“Далёка не ва ўсіх такія цудоўныя ўмовы”

Местная власть

Міністр працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь Ірына Анатольеўна Касцевіч (другая справа) у суправаджэнні Веры Мікалаеўны Астапенка,   Сяргея Васільевіча Чэпіка, Паўла Іванавіча Паўловіча і ўрача дома-інтэрната Генадзія Зігфрыдавіча Галімскага.
Міністр працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь Ірына Анатольеўна Касцевіч (другая справа) у суправаджэнні Веры Мікалаеўны Астапенка, Сяргея Васільевіча Чэпіка, Паўла Іванавіча Паўловіча і ўрача дома-інтэрната Генадзія Зігфрыдавіча Галімскага.

У мінулую пятніцу міністр працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь Ірына Анатольеўна Касцевіч наведала Дунілавіцкі псіханеўралагічны дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў і Пастаўскае аддзяленне дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

У рабочай паездцы міністра суправаджалі старшыня Віцебскага абласнога камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Аляксандр Мікалаевіч Хрыстафораў, начальнік упраўлення сацыяльнай падтрымкі насельніцтва і стацыянарных устаноў вышэйназванага камітэта Вера Мікалаеўна Астапенка, старшыня Пастаўскага раённага выканаўчага камітэта  Сяргей Васільевіч Чэпік і яго намеснік Юрый Мікалаевіч Кісялёў.

             Першымі міністра сустракалі дырэктар дома-інтэрната Павел Іванавіч Паўловіч і яго работнікі. І. А. Касцевіч агледзела жылыя і службовыя памяшканні, азнаёмілася з умовамі пражывання і медыцынскага абслугоўвання, творчымі майстэрнямі, пагутарыла з пастаяльцамі і абслуговым персаналам.

Новы жылы корпус дома-інтэрната на 198 чалавек уве­дзены ў эксплуатацыю ў снежні 2012 года, медыцынскі блок з сучасным абсталяваннем — у 2013-ым. На гэтыя мэты былі накіраваны даходы, атрыманыя ад капіталізацыі часова свабодных сродкаў Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва, і сродкі абласнога бюджэту (адпаведна 34,5 і 1,7 мільярда недэнамінаваных рублёў).  У ходзе выканання мерапрыемстваў падпраграмы “Развіццё стацыянарных устаноў сацыяльнага абслугоўвання на 2011-2015 гады” праве­дзены рамонт жылога корпуса № 1, і ў снежні мінулага года з’явілася магчымасць расшырыць яго на 12 месцаў.

У бягучым годзе з абласнога бюджэту на рамонт выдзелена 1500 рублёў. Яны выкарыстаны на ўстаноўку 2 пандусаў, касметычны рамонт лазнева-пральнага комплексу, сталовай, абнаўленне малых архітэктурных форм на тэрыторыі дома-інтэрната. Рамонтныя работы вядуцца ў жылым корпусе № 3. Набыта мэбля для ўкамплектавання 20 дадатковых месцаў. У верасні плануецца засяленне.

Кошт пражывання ў разліку на адзін ложак-дзень складае 18,86 рубля, у тым ліку харчавання — 3,16. Для яго патаннення выкарыстоўваецца прадукцыя, якая вырошчваецца ў падсобнай гаспадарцы дома-інтэрната (летась сабрана 56,8 тоны агародніны, 34,4 — бульбы, 5,4 — яблыкаў, надоена 30 тон малака, рэалізавана 5,1 тоны мяса). Абсталявана памяшканне для сушкі фруктаў, што дазволіла сэканоміць бюджэтныя сродкі на набыццё суха­фруктаў  у памеры 0,4 тысячы рублёў. За пазабюджэтныя сродкі ў мінулым годзе пабудаваны 2 цяпліцы, высаджана 75 кустоў чорных парэчак, абноўлены дойны статак. Яшчэ адна цяпліца ўзве­дзена сёлета. На 200 рублёў рэалізавана расады памідораў.

У інтэрнаце функцыянуюць 6 рэабілітацыйна-працоўных майстэрань (швейныя, сталярныя, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва), 6 кабінетаў для арганізацыі працоўнай тэрапіі. Дзейнічаюць 20 гурткоў рознага профілю і 8 клубаў па інтарэсах, 6 брыгад (гаспадарчыя, будаўнічыя, па добраўпарадкаванні). За студзень-май рэалізавана вырабаў гурткоўцаў больш чым на 346 рублёў. Актыўна ўкараняюцца інавацыйныя формы работы, накіраваныя на развіццё працоўнай і сацыяльнай рэабілітацыі пражываючых. Адкрыта аддзяленне дэменцыі. Яго задача — аднаўленне функцыі галаўнога мозгу, прафілактыка пагаршэння псіхаэмацыянальнага стану. Арганізавана суправаджальнае пражыванне 30 чалавек, у тым ліку на другім этапе — 5-ці. Сумесна з ТЦСАН, аналагічным домам-інтэрнатам у Глыбоцкім раёне і АДРАЦ “Ветразь” рэалізуюцца 5 сацыяльных праектаў. Яны накіраваны на атрыманне навыкаў зносін, узроўню кампетэнцыі, павышэнне эфектыўнасці кіравання сваім жыццём, фарміраванне здольнасцей вырашаць праблемныя сітуацыі, развіваць творчасць, на аздараўленне і рэабілітацыю. У верасні мінулага года ў рамках праекта “Беларусь на шляху дэінстытуалізацыі. Стварэнне адукацыйнай прасторы для людзей (18+) з інтэлектуальнымі захворваннямі” міжнароднага грамадскага аб’яднання “Голас сэрца” пачаў работу цэнтр навучання і развіцця з камп’ютарным класам.

— У Беларусі 80 дамоў-інтэрнатаў, — гаварыла І. А. Касцевіч. — Але далёка не ва ўсіх такія цудоўныя ўмовы. Дунілавіцкі адзін з навейшых. Радуюць дзелавы настрой і канкрэтная работа працоўнага калектыву па падтрыманні парадку ў памяшканнях і на прылеглай тэрыторыі, належным абслугоўванні пастаяльцаў. Адчуваецца, што калектыў прыкладвае нямала намаганняў да таго, каб кожны з 200 пражываючых адчуваў сябе тут камфортна і ўтульна.

Затым міністр накіравалася ў дзённае аддзяленне для грамадзян пажылога ўзросту Па-стаўскага ТЦСАН. З яго работай госцю азнаёміла дырэктар Д. І. Пякарская. Ірыну Анатольеўну Касцевіч прыемна ўразіла ўбачанае.

Хлебам-соллю віталі міністра ў дзённым аддзяленні для грамадзян пажылога ўзросту Пастаўскага ТЦСАН.
Хлебам-соллю віталі міністра ў дзённым аддзяленні для грамадзян пажылога ўзросту Пастаўскага ТЦСАН.

— Прыярытэтныя кірункі работы дзяржавы — занятасць і сацыяльнае абслугоўванне насельніцтва, — гаварыла міністр працы і сацыяльнай абароны. — Пакуль чалавек малады, кожны дзень прабягае імкліва, няма часу думаць пра старасць. Але яна не абмінае нікога. І вельмі важна, выйшаўшы на пенсію, мець занятак для душы. З гэтай мэтай і ствараюцца такія аддзяленні. У рэспубліцы 140 тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Іх колькасць трэба павялічваць для таго, каб людзі пажылога ўзросту не былі абдзелены ўвагай, каб ім было дзе сустрэцца з аднадумцамі, заняцца любімай справай. У будучым пералік паслуг, якія аказваюць тэрытарыяльныя цэнтры, будзе пашырацца.

Тэкст і фота Анны АНІШКЕВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.