І тады пераможаш

Образование

Выпускнікі СШ №2.
Выпускнікі СШ №2.

“Рабі нечаканае, рабі, як не бывае, рабі, як не робіць ніхто, — і тады пераможаш”. Калі хтосьці з вас знаёмы з сёлетнімі выпуск­нікамі школы №2, без сумнення скажа, што кожны з іх прытрым­ліваецца гэтай парады Уладзіміра Караткевіча. 

Штогод школы і гімназіі заканчвае незлічоная колькасць выпускнікоў, для якіх выпускны баль з’яўляецца вельмі хвалюючым. На ім прысутнічаюць родныя, сябры, настаўнікі і любімыя аднакласнікі. Вось і ў СШ №2 вечар праходзіў настолькі цёпла і нязмушана, што адчувалася адзінства з усімі, хто знаходзіўся ў зале. Выпускнікі падрыхтавалі шмат разнастайных танцаў, чароўных песень ды прыемных слоў. 

Самы адказны момант, безумоўна, — выдача атэстатаў, Пахвальных лістоў і  медалёў. А залатых медалістаў сёлета ажно шэсць! Па-першае, хацелася б адзначыць пераможцу рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове Яну Шаламіцкую. Хоць дзяўчына і правучылася ў гэтай школе ўсяго два гады, паспела дасягнуць шмат вышынь разам з настаўніцай Т. М. Захарэвіч. Сваімі ўражаннямі Яна падзялілася, гаворачы пра школу з пяшчотай: “Вечар прайшоў вельмi прыемна, хоць i крышачку сумна. Гэта наш апошнi агульны вечар. Ён быў прасякнуты дабрынёй, шчырасцю. Мы раз­вiтвалiся адно з адным, з настаўнiкамi i з непаўтор­нымi момантамi бесклапотнага дзяцiнства. Але я ўпэўнена, што сувязi памiж намi захаваюцца назаўжды i мы яшчэ неаднойчы сустрэнемся ў роднай школе”. 

Медалістка Дар'я Шыпіцына.
Медалістка Дар’я Шыпіцына.

А вось Дар’я Шыпіцына прызналася, што не чакала настолькі ўтульнага вечара: “Я думала, што будзе звычайны выпускны. Пераконвала сябе, што нават плакаць не буду. Але калі Таццяна Іванаўна пачала прамаўляць развітальныя словы і абдымаць нас, я не стрымалася. Буду вельмі сумаваць па тых, з кім правяла столькі часу і сярод каго знайшла сапраўдных сяброў”. Залатыя медалі таксама атрымалі Аліна Памецька, Марыя Казлоўская, Ксенія Іваноўская і Вадзім Кароткін. Напрыканцы вечара мамы выпускнікоў паказалі танцавальны флэшмоб. Для ўсіх гэта было сюрпрызам, які вельмі ўзняў настрой.

Сёлета школу скончылі 24 вучні. Гэта разумныя, творчыя і цікавыя выпускнікі, — гаварыла класны кіраўнік Таццяна Іванаўна Пракаповіч. — Увесь час мы былі сям’ёй, адзіным калектывам. Я заўсёды ведала, што ім можна давяраць, на іх можна разлічваць. Гэтыя дзеці ўмеюць рабіць усё: і спяваць, і танцаваць, а якія працавітыя! Трэба зняць відэа — 11 клас, наладзіць апаратуру — зноў ён, паўдзельнічаць у агітбрыгадзе — а хто ж як не адзінаццаці­класнікі! А якую дапамогу вучні аказалі ў абсталяванні новага кабінета фізікі! І ў вучобе заўсёды былі першымі. Жадаю сваім цудоўным дарослым дзеткам поспехаў і ўдачы. У іх ёсць усё для таго, каб пабудаваць сваё адметнае і шчаслівае жыццё, — розум, талент, няўрымслівасць, прага да новага, жыццёвы аптымізм, характар і воля.

Ганна ПРАКАПОВІЧ.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.