Праблемы, прадыктаваныя часам


IMG_0604

Ва ўсе часы ў грамадстве было прынята найважнейшыя надзённыя пытанні выносіць на ўсеагульны разгляд. Такая практыка актуальная і зараз. У красавіку ў раённым выканаўчым камітэце прайшоў круглы стол па пытаннях прафілактыкі суіцыдаў, папярэджання няшчасных выпадкаў і прадухілення гібелі дзяцей ад знешніх прычын. Удзельнікамі дыскусіі сталі 20 чалавек: псіхолагі, работнікі медыцыны, адукацыі, сацыяльных служб, прадстаўнікі РАНС, РАУС, райЦГЭ.

Не быць староннімі назіральнікамі

Галоўным арганізатарам мерапрыемства выступіла намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама М.П. Нагановіч. Каб дапамагчы ўключыцца ў абмеркаванне акрэсленых праблем, яна спачатку прапанавала прысутным адлюстраваць на паперы свае меркаванні па тэме. Іх асабісты і прафесійны вопыт дазволілі  паглядзець на сітуацыю з розных бакоў і выпрацаваць сістэму міжведамаснага ўзаемадзеяння па аказанні рэальнай дапамогі тым, хто мае ў ёй патрэбу. Непасрэдна перад абмеркаваннем Марына Паўлаўна прывяла некалькі лічбаў, якія пацвердзілі актуальнасць абранай тэмы круглага стала:

— У большасці краін свету самагубствы знаходзяцца ў першай дзясятцы прычын заўчаснай смерці. На вялікі жаль, сёння суіцыдальныя паводзіны — вялікая сацыяльна-псіхалагічная праблема і для Беларусі. Па даных Белстата, у мінулым годзе 2042 беларусы закончылі жыццё самагубствам. Гэта больш смерцяў, чым ад ДТЗ, пажараў і ўтапленняў, разам узятых. Высокі суіцыдальны паказчык адносна абласнога і на Пастаўшчыне. 

 

IMG_0583

Рустэм Адамавіч КРЫНІЦКІ, урач псіхіятр-нарколаг Пастаўскай ЦРБ:

— Сёння абласны суіцыдальны паказчык — 26 чалавек на 100 тысяч насельніцтва, на Пастаўшчыне ён большы за 30. Гэта вялікія лічбы. З пачатку бягучага года ўжо 5 пастаўчан добраахвотна пайшлі з жыцця. Для параў­нання хачу звярнуцца да статыстыкі часоў царскай Расіі, калі на 100 тысяч чалавек прыходзіліся ўсяго 3 такія выпадкі. А тады ўмовы жыцця людзей былі значна горшыя за цяперашнія. Значыць, прычыны суіцыдальных паводзін у большасці сваёй неабходна шукаць не ў сацыяльна-эканамічнай плоскасці, а ўнутры кожнага чалавека асобна. Што ўплывае на абясцэньванне людзьмі ўласнага жыцця? Мяркую, інфантыльнасць, негатоўнасць адэкватна ўспрымаць змены ў жыцці, вырашаць уласныя праблемы.

Па статыстыцы, да суіцыдаў больш схільныя мужчыны. Крытычны ўзрост — 20-35 гадоў і за 45. Да груп рызыкі адносяцца людзі з наяўнасцю псіхічных паталогій, тыя, у каго ў мінулым ужо былі суіцыдальныя спробы або цяжкія псіхатраўмы. На гэту катэгорыю грамадзян усе зацікаўленыя структуры павінны звяртаць асаблівую ўвагу, нельга іх пакідаць сам-насам са сваімі праблемамі. Неабходна імкнуцца пачуць і падтрымаць кожнага чалавека.

У прафілактыцы суіцыдальных паводзін надзвычай важным момантам з’яўляецца і прафесійная медыцынская дапамога. Але, на жаль, вельмі часта людзі чамусьці саромеюцца звяртацца да псіхіятраў і псіхолагаў. А між тым кваліфікаваная першапачатковая дапамога дазваляе пазбегнуць многіх сур’ёзных праблем.    

IMG_0597

Ніна Серафімаўна КАСПЯРОВІЧ,  галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама:

— Аддзелам адукацыі, спорту і турызму надаецца вялікая ўвага пытанням ранняй дыягностыкі суіцыдаў сярод падлеткаў. Штомесяц усе навучальныя ўстановы раёна праводзяць спецыяльныя тэсціраванні і апытанні навучэнцаў. Калі выяўляецца школьнік са схільнымі да суіцыдаў паводзінамі, абавязкова пра гэта паведамляецца яго бацькам, і з ім пачынае актыўна працаваць псіхолаг. Яркім прыкладам перманентнай неабходнасці такой работы з’яўляюцца вынікі тэсціравання старшакласнікаў, якое праводзілася па рэкамендацыі Міністэрства адукацыі Беларусі ў верасні. Было выяўлена, што з кожных 100 апытаных падлеткаў 37 хвалююць праблемы ўзаемаадносін, 29 хаця б раз у жыцці знаходзіліся ў негатыўным эмацыянальным стане, 16 — у вострай сітуацыі, якая траўміруе псіхіку, 18 падлеткаў пабывалі ў складанай канфліктнай сітуацыі. Як бачна, ёсць над чым працаваць. Надзвычай важна не быць староннімі назіральнікамі праблем, а працягнуць дзецям руку дапамогі.

У ходзе калектыўнага абмеркавання тэмы прафілактыкі суіцыдаў гучала многа прапаноў, як вывесці гэтую работу ў раёне на якасна новую прыступку. У прыватнасці, пастаянна праводзіць маніторынг папулярных у падлеткавым асяроддзі сацыяльных сетак, па максімуму выкарыстоўваць магчымасці тэлебачання ў плане стварэння і дэманстрацыі тэматычных відэаролікаў, цесна працаваць не толькі з дзецьмі, але і з іх бацькамі на ўзроўні дзіцячых садкоў і школ. Што да дарослай часткі насельніцтва, то асноўны пасыл — штодзённа праяўляць звычайную чуласць адно да аднаго.

Удвая балюча

 Асобным пунктам на парадку дня круглага стала стаялі пытанні папярэджання няшчасных выпадкаў і прадухілення гібелі дзяцей ад знешніх прычын. Да такіх адносяцца атручэнні, утапленні, пажары, падзенні з вышыні, забойствы. Традыцыйна часцей за ўсё ад знешніх прычын гінуць мужчыны, і мінулы год не стаў выключэннем. З 8309 чалавек, якія загінулі ў Беларусі па прычыне траўматычнай або гвалтоўнай смерці, 6446 — мужчыны.

IMG_0587

Васілій Пятровіч ГРЫНЬКО, інспектар інспекцыі нагляду і прафілактыкі РАНС:

— На Пастаўшчыне з пачатку бягучага года адбылося 9 пажараў, 1 чалавек загінуў. У 2016-ым агонь забраў жыцці 8 пастаўчан. Пры гэтым была дапушчана дзіцячая гібель (такіх выпадкаў не было ў раёне з 2003 года), калі ў агні загінула 12-гадовая дзяўчынка.

Асноўныя прычыны трагедый — неасцярожнае абыходжанне з агнём і парушэнне правілаў эксплуатацыі печаў. Увогуле, шматлі­кія праверкі паказваюць, што пячное ацяпленне ў нашым раёне ў дрэнным стане. Многія грамадзяне не разумеюць, што гэта надзвычай небяспечна. Прычым хочацца звярнуць увагу, што церпяць людзі не толькі ў дамах, але і ў гаспадарчых памяшканнях. Тры  чалавекі ў 2017 годзе пацярпелі з-за таго, што парушылі забарону і цеплілі печы ў гаражах. Вынік — сур’ёзныя ўзгаранні, матэрыяльныя страты, прычыненне шкоды здароўю.

IMG_0594

Зоя Раманаўна ШЧАЛКУН, райпедыятр Пастаўскай ЦРБ:

  — Асаблівую ўвагу неабходна надаваць папярэджанню дзіцячага траўматызму. Штогод у нашай краіне рэгіструецца да 150 тысяч траўм, у выніку якіх каля сотні дзяцей становяцца інва­лідамі.

На жаль, на Пастаўшчыне адзначаецца негатыўная тэндэнцыя росту колькасці такіх выпадкаў. У мінулым годзе атрымалі траўмы 335 непаўналетніх (гэта 5,6% ад усяго дзіцячага насельніцтва раёна), двое загінулі — на пажары і ў ДТЗ. Сёлета ўжо адбылося 59 выпадкаў траўміравання, адна дзяўчынка загінула ў выніку падзення на яе тэлевізара.

Усе траўмы можна падзяліць на бытавыя і вулічныя. У 82% выпадкаў з-за недагляду бацькоў ці іх нядбайнасці дзеці траўміруюцца дома. Самыя частыя — пашкоджанні канечнасцей (27, з іх 8 — пераломы), затым — траўмы галавы, шыі, твару, грудной клеткі (6 выпадкаў), маюць месца пранікненні батарэек, манет, гузікаў праз нос і вушы (2 выпадкі), атручэнні (4 выпадкі). Часцей за ўсё дзеці атручваюцца таблеткамі і сродкамі бытавой хіміі, якія дарослыя бяздумна пакідаюць на бачных і ў даступных месцах. У мінулым годзе быў зарэгістраваны цяжкі хімічны апёк стрававода і поласці рота. 

Для бацькоў няма большай трагедыі, чым страціць сваё дзіця, а калі гэта адбываецца ў выніку недарэчнага няшчаснага выпадку, то балюча ўдвая. Хацелася б, каб бацькі шмат увагі надавалі стварэнню бяспечных умоў пражывання, пільна сачылі за паводзінамі на вуліцы і дома сваіх дзяцей. Тое, што для дарослага з’яўляецца звычайным, малому трэба старанна тлумачыць.   

Тэкст і фота Людмілы ЗЕЛЯНКЕВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.