Немудрагеліста, але прыгожа

Общество

4,3

Паўтара тыдня таму праязджала па вуліцы Зялёнай у райцэнтры. Пахаладанне ўжо адступіла, але подых вясны адчуваўся хіба што ў пагусцелай лістоце дрэў ды аксаміце травы. Больш не было чым палюбавацца. Пакуль позірк не выхапіў яркі-яркі дыванок прымул  на ўсю клумбу ля чацвёртага пад’езда дома №14.

— Хто стварыў такую прыгажосць? — пытаюся ў мужчыны, які якраз заходзіць у гэты пад’езд.

— Нашы суседкі Лян­гіна Стрэчань і Галіна Казенная, — адказвае. — Але вы іх дома не застанеце, на агародах прападаюць.

— Сапраўды, прападаем, — пагадзілася Лянгіна Альфонсаўна, калі я, адшукаўшы ў даведніку нумар яе хатняга тэлефона, пазваніла познім вечарам. — Пасадзіла ўсё. Бульба ўжо абыходзіць. Высаджаныя ў парнік агуркі, памідоры, перцы яшчэ і спанбондам укрывала, таму мароз не пашкодзіў.

Растуць у агародзе і кветкі. Ну а ля пад’езда што, будзе бур’ян буяць? Не па-гаспадарску гэта. Добра, што і аднадумнік знайшоўся — Галіна Казенная. Удзвюх і ўпраўляюцца штогод на клумбе. Паліваць кветкі дапамагае Галінін муж Грыгорый.

— Стараемся, каб клумба квітнела ўсё лета, — расказвала Л. А. Стрэчань. — Ёсць і зімовыя кветкі, высяваем летнія, самыя немудрагелістыя, але яркія. Тыя ж аксаміткі. Куплялі на рынку і высаджвалі больш “культурныя”, але іх укралі. Цяпер не эксперыментуем. А некаторыя нават кпяць: навошта стараецеся, хіба гэта сваё? Адказваем, што робім, каб і самім, і іншым было прыемна.

Як шкада, што такіх ахвотнікаў, як Лянгіна Альфонсаўна і Галіна Мікалаеўна, няшмат. Зрэшты, пакуль не позна праявіць сябе і іншым жыхарам шматпавярховак. Згадзіцеся, куды прыемней сузіраць ля пад’ездаў кветкі, а не пустазелле.

Фаіна КАСАТКІНА.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.