Фестываль спрыяе развіццю горада і раёна


IMG_3202

Сёлета Паставы ў 20-ты раз прымаюць у сябе Міжнародны фестываль “Звіняць цымбалы і гармонік”. А для Сяргея Васільевіча Чэпіка гэта першы год, калі свята народнай музыкі ён сустракае не як радавы гараджанін, а як кіраўнік раёна. У інтэрв’ю карэспандэнту “Пастаўскага краю” старшыня раённага выканаўчага камітэта асэнсаваў значэнне фестывалю, яго традыцыі і сучаснасць. 

— Пастаўскі фестываль мае багатую гісторыю, сёлета ён праводзіцца ў 20-ты раз. Сяргей Васільевіч, якія, на ваш погляд, яго асноўныя здабыткі за гэты час?

— Хачу ўдакладніць, што фестываль народнай музыкі “Звіняць цымбалы і гармонік” 20-ты раз праводзіцца ў статусе міжнароднага, а прапісаўся ў Паставах з 1992 года. За гэты час стаў не толькі буйнейшай культурнай акцыяй, якая праводзіцца на Пастаўшчыне, але і зрабіў наш горад вядомым далёка за межамі Беларусі. Год ад году пашыраецца геаграфія яго ўдзельнікаў. За гэты час на мясцовых канцэртных пляцоўках выступілі звыш 13 тысяч самадзейных і прафесійных артыстаў з 21 краіны свету. Сёння Паставы маюць 13 гарадоў-пабрацімаў у Расіі, Літве, Латвіі, Эстоніі, Польшчы, Украіне. Супрацоўніцтва з многімі з іх пачалося менавіта дзякуючы культурным сувязям і нашаму фестывалю.

Падрыхтоўка да музычнага свята спрыяе развіццю інфраструктуры горада, сферы абслугоўвання, яго добраўпарадкаванню. У апошнія гады ў райцэнтры ўсталявалі скульптурныя кампазіцыі, вырабленыя на пленэрах каменячосаў, арганізаваных сумесна з Беларускай дзяржаўнай акадэміяй мастацтваў, якія сталі сапраўдным упрыгажэннем горада. Ды і ўвогуле фестываль стымулюе і камунальную службу, і гараджан падтрымліваць парадак у райцэнтры, каб годна сустракаць шматлікіх гасцей і пацвярджаць статус Пастаў як прыгожага, чыстага і ўтульнага горада з высокай культурай.

—  Мяркую, што ўдзельнікаў і гасцей фестывалю цікавяць не толькі культурныя складальнікі, але і эканамічнае становішча раёна?

—  Калі коратка ахарактарызаваць сітуацыю ў эканоміцы, то па апошнім рэйтынгу сацыяльна-эканамічнага развіцця наш раён займае 9-е месца сярод 21-го рэгіёна Віцебскай вобласці. Штогод у развіццё Пастаўшчыны ўсімі суб’ектамі гаспадарання ўкладваецца каля 20 мільёнаў долараў ЗША. 70% у агульным аб’ёме прыпадае на прамысловы комплекс, дзе дамінуюць перапрацоўка малака і дрэваапрацоўка. Прадукцыя мясцовых прадпрыемстваў экспартуецца больш чым у 20 краін свету. Развіваецца малы і сярэдні бізнес. У раёне захавана стабільная сітуацыя на рынку працы. Штогод ствараецца больш за 100 новых працоўных месцаў, у поўным аб’ёме рэалізуюцца мерапрыемствы па забеспячэнні занятасці насельніцтва. У 2017 го­дзе ўзровень зарэгістраванага беспрацоўя склаў 1,1%. Як бачыце, Пастаўшчына паступальна развіваецца.

Вяртаючыся да фестывалю, хачу падкрэсліць, што спачатку яго правядзенне адбывалася за кошт абласных і раённых сродкаў, а апошнія 4 гады грошы выдзяляе і Міністэрства культуры. Пры гэтым, улічваючы сучасныя патрабаванні да фестывальнага руху, перад намі стаіць задача частковай самаакупнасці свята за кошт атрымання дадатковых пазабюджэтных даходаў. Над гэтым і працуем.

— Вядома, што ў музычных колах Беларусі і за яе межамі пастаўскі фестываль карыстаецца вялікім аутарытэтам. Як з года ў год удаецца не зніжаць планку?

— Сапраўды, за гады свайго існавання наш фестываль выйшаў за рамкі конкурсу самадзейнай народнай творчасці і сёння з’яўляецца прэстыжным святам традыцыйнай культуры, узбагаціўшыся новымі формамі і гранямі. Разам з тым, мы імкнёмся захоўваць яго лепшыя традыцыі. У гэтым сэнсе і сёлетні год не стане выключэннем. Пройдуць усе значныя фестывальныя мерапрыемствы, добра вядомыя пастаўчанам: урачыстае адкрыццё свята на галоўнай плошчы горада, конкурс калектываў і выканаўцаў на народных інструментах «Хто каго?», «Пастаўскі баль», «Горад майстроў», агляд-конкурс сельскіх падворкаў, заключны гала-канцэрт і іншыя.

Па-ранейшаму захоўваецца вельмі высокі статус журы фестывалю, якое ўзначальваюць нашы добрыя і верныя сябры — народныя артысты Беларусі, прафесары Міхаіл Антонавіч Казінец і Міхаіл Паўлавіч Дрынеўскі.  

Як заўсёды, на нашым свяце злучаюцца майстэрства самых вядомых прафесійных калектываў і самадзейная народная творчасць. У гэты раз Нацыянальны акадэмічны народны аркестр Рэспублікі Беларусь імя Іосі­фа Жыновіча выступіць з канцэртамі беларускай і класічнай музыкі ў касцёле Святога Антонія Падуанскага і на гала-канцэрце фестывалю.

— Але, напэўна, і адметнасці ў сёлетняга фестывалю ёсць, улічваючы, што ён юбілейны?

— Мы чакаем каля 400 удзельнікаў фестывалю. На гэты раз прыедуць самадзейныя артысты і госці з усіх куткоў Беларусі, а таксама з Расіі, Украіны, Эстоніі, Латвіі, Літвы, Германіі (нямецкае культурнае аб’яднанне з Бабруйска) і Польшчы (прадстаўнікі Пасольства Рэспублікі Польшча і Польскага Інстытута з Мінска). 

Сёлета як ніколі шырока на фестывалі прадстаўляем пастаўскія творчыя калектывы: “Паазер’е”, “Заранка”, “Маладзіца”, а таксама музычныя і харэаграфічныя дзіцячыя калектывы. Арганізуем выставы мясцовых народных майстроў, сельскіх падворкаў. Усяго будзе задзейнічана 11 канцэртных пляцовак горада.

Фестывальная праграма насычана яркімі, цікавымі мерапрыемствамі. У прыватнасці, пройдуць літаратурна-музычнае свята з удзелам латвійскіх паэтаў і пісьменнікаў, адкрыццё выставы жывапісу Людмілы Курыловіч і фотавыставы да Года навукі, прысвечанай знакамітым навукоўцам — ураджэнцам Пастаўшчыны. Мясцовы гісторык-краязнаўца, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Ігар Міхайлавіч Пракаповіч прэзентуе новую кнігу, а ў гонар нашых землякоў, вядомых польскіх акцёраў Зыгмунта Кенстовіча і Станіслава Ясюкевіча будзе адкрыта мемарыяльная дошка.

Шэраг прыемных сюрпрызаў у фестывальнай праграме чакае моладзь. У суботу вечарам адбудуцца вогненнае шоу, канцэрт папулярнага ў маладзёжным асяроддзі гурта “Маракасы” Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, а таксама начная дыскатэка з удзелам лепшых дзіджэяў. Усіх захопіць і яркі святочны феерверк.

Аргкамітэт фестывалю, рэжысёрска-пастановачная група, работнікі культуры раёна будуць рабіць усё магчымае, каб свята прайшло на высокім узроўні і надоўга запомнілася яго ўдзельнікам, шматлікім гасцям горада і пастаўчанам.

— Сяргей Васільевіч, і напрыканцы размовы колькі слоў-пажаданняў святу народнай музыкі “Звіняць цымбалы і гармонік”.

— Усім удзельнікам фестывалю жадаю ўдалых выступленняў і перамог у конкурсных мерапрыемствах, пастаўчанам і гасцям горада — атрымаць яркія ўражанні і велізарную асалоду ад сустрэчы з народнай музыкай і песняй. І ўсім нам добрага настрою і сонечнага надвор’я, бо поспех фестывалю ў тым ліку бу­дзе залежаць і ад гэтага.

 Гутарыла Людміла ЗЕЛЯНКЕВІЧ.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.