Малады, але ўжо вопытны

Личности

IMG_1590

Андрэй Радкевіч — машыніст тралёвачнай машыны лясгаса. Нягледзячы на тое, што яму ўсяго 28 гадоў, сапраўдны прафесіянал. Каб зразумець, наколькі па-майстэрску ўпраўляецца з замацаваным за ім харвестарам, трэба пабачыць яго ў рабоце.

— Харвестар называюць лясным камбайнам, — расказваў Андрэй. — Апрацоўка аднаго ствала, у залежнасці ад яго размеру, займае ад 20 да 60 секунд. Машына замяняе работу чатырох брыгад вальшчыкаў, простая і лёгкая ў кіраванні, манеўраная і хуткая. Работа падабаецца. На харвестары працуем пазменна з сябрам Аляксандрам Урбанайцем. А абслугоўваем і, калі трэба,  рамантуем разам.

— У галіне механізаванай нарыхтоўкі драўніны Андрэй — прафесіянал, нягледзячы на тое, што машыністам працуе ўсяго тры гады, — хваліў хлопца намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце лясгаса Аляксандр Мікалаевіч Іванькоў. — Асабліва вызначыўся на рабоце ў Чэрвеньскім і Смалявіцкім раёнах. Пастаўчане разам з работнікамі лясгасаў іншых раёнаў краіны ліквідоўвалі там наступствы ўрагану. Працаваць з заваламі заўсёды небяспечна. Таму і пасылалі туды найбольш спрактыкаваных работнікаў. Спачатку з нашага лясгаса выяз­джала брыгада ў складзе пяці чалавек. Затым лю­дзей дабавілася. Працавалі вахтавым метадам — па тыдні. Пашкоджаныя ўчасткі трэба было ўбраць у сціслыя тэрміны, каб драўніна не страціла якасці.

— Нам былі забяспечаны камфортныя ўмовы пражывання і адпачынку, — успамінаў камандзіроўку Андрэй. — Дырэкцыя набыла спецыяльны вагончык са спальнымі месцамі, абсталяваны кухняй. У ім жылі летам. Спёкай рабочы дзень пачынаўся раненька, у самы санцапёк адпачывалі, а потым зноў ледзь не да цямна “разграбалі” лясныя завалы. Бураломныя лесасекі — самае складанае: цяжка дабірацца да паваленых дрэў, здымаць навіслыя ствалы. Харвестару прасцей упраўляцца з выкарчаванымі дрэвамі, чым збіраць яго кавалкі. Прыходзілася і вывернутыя карані дрэў перакладваць, і завалы разбіраць, каб пракласці сабе дарогу. Гэта замаруджвала тэмпы работ. Тым не менш за змену нарыхтоўваў да 150 кубічных метраў драўніны. Зімой працавалі ў цяжкадаступных месцах — на падтопленых участках, балотах. Калі пахаладнела, перасяліліся ў гасцінічныя нумары. Усё было добра, не хапала толькі сям’і. Сумаваў па жонцы, дачушцы. Таму зараз з асаблівай радасцю працую ў лясах Пастаўшчыны.

На распрацоўцы бураломных лесасек у Чэрвеньскім і Смалявіцкім раёнах Андрэй Радкевіч правёў 85 рабочых змен. За гэты час нарыхтаваў 5159 кубічных метраў драўніны. За ўзорнае выкананне сваіх абавязкаў узнагароджаны Ганаровай граматай Міністэрства лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь.

Тэкст і фота Анны АНІШКЕВІЧ.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.