“Бяздзеянне — шлях да большых праблем”


600x3982-

У апошні час асаблівую актуальнасць ва ўсім свеце набывае праблема сямейнага насілля. У адпаведнасці з афіцыйнай статыстыкай, штогод ад дамашніх тыранаў на планеце гіне больш за паўмільёна чалавек і столькі ж людзей атрымліваюць цялесныя пашкоджанні. Даволі востра гэта праблема стаіць і ў Беларусі, дзе каля 30 працэнтаў злачынстваў гвалтоўнага характару здзяйсняецца менавіта ў сям’і, а іх ахвярамі становяцца, як правіла, жанчыны, дзеці, інваліды і састарэлыя. Прычым бытавое насілле мае месца не толькі ў сацыяльна нядобрана­дзейных сем’ях, але і ў знешне прыстойных і інтэлігентных.

— Фактычна не праходзіць і дня, каб у зводцы здарэнняў нашага райаддзела міліцыі не фігурыраваў той ці іншы факт бытавога насілля, — канстатуе старшы інспектар прафілактыкі аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Пастаўскага РАУС Марыя Аляксандраўна ІЎЛІЕВА, якую карэспандэнт “ПК” запрасіла да размовы на дадзеную тэму. — Не заўсёды гэта злачынства або правапарушэнне, часта — проста паведамленне аб нядобранадзейным становішчы ў сям’і, калі паміж яе членамі адбыўся канфлікт і спатрэбілася ўмяшальніцтва міліцыі. Бывае, такіх паведамленняў паступае па тры-чатыры за суткі. У асноўным у выхадныя, святочныя і перадсвяточныя дні, калі большасць грамадзян дома і для аматараў выпіць ёсць нагода ўжыць спіртныя напіткі. Трэба адзначыць, што праблема п’янства цесна звязана з бытавым насіллем і нярэдка яго правакуе. Адзінкавыя выпадкі, калі людзі сварацца ў цвярозым стане.

Гаворачы лічбамі, то на 1 мая бягучага года ў раёне былі складзены 64 адміністрацыйныя пратаколы на сямейных дэбашыраў і ўзбуджана 6 крымінальных спраў так званай прэвентыўнай накіраванасці. Гэта справы па артыкулах, якія не прадугледжваюць такога жорсткага пакарання, як за здзяйсненне цяжкіх злачынстваў (забойства, прычыненне цяжкіх цялесных пашкоджанняў). Аднак іх санкцыі даюць зразумець, што сямейна-бытавое насілле — таксама злачынства, якое караецца законам.

— Існуе некалькі відаў сямейна-бытавога насілля: фізічнае, псіхалагічнае, сексуальнае і эканамічнае. Па якіх пастаўчане звяртаюцца ў РАУС найчасцей?

— Каля 90 працэнтаў зваротаў звязана з фізічным насіллем, калі адзін з членаў сям’і паднімае руку на сваіх блізкіх. Па-першае, такія выпадкі — не рэдкасць у нашым жыцці. А па-другое, пра фізічнае насілле прасцей даведацца і акружэнню грамадзян, у дачыненні да якіх яно здзейснена, і нам, супрацоўнікам міліцыі, чым пра тое ж эканамічнае насілле, па прычыне яго большай відавочнасці. Мы стараемся маніторыць сітуацыю. Падтрымліваем сувязь з цэнтральнай раённай бальніцай, адкуль нам паведамляюць пра грамадзян, дастаўленых з цялеснымі пашкоджаннямі. Падаюць інфармацыю пра канфлікты ў сем’ях таксама сельскія Саветы.

Значна менш рэгіструем фактаў псіхалагічнага насілля, калі аднаму або некалькім членам сям’і прычыняюцца псі­хічныя пакуты. Мы выяўляем іх толькі ў тым выпадку, калі сам пацярпелы звяртаецца ў міліцыю. А адбываецца гэта нячаста.

— Як думаеце, чаму?

— Як правіла, нашы людзі не “абнародуюць” свае сямейныя праблемы, таму што саромеюцца пра іх гаварыць або проста не ведаюць, як паступіць. Часам ім на дапамогу прыходзяць родныя, знаёмыя, калегі, якія тэлефануюць у райаддзел і расказваюць пра выпадкі дамашняга насілля. Напрыклад, аднойчы да нас звярнуліся калегі жанчыны, якія бачылі, што тая пастаянна прыходзіць на работу з сінякамі, але не можа рашыцца пераступіць парог міліцыі.

У сваю чаргу мы ўвесь час заклікаем да таго, каб людзі не замоўчвалі факты насілля, бо, калі сітуацыя ў сям’і накалілася, гэта можа прывесці да вельмі сур’ёзных наступстваў. Да таго ж закон на баку ахвяр дамашніх тыранаў. Рашэннем начальніка РАУС апошнім можа быць выдадзена ахоўнае прадпісанне, якое ўстанаўлівае шэраг абмежаванняў на зносіны з асобамі, якім прычынены боль і пакуты. Забараняецца  падтрымліваць з імі сувязь па тэлефоне і праз інтэрнэт, пражываць на адной тэрыторыі, распара­джацца сумеснай уласнасцю. Ахоўнае прадпісанне ўстанаўліваецца на тэрмін ад 3 да 30 дзён, і яго выкананне кантралюецца ўчастковымі інспектарамі і іншымі супрацоўнікамі міліцыі.

— Са сказанага вышэй магу зрабіць выснову, што ў асноўным сямейнае насілле здзяйсняецца ў адносінах да прадстаўніц слабага полу.

— Гэта так. Выпадкі, калі мужчыны церпяць ад дзеянняў сваіх жонак або сужыцелек, у нашай практыцы адзінкавыя. Большасць ахвяр — жанчыны, якія маюць пэўны сямейны вопыт. Часта іх мужы злоўжываюць спіртнымі напіткамі або выпіваюць ад выпадку да выпадку. Ра­дзей ахвярамі дамашніх тыранаў становяцца іншыя родныя: бацькі, браты або сёстры. І амаль заўсёды ў сем’ях, дзе адбываюцца канфлікты, пакутуюць непаўналетнія дзеці. Бачачы ўсё гэта, яны атрымліваюць сур’ёзную псіхалагічную траўму, якая будзе суправаджаць іх на працягу ўсяго жыцця.

Па статыстыцы, у Беларусі насілле ў той або іншай форме ажыццяўляецца ў кожнай чацвёртай сям’і. Штогод больш за 14 тысяч жанчын гінуць ад рук партнёра або іншых блізкіх родных.

Да 40% цяжкіх гвалтоўных злачынстваў адбываецца ў сем’ях.

— А якую работу па папярэджанні сямейна-бытавога насілля праводзіць РАУС?

— Мы ўвесь час інфармуем насельніцтва пра тыя паслугі, якія пацярпелыя могуць атрымаць у раёне. Стараемся, каб ва ўсіх грамадскіх месцах, на прадпрыемствах, у арганізацыях і ўстановах была наглядная друкаваная інфармацыя — плакаты, лістоўкі — з адрасамі і тэлефонамі, па якіх можна звярнуцца ў выпадку насілля ў сям’і. Такім чынам “рэкламуем” дзейнасць іншых службаў — таго ж тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, дзе ёсць “крызісны пакой”, псіхолаг, прапануюцца паслугі юрыста сем’ям, якія трапілі ў складаную сітуацыю, звязаную з насіллем. Псіхолаг і нарколаг працуюць у цэнтральнай раённай бальніцы. Яны прымаюць на ананімнай аснове як паасобку, так і сямейныя пары.

Увогуле, каб перамагчы дамашняе насілле, трэба дапамагчы чалавеку справіцца з алкагольнай залежнасцю або прымусіць яго кінуць піць. Над гэтым і працуем. Калі грамадзянін двойчы трапляе ў міліцыю ў нецвярозым стане і на яго складаюцца пратаколы, тлумачым яму ўсе наступствы таго, што можа быць, калі ён прадоўжыць у тым жа духу. Пасля трэцяга пратакола ставім на ўлік, і з гэтага моманту ўчастковы наведвае аматара спіртнога па месцы жыхарства, гутарыць з членамі яго сям’і, дастаўляе на прафілактычныя мерапрыемствы — дэманстрацыі фільмаў, лекцыі нарколага, псіхіятра. Акрамя таго, чалавек, які тройчы на працягу года прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці за здзяйсненне правапарушэнняў у нецвярозым стане, накіроўваецца на наркалагічную камісію, і яму ставіцца дыягназ. Калі прызнаецца, што ён пакутуе ад алкагалізму, апошняе афіцыйнае папярэджанне аб’яўляецца начальнікам РАУС. А далей ужо лячэбна-працоўны прафілакторый. У барацьбе з п’янствам пастаянна выяўляем месцы незаконнага вырабу алкаголю і яго рэалізацыі.

Асаблівую ўвагу праблеме сямейна-бытавога насілля ўдзяляем падчас правя­дзення адпаведных прафілактычных акцый і мерапрыемстваў. У нас ёсць спецыяльнае комплекснае мерапрыемства “Быт”, накіраванае ў першую чаргу на папярэджанне і выяўленне фактаў сямейнага насілля і кантроль за тымі грама­дзянамі, якія трапілі да нас на ўлік. Штогод удзельнічаем у рэспубліканскай акцыі “Дом без насілля”. Сёлета яна праходзіла з 17 па 28 красавіка.

— Якія мерапрыемствы ўключала ў сябе гэта акцыя і якія яе вынікі?

— Асноўнай задачай было праверыць тых асоб, якія стаяць у нас на ўліку як сямейныя дэбашыры. Наведвалі не толькі іх, гутарылі з суседзямі, членамі сем’яў, каб яшчэ раз пераканацца: перастаў чалавек канфліктаваць з блізкімі або з ім трэба працаваць далей. Займаліся растлумачальнай работай з тымі, хто можа трапіць на ўлік. Праводзілі наркалагічныя камісіі, савет прафілактыкі, на якім прысутнічалі прадстаўнікі ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, бо адна з прычын нядобранадзейнасці ў сем’ях — незанятасць асоб. Многія з іх не могуць або не жадаюць знайсці работу і на гэтым фоне ўжываюць спіртное.

За час правядзення акцыі па месцы жыхарства мы наведалі 47 асоб, якія знаходзяцца на прафілактычным уліку ў сувязі са здзяйсненнем правапарушэнняў у быце, 9 асоб пастаўлены на ўлік. У выязных судовых пасяджэннях разгледжаны 2 справы аб адміністрацыйных правапарушэннях, аб’яўлена 12 афіцыйных папярэджанняў, вынесена 5 ахоўных прадпісанняў, адной асобе аказана садзейнічанне ў працаўладкаванні. Да нарколага накіравана 6 чалавек, якія раней да яго не звярталіся, але мелі падставы для гэтага. У адно­сінах да 4 чалавек прыняты рашэнні аб накіраванні іх у ЛПП і столькі ж туды адпраўлена. Узбуджана адна крымінальная справа па артыкуле “Катаванне”. Прызнана, што трое дзяцей з адной сям’і знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, і гэта сям’я пастаўлена на ўлік.

— Марыя Аляксандраўна, куды трэба звяртацца ахвярам сямейна-бытавога насілля?

— Найперш гэта дзяжурная часць Пастаўскага РАУС, нумары тэлефонаў — 4-10-02 і 102. Па іх можна паведаміць і пра факты насілля ў чужых сем’ях. Таксама на пастаяннай аснове дзейнічае агульнанацыянальная “гарачая лінія” (тэл. 8-801-100-8-801), дзе вы бясплатна, ананімна атрымаеце кансультацыю па пытаннях, звязаных з насіллем у сям’і. Як ужо гаварыла вышэй, на базе ДУ “Пастаўскі ТЦСАН” створаны і функцыянуе “крызісны пакой” для ахвяр сямейнага насілля. Падрабязную інфармацыю пра яго работу вам дадуць у РАУС па тэлефоне 4-32-25.

Гутарыла Алена ШАПАВАЛАВА.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.