З энтузіязмам, але без надзеі

Местная власть

IMG_1173

Для галоўнага агранома ААТ “Навасёлкі-Лучай” Веры Васільеўны Мукель (на здымку) сёлетняя пасяўная — 45-ая. Кожная мела сваю адметнасць. Але каб да сярэ­дзіны мая запланаваны аб’ём работ быў выканананы толькі на 20 працэнтаў — такое ўпершыню.

Звычайна навасёлкаўскія хлебаробы ў ліку першых у раёне завяршалі веснавыя палявыя работы. Сёлета гаспадарцы трэба пасеяць 2200 гектараў зерневых, 630 — рапсу, 950 — кукурузы, на 40 гектарах пасадзіць бульбу. Работам перашкаджае неспрыяльнае надвор’е.   

— Пакуль не было ні аднаго дня, каб маглі працаваць на поўную магутнасць, — гаварыла аграном. — Сяўба вядзецца выбарачна. Калі кожны ўчастак навасёлкаўскіх палёў добра знаёмы і мне, і механізатарам, то амаль 2 тысячы ворыўных зямель і тысяча лугоў і пашы старадворскіх, якія сёлета перадалі нашай гаспадарцы, трэба вывучаць і вывучаць. На першы погляд здаецца, што тэхніка павінна пайсці без праблем, а ўз’едзе трактар на поле — колы правальваюцца, глеба настолькі пераўвільготнена даж­джамі і снегам. Пастаянна дзяжурыць трактар з тросам, каб у выпадку чаго прыйсці на дапамогу.

Галоўны эканаміст Таццяна Шэршань дае тлумачэнні па аплаце працы Юрыю Татарчуку і Славаміру Зарэцкаму.
Галоўны эканаміст Таццяна Шэршань дае тлумачэнні па аплаце працы Юрыю Татарчуку і Славаміру Зарэцкаму.

— Ноччу то падмарозіць, то снегам закідае, дождж рэгулярна палівае, а нервы гараць, — уключыўся ў размову адзін з найвопытнейшых сеяльшчыкаў Юрый Татарчук. — Не было такога ніколі, каб мой “Джон Дзір” з сеялкай “Гірыус-6001” працаваў у счэпцы з “Кіраўцам”.

Гэта дадатковы расход паліва. Некалькі дзён запар выдаліся сонечнымі, і мы спрабавалі ўзяць рэванш за вымушаныя раней прастоі, працавалі ад усходу да захаду сонца. Два дні сеяў яравы рапс. А ў мінулую нядзелю пасля абеду работы зноў спыніў дождж.

— Механізатары ў гаспадарцы адказныя і добрасумленныя, — хваліў людзей намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце, ён жа старшыня прафкамітэта, Славамір Генрыхавіч Шапель. — Душой хварэюць за агульную справу. Дасканала адрамантавалі тэхніку, прычапны інвентар. Удосталь маем насеннага матэрыялу, забяспечаны палівам, а надвор’е тармозіць увесь працэс.

Разам з Юрыем Татарчуком рупяцца ў полі з сеялкамі Аляксандр Федаронак і Руслан Шымко. На вялікіх участках пры добрым надвор’і за змену яны могуць засяваць па 40-50 гектараў. На ворыве глебы стараюцца Яніс Вішнеўскі, Мар’ян Кісель, Анатоль Счасны, на падрыхтоўцы глебы вызначаюцца Віктар Дулінец, Андрэй Врублеўскі, Андрэй Жалейка, Анатоль Якубёнак, Славамір Зарэцкі, Віктар Рогаў, на ўнясенні мінеральных удабрэнняў — Мікалай Шынкевіч, Уладзімір Скавародка, Алег Чумакоў.

Механізатары Віктар Рогаў, Яўгеній Мядзелка і Руслан Шымко.
Механізатары Віктар Рогаў, Яўгеній Мядзелка і Руслан Шымко.

У сувязі з неспрыяльнымі ўмовамі надвор’я весці работы надзвычай складана. Таму было прынята рашэнне перагледзець аплату працы хлебаробаў, прымяніць максімальны працэнт стымулюючых выплат. Галоўны эканаміст Таццяна Казіміраўна Шэршань выязджала  ў поле, гутарыла з земляробамі, знаёміла іх з расцэнкамі, давала тлумачэнні па павышэнні каэфіцыентаў на асобных відах работ. Механізатары атрымліваюць бюлетэні з указаннем аб’ёму выкананых работ за папярэдні дзень, налічанай зарплатай. У суму налічэнняў уключаны выпрацоўка і яе перавыкананне, даплаты за класнасць, стаж, якасць, работу ў выхадныя і святочныя дні. У гаспадарцы аргані­завана гарачае харчаванне для тых, хто працуе ў полі. Людзі забяспечаны спецадзеннем. За такі клопат з боку кіраўніцтва яны гатовы плаціць руплівай працай. Злітавалася б толькі надвор’е.

— Мінулі ўсе тэрміны пасяўной, на парадку дня стаяць іншыя работы, — гаварыла В. В. Мукель. — З пацяпленнем на азімым рапсе з’явіліся кветкаеды. Яны паядаюць тычынкі, песцікі, пылок. Найбольшую шкоду наносяць на этапе бутанізацыі. Трэба тэрмінова праводзіць хімапрацоўку пасеваў. Рабіць яе трэба ў сухое надвор’е. З зімы рапс выйшаў нядрэнна, хоць на некаторых участках нямала вымачын. Па магчымасці іх планавалі засеяць іншымі культурамі. Наўрад ці ўдасца.

— Сёлетняя вясна ўвойдзе ў гісторыю як адна з самых капрызных, — гаварыў дырэктар ААТ “Навасёлкі-Лучай” Юрый Фран­цішкавіч Шымчык. — Так над­вор’е, здаецца, яшчэ ніколі не выпрабоўвала хлебаробаў. Пасяўную пачыналі з прыўзнятым настроем, бо падрыхтаваліся да яе добра. І сёння механізатары поўныя энтузіязму, толькі надзеі на ўраджай няма. Аптымальныя тэрміны засталіся ў мінулым, а тэхніка па-ранейшаму з-за пераўвільготненасці глебы не можа выйсці ў поле. Калі і ўдасца засеяць землі, належнай аддачы ўсё роўна не будзе.

Тэкст і фота Анны АНІШКЕВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.