Яны вызвалялі Паставы

Общество

 

IMG_0979

Шчодрае сонца 72-й мірнай вясны, першая зеляніна, першыя кветкі, цёплы веснавы дождж, дзіцячы смех, радасныя твары дарослых — усе гэтыя праявы шчаслівага мірнага жыцця можна назіраць сёння ў нашым горадзе, у скверы на плошчы Леніна.

У самым цэнтры сквера — брацкая магіла, у якой пахаваны гвардыі генерал-маёр Кляра Ігнат Вікенцьевіч і гвардыі палкоўнік Харольскі Дзмітрый Васільевіч. Абодва змагаліся з ворагам за вызваленне Пастаўскага раёна і абодва знайшлі вечны спачын на пастаўскай зямлі.

У гэтым годзе спаўняецца 120 гадоў з дня нараджэння Кляры І. В. і 110 — з дня нараджэння Харольскага Д. В. Успомнім жыццёвыя і баявыя шляхі гэтых мужных воінаў.

Кляра І. В. нарадзіўся ў 1897 годзе ў Віцебску. З лістапада 1917 года служыў у Чырвонай гвардыі, потым у Чырвонай Арміі. У 1934-м закончыў Ваенную акадэмію  імя М. В. Фрунзэ. Быў камандзірам узвода, роты, начальнікам палкавой школы, каман­дзірам батальёна, памочнікам камандзіра палка. У Вялікую Айчынную вайну з’яўляўся начальнікам штаба дывізіі, затым начальнікам аператыўнага аддзела арміі, намеснікам камандзіра і камандзірам дывізіі, намеснікам камандзіра 13-га гвардзейскага стралковага корпуса на 4-м Украінскім фронце. У 1943 годзе атрымаў воінскае званне “генерал-маёр”.

Франтавыя шляхі воіна прайшлі праз Падмаскоўе, Смаленшчыну, Віцебшчыну. За баявыя заслугі Кляра І. В. атрымаў дзяржаўныя ўзнагароды: ордэн Чырвонага Сцяга, ордэн Айчыннай вайны I ступені, медалі.

 

IMG_0980

Пры вызваленні Пастаў савецкім салдатам давялося адбіваць атакі  нямецкіх войскаў. З-за шквальнага кулямётнага і мінамётнага агню нельга было наступаючым узняцца, павесці за сабой у атаку. У такі крытычны момант генерал Кляра стаў наперадзе атакуючых. Варожая абарона была прарвана — часці Чырвонай Арміі ўвайшлі ў горад. Практычна на подступах да яго генерал-маёр Кляра І. В. падарваўся на міне 13 ліпеня 1944 года.

Харольскі Д. В. нарадзіўся ў 1907 годзе ў г. Светлаводску Кіраваградскай вобласці. У Чырвонай Арміі з 1926 года. У 1938-м закончыў Сумскае артылерыйскае вучылішча. У Вялікую Айчынную вайну гвардыі палкоўнік Харольскі Д. В. быў намеснікам камандзіра, начальнікам артылерыі 145-й Чырванасцяжнай  Віцебскай стралковай дывізіі. Быў паранены і двойчы кантужаны. За баявыя заслугі ўзнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі ў 1941 годзе  і ордэнам Чырвонага Сцяга — у 1943-м.

Падчас ліпеньскіх падзей 1944 года палкоўніку Харольскаму Д. В. на некаторы час прыйшлося затрымацца ў тыле. І пасля, калі ён ехаў у напрамку Глыбокага, машына падарвалася на міне. Баявыя таварышы хутка давезлі параненага байца да медсанбата. З прычыны таго, што пальцы нагі былі раздроблены, яму прапанавалі іх ампутаваць. На гэта палкоўнік, які не раз бачыў смерць, толькі адказаў: “Лячыце. Мне яшчэ патрэбна ваяваць”. Пачалася гангрэна. І на прапановы ампутаваць ступню, а потым нагу ён не згаджаўся. Памёр гвардыі палкоўнік Харольскі Д. В. 22 ліпеня 1944 года.

Няхай памяць пра гэтых мужных людзей жыве вечна!

М. ЛАПЦІНСКАЯ, навуковы супрацоўнік

па ахове  гісторыка-культурнай спадчыны

ДУ “Пастаўскі раённы краязнаўчы музей”.

 

 

 

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.