Карагодзілі, весяліліся, гулялі

Общество

IMG_3290

У Міжнародны дзень абароны дзяцей у прытулку Cацыяльна-педагагічнага цэнтра было светла ад шчырых усмешак гасцей і гаспадароў свята, утульна ад цёплых слоў і пажаданняў, весела ад цікавых гульняў і конкурсаў.

Павіншаваць дзяцей са святам у прытулак завіталі актывісты БРСМ і члены Маладзёжнай палаты пры раённым Савеце дэпутатаў на чале з галоўным спецыялістам раённага Савета дэпутатаў Аленай Уладзіславаўнай Мінкевіч, дырэктар РДК Ала Баляславаўна Чарнюк, прадстаўнікі пярвічнай арганізацыі “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі” ваеннага шпіталя Вікторыя Уладзіміраўна Дубовік і Аляксандр Казіміравіч Гайлюш. Як прынята, прыйшлі з падарункамі: цукеркамі, садавіной, цацкамі. А. Б. Чарнюк прынесла частку тых цацак, якія ўдзельнікі дзіцячых творчых калектываў Дома культуры сабралі ў рамках акцыі “Я дару сваю цацку”, што праходзіла падчас справаздачнага канцэрта “На біс”. Усяго дзеці сабралі каля 120 цацак. Зараз іх любімыя плюшавыя сябры і лялькі радуюць новых уладальні­каў з малазабяспечаных сем’яў, у прытулку і дзіцячых садках. Між тым, не паспелі госці агучыць свае пажаданні і ўручыць падарункі, як атрымалі іх самі — выдатны настрой і ззяючыя ўсмешкі ўсім забяспечылі выхаванцы прытулку, якія пад запальную мелодыю ўбеглі ў актавую залу з паветранымі шарамі і пачалі энергічна танцаваць. 

Дырэктар Cацыяльна-педагагічнага цэнтра Наталля Віктараўна Селіванава прадставіла гасцей, якія па чарзе віншавалі дзяцей, і азнаёміла прысутных з гісторыяй свята. Яна адзначыла, што дзеці заўсёды былі і застаюцца самай неабароненай катэгорыяй. У сучасным свеце іх падпільноўваюць не толькі хваробы, цяжкая праца, войны, але і жорсткія адносіны самых блізкіх людзей — бацькоў. Сёння ў раёне ў адносінах да 155 непаўналетніх з 79 сем’яў рэалізуюцца планы па абароне іх правоў і законых інтарэсаў, 11 дзяцей з 7 сем’яў знаходзяцца пад абаронай дзяржавы (змешчаны ў прытулак). Наталля Віктараўна пажадала, каб такіх выпадкаў было як мага меней, а ўсе дзеткі былі сагрэтыя любоўю матуль і татаў, акружаны іх клопатам і разуменнем. Хочацца верыць, што гэтыя, а таксама пажаданні здароўя, шчасця, любові, аптымізму, міру і душэўнага цяпла, якія хлопчыкам і дзяўчынкам зычылі госці, абавязкова збудуцца. А іх сэрцы і ў дарослым жыцці застануцца адкрытымі для дабрыні.

Настаў доўгачаканы момант сумеснай весялосці — дзяцей і дарослых закружыў вірлівы карагод, з’ядналі спевы, гульні і разнастайныя конкурсы, падчас якіх яшчэ шмат было сюрпрызаў і сувеніраў. Пад гучныя апладысменты самая маленькая выхаванка прытулку Яраслава атрымала ад А. У. Мінкевіч  складны шар, падобны на сімвал Міжнароднага дня абароны дзяцей — зялёны сцяг, на якім адлюстраваны планета і пяць рознакаляровых фігурак па яе акружнасці.

Завяршылася сустрэча сумесным чаяваннем за салодкім сталом.

Тэкст і фота Веранікі ФІЛАНОВІЧ.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.