Працуюць нават ноччу


Васілій Карнышоў і Аляксандр Дзіміт¬ровіч.
Васілій Карнышоў і Аляксандр Дзіміт¬ровіч.

Пазаўчора на полі недалёка ад Кураполля працавала некалькі адзінак тэхнікі. Віктар Давыдаў “ішоў” другім следам з дыскатарамі. Васілій Карнышоў і Аляксандр Дзіміт­ровіч уносілі мінеральныя ўдабрэнні. Трэцім следам з дыскамі і каткамі праязджаў Віктар Шымковіч. І толькі пасля яго была чарга Паўла Балта, які на трактары «МТЗ-3522» з селкай “Амазон” сеяў рапс. У той дзень на свой рахунак меха­нізатар запісаў 56 гектараў.

— На гэтым участку была азімая пшаніца, — расказваў галоўны аграном ААТ “Кураполле-агра” Сяргей Уладзіміравіч Астапчук. — Перазімавала яна добра, але бясконцыя веснавыя дажджы частку пасеваў пашкодзілі. З амаль 1300 гектараў 350 давядзецца перасяваць. Са 100 гектараў азімага рапсу ўцалелі толькі 25. Дабаўце яшчэ 1300 гектараў, запланаваных пад яравую сяўбу, — аб’ём вялікі. Плюс 3500 гектараў андронаўскіх земляў, якія нам сёлета перадалі ў арэнду, з іх 2300 — ворыўныя, 1200 — лугапашавыя і сенакосы. Нашу тэхніку можна ўбачыць ад Кураполля да Полава. З чызелямі каля Крашнева працуюць Юрый Усовіч, Максім Собалеў, Аляксандр Бондар, Валерый Баравік, Аляксандр Шваякоў. Мікалай Адынец гэту работу выконвае каля Лескава.  

Дажджлівае надвор’е пераблытала планы хлебаробаў усіх гаспадарак, курапольцаў тым больш. Іх землі сугліністыя, цяжкія. Калі на пясках дастаткова некалькіх пагодлівых га­дзін, каб распачаць работы, то тут патрэбны некалькі сонечных дзён. Зверху глеба сохне хутка, а колы трактара правальваюцца, і тэхніка буксуе.

— Лёгкія землі дастаткова адзін раз закультываваць і можна сеяць, — працягваў С. У. Астапчук. — На нашых трэба зрабіць некалькі слядоў чызеляў і дыскаў. Сяргей Койра і Аляксандр Собаль з дыскатарамі працуюць ноччу. Раніцай іх змяняюць вышэйназваныя два Віктары — Карнышоў і Давыдаў.

У хутчэйшым завяршэнні веснавых палявых работ у ААТ “Кураполле-агра” зацікаўлены ўсе службы, таму і працуюць зладжана. Асноўная нагрузка, канешне, на механізатарах. Але нялёгка і рабочым зернясклада Генадзію Хаткевічу, Алегу Сідаровічу, Святаславу Дудкоўскаму. Яны рупяцца пратравіць неабходную колькасць насення. За своечасовую загрузку адказвае загадчык склада Пётр Валодзька. Падрыхтаванае насенне рэгулярна дастаўляюць у поле вадзіцелі загрузчыкаў Юрый Сівы і Анатолій Чарэнка.

Галоўны аграном адзначыў таксама майстэрства газаэлектразваршчыкаў Івана Гінько, Андрэя Бялова і Дзмітрыя Дарожкі, токара Міхаіла Ціцянкова, без якіх механізатарам было б няпроста тэрмінова адрамантаваць тэхніку. Гэтыя спецыялісты пры неабходнасці выяз­джаюць у поле і на месцы ліквідуюць паломку.

С. У. Астапчук (першы справа), Павел Тарасевіч (у цэнтры) з механізатарамі Віктарам Давыдавым, Віктарам Шымковічам і Паўлам Балтом.
С. У. Астапчук (першы справа), Павел Тарасевіч (у цэнтры) з механізатарамі Віктарам Давыдавым, Віктарам Шымковічам і Паўлам Балтом.

Шмат за вясну паспеў зрабіць Мікалай Ворсін, за якім замацавана ўніверсальная “Дзвіна” на пнеўматычным хаду: падсеяў 350 гектараў траў, на 1200 унёс КАС, потым, падчапіўшы прыстасаванне для ўнясення цвёрдых мінеральных удабрэнняў, унёс іх на 500 гектарах, цяпер вядзе хімпраполку азімых. Калі дазваляе надвор’е, гэту работу за дзень праводзіць на 100-115 гектарах.

— Увогуле ўсе механізатары заслугоўваюць самай шчырай падзякі, — казаў Сяргей Уладзіміравіч. — З сеялкамі “Лемкен” працуюць Валерый Станюш і Аляксандр Яначкін. За дзень яны засяваюць па 15-20 гектараў. Тэмпы з дня ў дзень павялічваюцца. Бензавозам своечасова падвозіць паліва Васілій Бароўка. Заўсёды ў курсе ўсіх спраў дыспетчары Вольга Баравік і Ала Жахоўская. Яны — сувязное звяно паміж усімі ўдзельнікамі пасяўной.

— І дырэкцыя клапоціцца пра людзей, — гаварылі Віктар Давыдаў і Васілій Карнышоў, якія прыязджаюць у “Кураполле-агра” з суседняй гаспадаркі Браслаўскага раёна. — Нам ёсць з чым параў­ноўваць. Нядрэнная зарплата выплачваецца без затрымак, два разы ў дзень гарачае каларыйнае харчаванне. Абеды, якія гатуюць Юля Дружынская і яе памочніца Інэса Вешчанікіна, на аўтобусе дастаўляе Дзмітрый Янушкоўскі з Вікторыяй Дамброўскай. Яны прывозяць не толькі комплексныя абеды ды падвячоркі, але і ваду, каб памыць рукі. Ёсць ручнікі. Нават калі холадна, у аўтобусе можна камфортна паесці і крыху за гэты час адпачыць.

Механізатараў “перацягнуў” за сабой у Кураполле  С. У. Астапчук, які пяць гадоў таму прыйшоў з той жа браслаўскай гаспадаркі на пасаду галоўнага агранома. Прыжыўся сам, задаволены ўмовамі працы і яго землякі.

— Шкада, што ў гаспадарцы не затрымліваюцца маладыя спецыялісты, — занепакоена гаварыў Сяргей Уладзіміравіч. — Мой памочнік аграном-насеннявод Павел Тарасевіч прыехаў па размеркаванні пасля заканчэння Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта. І лічыць месяцы да завяршэння адпрацоўкі. Родам са Шчучынскага раёна, хоча вярнуцца дамоў.

Зацяжныя дажджы замарудзілі тэмпы веснавых палявых работ. А некалькі пагодлівых дзён паспелі падсушыць курапольскія суглінкі, на якіх спрабуюць убірацца ў сілу азімыя. Раслінкі сядзяць, быццам зацэментаваныя, чакаюць, каб зямля крыху размокла, тады яны пойдуць у рост. 

— Хлебаробам не заўсёды проста прадугледзець будучы ўраджай, — гаварыў галоўны аграном. — Вось і ў нашай гаспадарцы было і ёсць усё для таго, каб з веснавымі палявымі работамі справіцца ў сціслыя тэрміны. Надвор’е планы перакрэсліла.

Тэкст і фота Анны АНІШКЕВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.