Гасцей запрашае сядзіба Дзеда Бая


2378

Казачна прыгожае ўрочышча Азёркі, якое размяшчаецца ў прыгарадзе Пастаў, на працягу многіх гадоў з’яўляецца цудоўным месцам адпачынку на ўлонні прыроды. Спачатку тут працаваў летні лагер для дзяцей, затым гаспадаром чароўнага лесу стаў Зюзя Паазерскі, а летась пачаў рэалізоўвацца новы шматгранны спартыўна-турыстычны праект.

Першым на базе спартыўна-турыстычнага комплексу “Азёркі” з’явіўся “вяровачны гарадок”. Яго ўрачыстае адкрыццё адбылося ў сярэ­дзіне жніўня. Неўзабаве да яго далучыліся спуск троляў, цір, дзіцячая “вяровачная паляна”, скаладром, пераносная пляцоўка для міні-гольфа і іншыя спартыўныя атракцыёны. На радасць маленькіх і дарослых наведвальнікаў, выразаны новыя драўляныя скульптуры казачных герояў і звяроў, зроблены арэлі, горкі і альтанкі, узведзена дыхтоўная сцэна.

3489

А напрыканцы мінулага года ў сядзібе прапісаўся новы каларытны ўладар — Дзед Бай. Гэта казачны персанаж нашага славутага земляка Уладзіміра Дубоўкі. Па яго творчасці распрацаваны анімацыйныя праграмы, казачная сцежка, квэсты. Гаспадар сядзібы разам са сваімі памочні­камі арганізаваў тут ужо не адно прадстаўленне. Тыя, хто завітаў сюды на навагоднія, калядныя, масленічныя і велікодныя гулянні, засталіся ў захапленні ад забаўляльных дзей, прыгожай інфраструктуры, цудоўнага сэрвісу, маляўнічай мясцовасці.

5637

  — Планаў па ўдасканаленні спартыўна-турыстычнага комплексу шмат, — дзеліцца намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Станіслаў Чымбург. — Зараз завяршаем абуладкаванне пляжнай зоны. Для прыхільнікаў адпачынку на прыродзе зрабілі драўляны насціл пад палатачны гарадок, устанавілі мангал, пачалі будаўніцтва кемпінгавай стаянкі.

IMG_3474

Для прыхільнікаў традыцыйных відаў спорту ў Азёрках з’явіцца комплексная спартыўная пляцоўка са штучным пакрыццём для гульні ў баскетбол, валейбол, бадмінтон і міні-футбол. Ужо вырабляецца праектна-каштарысная дакументацыя на яе. Тыя, хто аддае перавагу экстрэмальным забавам, змогуць праверыць свае сілы на пляцоўцы для лазертага і паласе перашкод, максімальна набліжанай да агульнавайсковай. Ёсць і іншыя цікавыя задумы. Засталося толькі ўвасобіць іх у жыццё.

Вераніка ФІЛАНОВІЧ.

Фота аўтара,

А. ВАЛАСЕВІЧ і А. ГІЛЬ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.