Пад пільным вокам і ў надзейных руках

Местная власть Правовое поле

Начальнік мабільнай пагранічнай заставы старшы лейтэнант Яўгеній Анішчук (справа) з ваеннаслужачымі тэрміновай службы Паўлам Тарчылам, Максімам Жызнеўскім і Сяргеем Гайко перад выездам на граніцу.
Начальнік мабільнай пагранічнай заставы старшы лейтэнант Яўгеній Анішчук (справа) з ваеннаслужачымі тэрміновай службы Паўлам Тарчылам, Максімам Жызнеўскім і Сяргеем Гайко перад выездам на граніцу.

Пасля каманды “ў ружжо!” праходзяць толькі тры хвіліны, і ваеннаслужачыя мабільнай пагранічнай заставы пагранкамендатуры “Паставы” адпраўляюцца на заданне. Такія выезды здараюцца часта, бо ёсць яшчэ нямала людзей, якія з рознымі мэтамі парушаюць Дзяржаўную граніцу.

— Найперш гэта тыя, хто займаецца пераправай тытунёвых вырабаў з Беларусі ў Літву, — расказваў начальнік заставы старшы лейтэнант Яўгеній Анішчук. — Не адзін раз спрабавалі перасекчы граніцу нелегальныя мігранты. Напрыклад, у мінулым годзе затрымалі некалькі груп грамадзян В’етнама. Калектыў у нас зладжаны і прафесійны. Кожны ваеннаслужачы адказвае за свой участак. А яшчэ бязмежна ўдзячны за пільнасць і супрацоўніцтва работнікам прыгранічных сельгаспрадпрыемстваў, сельскіх Саветаў, мясцоваму насельніцтву. Іх сігналы нярэдка дапамагаюць прадухіліць небяспеку.

З ваеннаслужачымі тэрміновай службы цесна працуе намеснік начальніка старшы лейтэнант Дзмітрый Бурак, які праводзіць з імі ідэалагічную работу.  Фізічнай падрыхтоўкай, тактыкай пагранічнай службы займаецца лейтэнант Аляксандр Мялешка.

Малодшы сяржант Павел Тарчыла родам з Рэчыцкага раёна Гомельскай вобласці. Прызваўся крыху больш за паўгода таму. Праз тры месяцы “вучэбкі” стаў трэніраваць аўчарку Скіфа. Сёння яны разам пільна ахоўваюць Дзяржаўную граніцу. Скіф паслухмяны і разумны.

— Несці службу па ахове рубяжоў нашай краіны — вялікі гонар і не меншая адказнасць, — гаварыў Павел. — Кожны з маіх таварышаў па службе гэта добра разумее. Будні напружаныя, пастаянна трэба быць напагатове і годна выконваць ускладзеныя на нас абавязкі. А яшчэ парушальнікі  спрабуюць супраціўляцца, таму не выключана рызыка.

— Скіф — першы памочнік Паўла, — гаварыў Я. А. Анішчук. — З яго дапамогай намнога лягчэй выявіць парушальніка. Сабака бярэ след і хутка дасягае мэты. На нашай мабільнай заставе служыць адзін з лепшых кінолагаў Смаргонскай пагранічнай групы — старшы прапаршчык Віталій Патрушаў. Яго выхаванцы неаднаразова перамагалі на розных спаборніцтвах.

Багаты вопыт па ахове Дзяржаўнай граніцы маюць старшы прапаршчык Аляксандр Шурпік, прапаршчык Дзяніс Сіланаў. Па выслузе гадоў адносна маладыя Яўгеній Анішчук і яго намеснік Дзмітрый Бурак. Але на іх рахунку нямала выпадкаў выяўлення парушальнікаў Дзяржаўнай граніцы.

— Рознымі спосабамі людзі спрабуюць нажыцца, — гаварыў Яўгеній Аляксандравіч. — На граніцы з Літвой — транспарціроўкай тытунёвых вырабаў, з Ра­сіяй — алкагольнай прадукцыі. У красавіку наша мабільная застава несла службу на граніцы з Расіяй. Забаронены алкаголь везлі ў нашу краіну і ў фурах, і ў легкавых аўтамабілях.

Рабочыя суткі ў пагранічнікаў пачынаюцца ў восем гадзін вечара. Нават Новы год у іх наступае на чатыры гадзіны раней. Службу нясуць кругласутачна, пры любым надвор’і. Здараецца, што на граніцы прыходзіцца затрымацца і на некалькі сутак, жыць у палатках. На ма­більнай заставе служаць лепшыя з лепшых па ўзроўні фізічнай падрыхтоўкі і маральна-псіхалагічных якасцях. Таму ёсць упэўненасць, што граніца пад пільным вокам і ў надзейных руках.

Анна АНІШКЕВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.