І канцэрт на прыступках касцёла


Біскуп Алег Буткевіч вітае акардэаніста Дзмітрыя Корсака.
Біскуп Алег Буткевіч вітае акардэаніста Дзмітрыя Корсака.

Культура і духоўнасць — паняцці непадзельныя. Сведчанне таму і падзеі, што адбываюцца ў лучайскім касцёле.

На беларускай зямлі цудоўнай, 

Там, дзе квітнее пастаўскі край, 

У сваёй велічы невымоўнай 

Вас сустракае здалёк Лучай! 

Гэтымі словамі гімна вёскі Лучай сустрэла парафія Святога Юды Тадэвуша шаноўнага госця — біскупа Алега Буткевіча. 21 мая падчас адпустовай урачыстасці Святога Андрэя Баболі праходзіла пастырская візітацыя віцебскага ардынарыя.

Ва ўступным слове пробашч парафіі Мікалай Ліпскі прывітаў Яго Эксцэленцыю і ўсіх сабраных у святыні. Нагадаў, што сёлета, 16 мая, адзначаецца 360 гадоў пакутніцтва святога апостала Палесся — Андрэя Баболі. Пасля былі прадстаўлены звесткі з гісторыі і жыццё парафіі сёння. 

Урачыстай працэсіяй святароў і міністрантаў на чале з біскупам Алегам распачалася святая Імша. Падчас гаміліі віцебскі ардынарый падрабязна расказаў пра жыццядзейнасць пакутніка Андрэя Баболі.

Выступае гурт “Recha”.
Выступае гурт “Recha”.

Эўхарыстычная працэсія з традыцыйнымі дарамі вернікаў розных узростаў стала ўпрыгажэннем адпустовай урачыстасці. Адмысловы спеў парафіян і ўдзельнікаў гурта “Laudans” з Мінска пад гучанне двухсотгадовага аргана дадаў урачыстасці. 

Скончылася літургія Літаніяй да Святога Андрэя Баболі перад абразом пакутніка. Пасля распачалася працэсія з Найсвяцейшым Сакрамантам вакол святыні. Вярнуўшыся ў касцёл, вернікі праспявалі гімн “Цябе, Бога, праслаўляем” і хрысціянскі гімн Беларусі “Магутны Божа”. 

Працяг святочнай праграмы адбыўся на вуліцы. Напачатку ксёндз-біскуп асвяціў усіх байкераў з нагоды адкрыцця мотасезона (другі год на фэст Святога Андрэя Баболі збіраюцца аматары матацыклаў, каб з Богам распачаць новы сезон). 

Макет палаца Мастоўскіх на тэрыторыі касцёла.
Макет палаца Мастоўскіх на тэрыторыі касцёла.

Цудоўнае майскае надвор’е спрыяла канцэртнай праграме на прыступках святыні. А ўдзельнічалі ў ёй найлепшыя сябры лучайскай парафіі. Хрысціянскі гурт “Laudans” прадставіў слухачам творы з новага альбома “Адзінства”. Пераняў эстафету Аляксей Жбанаў — аўтар лучайскага гімна. Артыст выканаў песні са сваёй візітнай карткі: “Гімн Лучая”, “Пад небам Парыжа”, “Хай радасць з вачэй нашых блісне” і іншыя. 

З 2012 года ўдзельнічаюць у лучайскіх фэстах славуты Лявон Вольскі і Павел Аракелян. Акардэаніст-віртуоз Дзмітрый Корсак спецыяльна для гэтай падзеі прыехаў з Кітая, дзе гастраляваў, і нагадаў усе цудоўныя моманты папярэдніх фэстаў. Артыст цесна супрацоўнічае з парафіяй ужо трэці год. Сапраўдным “старажылам” лучайскіх свят стаў Андрусь Такінданг з гуртом “Recha”. Ужо цяжка падлічыць колькасць яго выступленняў у лучайскай парафіі за апошнія шэсць гадоў. Музыкі радуюць прысутных не толькі творамі ранейшага перыяду, але і пастаянна прадстаўляюць новыя песні. Скончыўся канцэрт песняй “Да сустрэчы! Да пабачэння!” у выкананні Андруся і ўсіх прысутных. 

Напрыканцы біскуп Алег Буткевіч па­дзякаваў артыстам за цудоўны канцэрт і пажадаў шчаслівай дарогі дадому, удзя­ліўшы сваё пастырскае бласлаўленне.

Алена КЛІМЗА-КОЛТАН.

Фота з архіва парафіі.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.