Без аўралу

Сельское хозяйство

Механізатар Мар’ян Кісель са Славамірам Ландышкам.
Механізатар Мар’ян Кісель са Славамірам Ландышкам.

Корманарыхтоўка — важнае звяно ў кругавароце сельгасработ. Наколькі зладжана яна будзе праведзена, залежыць становішча ў жывёлагадоўлі на працягу ўсяго года.

У ААТ «Навасёлкі-Лучай» работа ідзе зладжана. У мінулую сераду тэхніка працавала на палях коўзанскага аддзялення. Ля новай робатызаванай фермы закладвалі другую сянажную яму. На трамбоўцы правяленай масы на “Кіраўцы” шчыраваў Ула­дзімір Праліч. Яго напарнік Казімір Віннік быў на выхадным. У начную змену трамбоўкай звычайна займаецца Мікалай Татарчук.

— Менавіта ад гэтых механізатараў у многім залежыць якасць корму, — гаварыў начальнік аддзялення Славамір Алегавіч Ландышка. — Зялёная маса павінна быць вызначанай вільготнасці. А калі стаялі надзвычай сонечныя дні, трава хутка высыхала. Рупяцца ўсе. Рэжым работы стабільны, ніякага аўралу. Прымушаць працаваць нікога не трэба.

Уладзімір Праліч.
Уладзімір Праліч.

У гаспадарцы травы першым укосам трэба ўбраць з 1944 гектараў, нарыхтаваць 23200 тон сенажу і 2370 — сена. Немалы разлік робіцца на кукурузу, з якой восенню будзе закладвацца сілас. Калі ў большасці гаспадарак раёна каровы з вясны да восені пасвяцца ў полі суткамі, то ў ААТ “Навасёлкі-Лучай” дойны статак круглы год на стойлавым утрыманні. Гэта патрабуе дадатковых запасаў і сенажу, і сіласу.

Жывёле, якая ўтрымліваецца на комплексе ў Коўзанах, кожны дзень патрабуюцца 32 тоны розных кармоў. Летась былі закладзены тры ямы сенажу і столькі ж кукурузнага сіласу. Пераходны фонд застаўся, запасы папаўняюцца. У коўзанскім аддзяленні трэба было скасіць травы на 660 гектарах. Гэта больш, чым у мінулым го­дзе. Хоць травы сёлета крыху слабейшыя за леташнія, дастатковую колькасць кармоў разлічваюць назапасіць за кошт павелічэння плошчы на некалькі дзясяткаў гектараў.

Юрый Гваздоў і Сяргей Салонінка.
Юрый Гваздоў і Сяргей Салонінка.

— Касьба траў ужо завершана ў навасёлкаўскім аддзяленні, — расказваў С. А. Ландышка. — Пасля коўзанскага на чарзе лучайскае. Нашы людзі не адзін сезон правераныя “зялёным жнівом”. Напрыклад, для Юрыя Гваздова, які па выніках работы за мінулы год удастоены звання “Чалавек года Пастаўшчыны”, гэта дваццатая корманарыхтоўка. Ён займаецца здрабненнем зялёнай масы. Пятнаццаць гадоў працуе на адным “Ягуары”. У добрых руках і тэх­ніка служыць надзейна. Сяргею Салонінку сёлета даверылі новы КВК-800, а да гэтага сямнаццаць гадоў за ім быў замацаваны “Ягуар”. Падборам зялёнай масы і падачай яе ў прычэпы займаецца таксама Павел Рагіня.

Трынаццаць адзінак тэхнікі — МАЗы і трактары розных мадыфікацый — адвозяць зялёную масу з поля да сянажных траншэй. Зграбаннем у валкі занятыя Яніс Вішнеўскі, Віктар Лешчык, Аляксандр Залецкі і Аляксандр Курдо. Упакоўка сенажу ў стрэйч-плёнку даручана Анатолю Якубёнку, прасаванне сена — Аляксандру Муляронку.   

Руслан Шымко.
Руслан Шымко.

Першымі ж на сенажаць уз’язджаюць ка­сіл­кі Руслана Шымко, Аляксандра Смолкі, Валерыя Мацура, Аляксандра Федаронка, Дзмі­трыя Казака і Андрэя Врублеўскага. Апошні ў механізаваны атрад уліўся нядаўна — сям’я Андрэя пераехала ў ААТ “Навасёлкі-Лучай” з Міёрскага раёна. Чалавек стараецца, і ўсё ў яго атрымліваецца. Тэмпы, вядома, залежаць ад многіх фактараў. У дзень нашага наведвання аддзялення касілкі працавалі на дробнаконтурных палях.

— На “пятачках” размах не той, — гаварыў Руслан Шымко, якога сустрэлі на бліжэйшым ад дарогі полі. — Час траціцца на пераезд з поля на поле і манеўраванне. Зусім з іншым настроем працуецца на вялікіх меліяраваных палях, на якіх ёсць магчымасць і разагнацца, і развярнуцца без затрымкі. Але ж травы трэба ўбіраць усюды.

Тэкст і фота Анны АНІШКЕВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.