Енк і плач стаялі жудасныя

Общество

DCIM114GOPRO

Каля помніка расстраляным 19 мая 1942 года жыхарам навакольных вёсак Лынтупшчыны стаіць бабуля, абапіраючыся на лясачку. Пазнаю ў ёй сваю суседку Ядвігу Антонаўну Цюкша. Тут, у брацкай магіле, пахаваны яе старэйшы брат Вінцэнт Койра. Пастаялі з Ядвігай Антонаўнай, памаўчалі, а потым яна падзялілася ўспамінамі пра той страшны дзень другога года вайны, які застаўся балючым шрамам на яе сэрцы.

Вясна 1942 года выдалася дружная і цёплая. У вёсках спяшаліся пасеяць яравыя, пасадзіць бульбу, каб не галадаць зімой. Вінцусь працаваў за дваіх, бо бацька пакалечыў нагу і работнік з яго быў ніякі. Управіўшыся на сваім полі, спяшаўся дапамагчы сястры, муж якой ваяваў на фронце (у сям’і Койра было 5 чалавек).

Пра тое, што 19 мая каля Казнадзеюшак партызаны знішчылі гебітскамісара Бека, у Даўяцішках, дзе жылі Койры, ніхто не ведаў. Вінцусь дабіраўся да сястры лясной дарогай і прыйшоў у Казнадзеюшкі крыху раней, чым там з’явіліся карнікі і
літоўскія паліцаі, якія прыехалі на машынах са Свянцян. Зразумеў, што трапіў у аблаву. Сястра плакала і прасіла яго схавацца, але ён не згадзіўся, бо пабаяўся, што заб’юць усю сям’ю, калі яго знойдуць. Так і выйшаў з хаты з завязанымі ў хусцінку яйкамі, якія сабрала сястра, каб занёс бацькам.

Ужо вечарэла, калі іх пагналі праз лес у Лынтупы. Яйкі адабраў карнік і, рагочучы, з іншымі канваірамі выпіў. Вінцусь ішоў з Яраславам Варнелам з Саболак. Той шапнуў яму, што трэба ўцякаць. Як потым расказваў Яраслаў, куля дагнала Вінцэнта адразу, а ён уціснуўся ў нейкую ямінку і, адпоўзшы ў кусты, уцёк. Пражыў доўгае жыццё ў сваёй роднай вёсцы, памёр у 2009-м у 88-гадовым узросце. Разам з Яраславам Варнелам у той дзень выратаваліся Валянцін Масцяніца (16 гадоў), Ясь Лукашэвіч (22 гады), Станіслаў Пянькоўскі (16 гадоў), Антон Пятроўскі (16 гадоў), Фелікс Варнела (60 гадоў), Юльян Лонч (30 гадоў) і некаторыя іншыя. На жаль, нікога з іх ужо няма ў жывых.

Тых, каго прывялі ў гэтай групе, адразу расстралялі за Лынтупамі (цяпер там вуліца Чырвонаармейская). Забітых уцекачоў укінулі ў яму да расстраляных. Другую групу ноч пратрымалі ў памяшканні ўправы. На расправу прывезлі ў крытай машыне. Выгналі з яе прыкладамі і расстрэльвалі каля ямы ці ў яме тых, хто туды падаў жывым. Енк і плач стаялі жудасныя. У тыя жахлівыя дні загінула 199 чалавек. Зараз на месцы расстрэлу па вуліцы Галубкова стаіць помнік бязвінным ахвярам. Гора прыйшло амаль у кожны дом.

Яшчэ больш за два гады жыла Лынтупшчына пры акупацыйным рэжыме, спаўна зведаўшы здзекі і зверствы гітлераўцаў і паліцаяў. Вызваленне прыйшло 7 ліпеня 1944 года, калі Чырвоная Армія выбіла фашыстаў з Камай і Лынтуп.

Нэлла ЛОСЬ.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.