Паглядзелі маляванкі і стварылі сваю


8,1

11 мая ў Пастаўскім Доме рамёстваў “Стары млын” адкрыліся выставы работ Вольгі Мікалаеўны Гукавай і Яніны Баляславаўны Ліманоўскай, прысвечаныя традыцыйнаму віду наіўнага народнага мастацтва — маляванцы.

Удзел у выставах прынялі і іншыя майстры “Старога млына”, упрыгожыўшы іх сваім хатнім тэкстылем. Так, сярод намаляваных на тканіне карцін размясціліся ручнікі М. І. Ананьевай і А. В. Крывенька, вязаныя сурвэткі Р. П. Кузьміч і тканыя дыванкі Г. П. Танана. Усё ў комплексе стварыла хатні антураж і ўтульнасць. Зроблена гэта было невыпадкова, паколькі маляванка ніколі не жыла асобна ад іншых відаў мастацтва. А ўзнікла яна на мяжы XIX—XX стагоддзяў і стала вельмі папулярнай як упрыгажэнне інтэр’ера сялянскіх хат. Тады традыцыйныя дываны малявалі мастакі-самавучкі, якія вандравалі па вёсках, заходзячы практычна ў кожны дом. Потым пра маляванку забылі. І толькі ў пачатку ХХІ стагоддзя, дзякуючы народным майстрам, яна была адро­джана і ўключана ў Спіс нацыянальнай культурнай спадчыны.

8,3

Пра ўсё гэта дырэктар Дома рамёстваў Таццяна Мікалаеўна Петух расказала першым наведвальнікам выставы — навучэнцам другога класа пастаўскай СШ №2, пазнаёміўшы іх з аўтарамі работ. І спачатку слова прадаставіла Я. Б. Ліманоўскай, чые маляванкі размясціліся ў малой выставачнай зале. Яніна Баляславаўна ў сваю чаргу прыгадала, як захапілася гэтым відам мастацтва, зазначыўшы, што рысаваць любіла заўсёды. Нездарма на выставе прадстаўлены некалькі традыцыйных карцін жанчыны. Ну, а сярод маляваных дываноў самы цікавы — са схематычнай картай Віцебскай вобласці, на якую нанесены ўсе раёны і гербы райцэнтраў.

8,2

Адной з вучаніц Я. Б. Ліманоўскай з’яўляецца В. М. Гукава, маляванкі якой займаюць вялікую залу “Старога млына”. Многія з іх зроблены да фестываляў “Звіняць цымбалы і гармонік” і “Славянскі базар у Віцебску” і ўдзельнічалі ў розных выставах, у тым ліку ў Мілане (Італія). На іх — нашы Паставы і Віцебск, абеліск на месцы спаленай у гады Вялікай Айчыннай вайны разам з жыхарамі вёскі Альцы, птушкі — буслы, галубы і лебедзі, якія як сімвалы сям’і і вернасці часта прысутнічалі на традыцыйных народных маляванках, сюжэты вясковага побыту і іншае. Работы выкананы ў розных тэхніках — свабоднага роспісу, набівання фарбы на тканіну, спалучэння маляванкі з керамікай, паколькі Вольга Мікалаеўна — майстар па кераміцы і вядзе ў Доме рамёстваў адпаведны гурток. Тут жа выстаўлены яе гліняныя сувеніры, якія рабіла да розных свят.

Адчуць сябе сапраўднымі мастакамі змаглі і дзеці. Для іх В. М. Гукава правяла майстар-клас, расказаўшы і паказаўшы, як нараджаецца маляванка. Пад яе кіраўніцтвам школьнікі з вялікім захапленнем і стараннем стварылі сумесны дыван, які, нягледзячы на вядомую прымаўку пра першы блін, атрымаўся зусім не камяком. А ў канцы экскурсіі дырэктар Дома рамёстваў запрасіла дзяцей прыходзіць на заняткі па маляванцы і кераміцы, якія, дарэчы, для іх бясплатныя.

Алена ШАПАВАЛАВА.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.