Майстэрства і ідэй не пазычаць


Таццяна Мікалаеўна Петух з некаторымі ўзорамі сувенірнай прадукцыі.
Таццяна Мікалаеўна Петух з некаторымі ўзорамі сувенірнай прадукцыі.

Над тым, каб шматлікія госці фестывалю разам з яркімі ўражаннямі ад свята народнай музыкі павезлі з сабой дамоў яшчэ нешта, што будзе нагадваць ім пра наш край, плённа працуюць работнікі Пастаўскага Дома рамёстваў “Стары млын”. Штогод яны рыхтуюць у падарунак афіцыйным дэлегацыям і мастацкім калектывам, а таксама на продаж усім жадаючым сотні самых розных сувеніраў.

Падрыхтоўку сувенірнай прадукцыі ў Доме рамёстваў пачалі яшчэ ў сакавіку: абмяркоўвалі ідэі, закуплівалі неабходныя матэрыялы. А ўжо ў пачатку красавіка ўшчыльную заняліся яе вырабам. Працавалі амаль штодня, не выходзячы з майстэрань, паколькі работы ў кожнага было вельмі шмат. Алена Аляксандраўна Касенка стварала лялек, Вольга Мікалаеўна Гукава — керамічныя пано. Над саламянымі работамі ў змешанай тэхніцы з элементамі керамікі і ткацтва шчыравала дырэктар установы Таццяна Мікалаеўна Петух, а Юлія Аляксандраўна Калядзіна шыла беларускія народныя кашулі і пляла да іх паясы. Акрамя гэтых, “млыноўцы” зрабілі яшчэ паўсотні разнапланавых сувеніраў. Практычна кожны год яны абнаўляюць іх асартымент, уносяць нешта новае.

Такія прыгожыя кашулі і пано будуць уручаны гасцям фестывалю.
Такія прыгожыя кашулі і пано будуць уручаны гасцям фестывалю.

— Сёлета побач са звычайнымі чатырохвугольнымі ў нас з’явіліся круглыя пано, якія абрамляюць сплеценыя з саломкі рамкі, — расказвала Т. М. Петух. — Іншыя і сюжэты работ, у саламяных дабаўлены назвы, ручнікі. Таксама да гэтага фестывалю мы падрыхтавалі больш складаных па тэхніцы выканання лялек і мужчынскія кашулі. Яны атрымаліся яшчэ ярчэйшымі і прыгажэйшымі, чым былі летась. Да кашуль зрабілі зусім іншыя паясы.

Па словах Таццяны Мікалаеўны, кожны майстар сам распрацоўваў сваю сувенірную прадукцыю, паколькі ўсе яны вопытныя, не адзін год працуюць у “Старым млыне”, і вельмі творчыя, з вялікай колькасцю цікавых ідэй. Т. М. Петух як кіраўніку трэба было толькі крыху скарэкціраваць і дзесьці абагуліць гэтыя ідэі. Разам прадстаўнікі Дома рамёстваў стварылі цэлыя калекцыі работ для “Горада майстроў”. У прыватнасці, прадставяць на ім новую калекцыю маляванкі. Вынікі сваёй творчасці вынесуць на суд пастаўчан і гасцей горада і члены народнага клуба “Майстры”.

Алена ШАПАВАЛАВА.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.