Адсвяткавалі весела і звонка

Местная власть

245A9094

Кожны год на тры дні Паставы мяняюць свой мерны тэмп жыцця на вірлівы фестывальны. Падчас правядзення Міжнароднага фестывалю народнай музыкі “Звіняць цымбалы і гармонік” наш горад, здаецца, ператвараецца ў суцэльную канцэртную пляцоўку: адусюль даносяцца чароўныя гукі народных мелодый розных краін, і вочы разбягаюцца ад бясконцай чарады ўнікальных нацыянальных касцюмаў удзельнікаў свята. Не стаў выключэннем і сёлетні, юбілейны, фестываль.

Яднанне музыкі і сяброўства

Тры дні,  9 — 11 чэрвеня, святочныя мерапрыемствы ішлі ў рэжыме нон-стоп на розных гарадскіх пляцоўках. Пастаўчане і госці горада прывыклі да таго, што самым багатым на відовішчныя па­дзеі з’яўляецца вечар другога фестывальнага дня. Не падманула чаканні гледачоў рэжысёрска-пастановачная група і на гэты раз. Адкрыццё фестывалю падарыла шмат незабыўных эмоцый ад сустрэчы з сапраўдным мастацтвам, уразіла маштабнасцю вакальна-харэаграфічных кампазіцый і высокім узроўнем выканальніцкага майстэрства.

Захоўваючы традыцыі фестывалю, яго ўдзельнікі былі задзейнічаны ў старажытным славянскім абрадзе кумавання. Па чарзе кіраўнікі калектываў праходзілі пад бярозавай брамай, абменьваліся падарункамі ды пацалункамі. Гаспадары свята, каб замацаваць сяброўства, абдарылі сваіх дарагіх гасцей фестывальнымі шалі­камі, пасля чаго народныя таленты розных краін з’ядналіся ў агульным карагодзе.

IMG_3577

Сёлета на музычнае свята ў Паставы завіталі каля 400 самадзейных артыстаў з усіх куткоў Беларусі, а таксама з Расіі, Польшчы, Украіны, Эстоніі, Латвіі, Літвы, прадстаўнікі Бабруйскай нямецкай суполкі. Па-ранейшаму захаваўся вельмі высокі статус журы фестывалю, якое ўзначальваюць народныя артысты Беларусі, прафесары Міхаіл Антонавіч Казінец і Міхаіл Паўлавіч Дрынеўскі.  

Традыцыйна разам з творчымі калектывамі на фестываль прыязджаюць афі­цыйныя дэлегацыі некаторых замежных краін, гарадоў-пабрацімаў, суседніх раёнаў Віцебшчыны (сёлета гэта прадстаўнікі Докшыц, Шаркаўшчыны і Браслава) і ганаровыя госці. У іх ліку намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Васіль Мечыслававіч Чэрнік, старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Уладзімі­равіч Цярэнцьеў, начальнік упраўлення фізічнай культуры, спорту і турызму Віцебскага аблвыканкама Васіль Аляксеевіч Захарэвіч, старшыня Віцебскай абласной арганізацыі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Віктар Сяргеевіч Гутараў, які больш за 7 гадоў узначальваў наш раён, старшыня грамадскага фонду імя Агінскага Пётр Уладзімі­равіч Южык, заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь, які ў свой час стаяў ля вытокаў пастаўскага фестывалю, Мікалай Пятровіч Пашынскі. 

IMG_4248

У прывітальным адрасе Міністэрства культуры, які зачытаў В. М. Чэрнік, Міжнародны фестываль “Звіняць цымбалы і гармонік” характарызуецца як значная культурная падзея нашай краіны і ўзор развіцця рэгіянальнай культуры. Пра яго высокі статус гаварыў і У. У. Цярэнцьеў:

— Пастаўскі фестываль мае не такі вялікі ўзрост, як, да прыкладу, “Браслаўскія зарніцы”, ён не такі шырокамаштабны, як “Славянскі базар у Віцебску”, але тое, што з года ў год збірае разам самых лепшых майстроў, аматараў і прыхільнікаў народнай музычнай культуры, гаворыць пра многае. Ні ў адным райцэнтры Беларусі, ні на адным фестывалі няма такога прадстаўнічага журы — прафесары, народныя артысты, кампазітары. Гэта брыльянты нашай нацыянальнай культуры.

IMG_3646

Падчас урачыстай цырымоніі адкрыцця фестывалю з прывітальным словам да яго ўдзельнікаў і гасцей звярнуўся таксама старшыня Пастаўскага райвыканкама Сяргей Васільевіч Чэпік:

— Мы з нецярпеннем чакалі гэтую радасную падзею, старанна да яе рыхтаваліся. Тым больш што сёлетні, юбілейны, фестываль праводзіцца ў Год навукі, а пастаўская зямля за сваю шматвяковую гісторыю ўзгадавала дзясяткі вядомых ва ўсім свеце людзей: вучоных, выдатных грамадска-палітычных дзеячаў, музыкаў і мастакоў. А яшчэ Пастаўшчына спрадвеку славіцца сваімі традыцыямі і музычнай спадчынай. Самыя старадаўнія цымбалы загучалі менавіта тут. Мы любім свой фестываль і ганарымся ім. Галоўнае, што кожны год атрымліваецца сапраўднае, шчырае, душэўнае свята — свята радасці, весялосці і творчасці.

Словы кіраўніка раёна пра тое, што наша зямля багатая на таленавітых людзей, пацвердзілі сваёй прысутнасцю на свяце знакамітыя землякі-навукоўцы: доктар тэхнічных навук, замежны член Расійскай акадэміі архітэктуры і будаўнічых навук, акадэмік Пад’ёмна-транспартнай акадэміі навук Украіны, загадчык кафедры, прафесар Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта Антон Уладзіміравіч Вавілаў і доктар гуманітарных навук, намеснік загадчыка прыватнай адукацыйнай сістэмы Польшчы, супрацоўнік кафедры беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэта Іосіф Пятровіч Зямчонак. Менавіта яны, а таксама лепшыя навучэнцы Пастаўшчыны, пераможцы рэспубліканскіх і абласных алімпіяд падчас цырымоніі адкрыцця фестывалю паднялі на святочнай плошчы сцягі ў гонар замежных гасцей і сяброўства паміж краінамі.      

Карагод народных талентаў

Штогод арганізатары фестывалю імкнуцца разнастаіць склад яго ўдзельнікаў. Наш зямляк, нязменны член журы Тадэвуш Іванавіч Стружэцкі адзначыў, што “… гэта зусім няпростая задача, бо калектывы не растуць як грыбы”. І усё ж у чарговы раз фестываль адкрыў новыя цікавыя імёны. Магчымасць далучыцца шырокаму колу гледачоў да народнай творчасці прадаставіў “Пастаўскі баль” пад патранатам графа Антонія Тызенгаўза. Падчас гэтага тэатралізаванага прадстаўлення свае нумары прадэманстравалі ўсе ўдзельнікі свята.  

IMG_4274

 Упершыню на пастаўскі фестываль прыехаў жарт-гурт “Чып” з украінскага горада Харошаў Жытомірскай вобласці. Каларытныя хлопцы гэтага фальклорнага калектыву пакарылі публіку не толькі пранізлівым інструментальным выкананнем нацыянальных песень, але і ўнікальным голасам (у 3,5 актавы) яго галоўнага саліста Аляксандра Нічыпарэнкі. Гарэзлівымі прыпеўкамі на розныя тэмы запомніўся ансамбль гарманістаў і частушачніц “Найгрышы” з Расіі (Смаленская вобласць). Парадавалі гледачоў іскрыстым народным талентам латышы. Сёлета гэту прыбалтыйскую краіну на фестывалі прадстаўлялі адразу тры калектывы: ансамбль танца “Аугжземе”, гісторыя якога налічвае ўжо больш за тры дзясяткі гадоў, фальклорны ансамбль “Разна” Каўнаскай вобласці і ансамбль беларускай песні “Лянок”  з Елгавы. Высокі ўзровень выканальніцкага майстэрства прадэманстравалі літоўскі ансамбль “Гарманісты Аўкштайціі” і музычны калектыў “Эржвілка бандонія”, які ўжо адзначыў 40-годдзе і прызнаны ў сваёй краіне спадчынай нематэрыяльнай культуры.

Шмат славутых калектываў і асобных выканаўцаў, выступленні якіх пакінулі незабыўныя ўражанні, прадстаўляла Беларусь. Сярод суквецця народных талентаў нашай краіны надзвычай ярка выглядаў ансамбль “Лебедзеўскія выкрутасы” Лебедзеўскай дзіцячай школы мастацтваў Маладзечанскага раёна. У яго рэпертуары — апрацоўкі беларускіх песень і танцаў, аўтарскіх твораў беларускіх кампазітараў, асноўную інструментальную ролю выконваюць дудкі, цымбалы, скрыпка і акарына — візітка ансамбля.

IMG_3906

Нягледзячы на тое, што “Звіняць цымбалы і гармонік” — фестываль народнай музыкі, ён абсалютна арганічна злучае ў сабе традыцыі і сучаснасць. Яркую кропку ў “Пастаўскім балі” паставіла фаер-брыгада з Ліды. Адзіная дзяўчына ў калектыве Ірына расказвае:

— Калектыў “Огненные Вороны” — гэта трое чалавек. Мы ўсе працуем абсалютна ў розных сферах і пры гэтым нас цесна звязала любоў да вогненнага мастацтва. Самі шыем касцюмы для выступленняў, майструем неабходны рэквізіт. Адной з “фішак” нашай брыгады з’яўляецца вогненны шар — самы вялікі ў рэспубліцы, ніхто з “калег па цэху” не можа пахваліцца рэквізітам такіх памераў. Штогод у Лідзе мы ладзім вялікае мерапрыемства гарадскога маштабу, а таксама заўсёды з вялікім задавальненнем удзельнічаем у розных фестывалях накшталт пастаўскага. 

Яшчэ адным падарункам для прыхільнікаў сучаснага мастацтва пад заслону другога фестывальнага дня стаў канцэрт шоу-групы “Маракасы” Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. Іх рэпертуарны дыяпазон надзвычай шырокі: ад песень Земфіры, гуртоў “Кино”, “Ленинград”, “Фрукты”  і да Юрыя Антонава, Ціны Цёрнер, Тома Джонса і інш. А апоўначы неба над Паставамі расквеціў святочны феерверк. 

 

На развітанне

У нядзелю, 11 чэрвеня, усе жадаючыя маглі паслухаць на плошчы Леніна канцэрт ваеннага духавога аркестра 19-й асобнай механізаванай брыгады з вёскі Заслонава Лепельскага раёна. Пасля гэтага ўдзельнікі і госці фестывалю вялікай святочнай калонай перамясціліся ў гарадскі парк, дзе і адбылося фінальнае мерапрыемства трохдзённага музычнага марафона ў Паставах — заключны гала-канцэрт. На развітанне з ХХ Міжнародным фестывалем яго ўдзельнікі праз свае выступленні падарылі пастаўчанам і гасцям горада радасць яшчэ раз дакрануцца да народнай творчасці. Самым хвалюючым момантам стала цырымонія ўзнагароджвання. Старшыня журы Міхаіл Антонавіч Казінец, падводячы вынікі свята, адзначыў:

— “Звіняць цымбалы і гармонік”— той самы фестываль, у якім няма тых, хто прайграў. Мы ўсе выйгралі ад таго, што сустрэліся, што мелі магчымасць чуць адно аднаго і дзяліцца часцінкамі сваіх непаўторных нацыянальных культур. 

245A9282

ХХ Міжнародны фестываль у Паставах стаў гісторыяй. Чарговыя цікавыя сустрэчы з народнымі талентамі цяпер адбудуцца толькі праз год.

Людміла ЗЕЛЯНКЕВІЧ.

Фота аўтара і Сяргея ВШЫЎКАВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.