроставых катэгорыях. Сярод навучэнцаў пачатковых класаў першае месца прысу­джана самаму юнаму ўдзельніку — першакласніку СШ №4 Святаславу Стрыльцу — і чацвёртакласніцы Курапольскай БШ Ангеліне Пучынскай. Другое месца раздзялілі Альберт Лукашэвіч з чацвёртай гарадской школы і Дар’я Карымулаева з Лынтупскай СШ, трэцяе — прадстаўніцы СШ №3 Алеся Пабядзінская і СШ №4 Марыя Шаура.

Сярод 5—6-класнікаў перамаглі Яўгеній Васілевіч з СШ №1 і Анастасія Балаболава з СШ №2. Другое месца ў Паліны Сташулёнак з СШ №4, трэцяе — у Дар’і Шылей з гімназіі і Эльвіры Гіруць з Лынтупскай СШ.

У катэгорыі “7—8 класы” найлепшай аказалася навучэнка Камайскай СШ Лізавета Кацар. Следам за ёй размясціліся Аляксандра Хоміч з Юнькаўскай ЯСБШ і Захар Вялікі з СШ №2. На трэцім месцы Мікіта Залецкі з Варапаеўскай школы і Лізавета Ясінская з гімназіі.

Сярод навучэнцаў 9—10 класаў пальму першынства аддалі Маргарыце Кавальскай з Лынтупскай ЯССШ і чытальнікам  Навасёлкаўскай СШ, якія выступілі з літаратурна-музычнай кампазіцыяй. Другое месца прысуджана Андрэю Малатоўніку з Варапаеўскай СШ і Крысціне Клянтак з гімназіі, трэцяе — Дзіяне Вялюліс з Курапольскай БШ, Анастасіі Гарус з першай, Веры Жаўнярук з чацвёртай і Паліне Касарэўскай з пятай гарадскіх школ.

Усе прызёры ўзнагароджаны дыпломамі раённага Цэнтра дзяцей і моладзі. А пераможцы, заняўшыя першыя месцы,  прадставяць наш раён на абласным этапе конкурсу юных чытальнікаў “Жывая класіка”, дзе пазмагаюцца за права прыняць удзел у святкаванні Дня беларускага пісьменства ў Полацку.

Алена ШАПАВАЛАВА.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.