Дзённы стацыянар — зручная альтэрнатыва


У першым радзе: Н. П. Змяеўская і М. П. Маскалёва (справа), у другім — Н. В. Танана, Н. П. Маісеева, С. С. Пляшак.
У першым радзе: Н. П. Змяеўская і М. П. Маскалёва (справа), у другім — Н. В. Танана, Н. П. Маісеева, С. С. Пляшак.

Патрабуецца лячэнне, а легчы ў стацыянар няма магчымасці? Не бяда — скарыстайцеся альтэрнатывай — дзённым стацыянарам пры паліклініцы цэнтральнай раённай бальніцы.

Так і робяць многія пацыенты. Штогод тут пралечваецца да паўтары тысячы чалавек. А створана аддзяленне ў 2001 годзе першым у Віцебскай вобласці ў парадку эксперымента. Ён аказаўся паспяховым, у чым несумненная заслуга галоўнага ўрача ўстановы аховы здароўя “Пастаўская ЦРБ” Ула­дзіміра Мікалаевіча Чакавага, загадчыка Маргарыты Пятроўны Маскалёвай, усяго калектыву. Пазней у Паставы прыязджалі па вопыт з іншых раёнаў і стваралі аналагічныя адзяленні ў сябе.

— Такая форма атрымання медыцынскай дапамогі вельмі запатрабаваная, — гаварыла М. П. Маскалёва, — бо пацыенты знаходзяцца ў зручных для сябе ўмовах, могуць лячыцца, не адрываючыся ад работы або іншых сваіх неадкладных заняткаў. У нас 35 ложкаў, працуем штодзённа ў тры змены — з 7-мі раніцы да 7-мі вечара, а ў суботу і нядзелю — да 13-ці.

Не даводзіцца сумнявацца і ў якасці лячэння, бо ў аддзяленні, акрамя загадчыцы, працуюць такія вопытныя ўрачы, як неўролаг Наталля Паўлаўна Змяеўская, хірург Уладзімір Аляксеевіч Шчалкун, акулісты Святлана Іванаўна Атрахімовіч і Вольга Антонаўна Жызнеўская. Вопытныя і вельмі адказныя і медсёстры: Наталля Пятроўна Маісеева, Святлана Гендрыкаўна Падгайская, Святлана Сідараўна Пляшак. Чысціню і ўтульнасць нястомна ствараюць санітаркі Наталля Васільеўна Танана і Валянціна Яўгеньеўна Канавалава.

— Наш дзённы стацыянар — адзін з нямногіх у вобласці, які працуе без выхадных, — падкрэсліў галоўны ўрач ЦРБ Уладзімір Мікалаевіч Чакавы. — Закрыць нават на кароткі час, на перыяд водпускаў, не маем магчымасці. Калектыў невялікі, але працуе зладжана і напружана. Ён неаднаразова выходзіў пераможцам як унутрыбальнічнага, так і раённага спаборніцтваў. Асобна хачу сказаць пра загадчыка. Маргарыта Пятроўна — доктар ад Бога, цалкам аддае сябе прафесіі, выкарыстоўвае самыя сучасныя методыкі лячэння, адзначаецца як найлепшая сярод загадчыкаў дзённых стацыянараў Віцебшчыны.

У цяперашніх няпростых умовах немалаважны і эканамічны эфект. Дык вось, летась кошт аднаго ложка-дня ў тэрапеўтычным стацыянарным аддзяленні склаў 34 рублі, а ў дзённым — 11 рублёў.

Канечне, усім нам хацелася б лячыцца бясплатна (так і было ў аддзяленні яшчэ шэсць гадоў таму). На жаль, эканамічная сітуацыя змянілася не ў лепшы бок. Але гэта залежыць не ад медыкаў.

Слова — пацыентам

Валянціна Рагіня:

— У дзённым аддзяленні лячуся не першы раз. Заўсёды атрымліваю кваліфікаваную дапамогу. Цудоўны загадчык, прыветлівы, уважлівы персанал, спакойная абстаноўка. Адно дрэнна, што трэба купляць лякарствы, але тут ужо нічога не зробіш.

Аляксей:

— Прабачце, але сваё прозвішча называць не буду, бо не хачу, каб на рабоце ведалі, што прыхварэў. У тым і адметнасць аддзялення, што лячэнне можна сумяшчаць з працай. А лечаць тут якасна.

Людміла Клімюк:

— Даводзіцца часта звяртацца да Маргарыты Пятроўны Маскалёвай. Колькі ў яе дабрыні, спагадлівасці! Вельмі адказна адносіцца да падбору лякарстваў, улічвае фінансавыя магчымасці для іх набыцця. Неаднойчы зойдзе ў палату, пацікавіцца станам, параіць тыя ці іншыя прэпараты.

Яўгеній Квяткоўскі:

— Сем гадоў таму перанёс інсульт і зараз па два разы ў год праходжу тут курс лячэння. У аддзяленні працуюць сапраўдныя прафесіяналы. Ім няпроста — сярод пацыентаў шмат лю­дзей пажылога ўзросту, з хра­нічнымі захворваннямі, — але дагаджаюць усім. Дзякуй за дабрыню і старанне.

 Фаіна КАСАТКІНА.

Фота Алены ШАПАВАЛАВАЙ.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.