Малявалі і фантазіравалі


IMG_3583

Сапраўднае рамантычнае падарожжа на паветраным шары ў французскі Праванс падарыла наведвальнікам аддзялення сацыяльнай адаптацыі, рэабі­літацыі і дзённага знаходжання інвалідаў Пастаўскага ТЦСАН наша зямлячка, мастачка Людміла Курыловіч.

Людміла — дачка мясцовай паэтэсы Ніны Маркаўны Захарэвіч, жыве ў горадзе Рэутаў Маскоўскай вобласці і падтрымлівае цесныя сувязі са сваёй малой радзімай. Ідэя правесці арт-тэрапію для наведвальнікаў гэтага аддзялення ў яе нарадзілася падчас падрыхтоўкі выставы жывапісу “Прыцяжэнне. Памяць сэрца”, адкрыццё якой адбылося сёлета ў рамках Міжнароднага фестывалю народнай музыкі “Звіняць цымбалы і гармонік”. А падштурхнула яе на гэту думку дырэктар Дома рамёстваў “Стары млын” Таццяна Мікалаеўна Петух, якая расказала пра існаванне ўстановы, прызнаўшыся мастачцы, што вельмі любіць праводзіць тут творчыя заняткі. З увасабленнем задумы ў жыццё Людміла Паўлаўна марудзіць не стала — набыла ўвесь неабходны для творчага працэсу матэрыял: палотны, палітры, акрылавыя фарбы, алоўкі, пэндзлікі — і адправілася паказваць майстар-клас.  

У той дзень аддзяленне сацыяльнай адаптацыі, рэабілітацыі і дзённага знаходжання інвалідаў нагадвала творчую майстэрню: за накрытымі цыратавымі абрусамі сталамі, на якіх былі акуратна раскладзены неабходныя для малявання рэчы, у чаканні сядзелі 19 з 36 яго наведвальнікаў. Перад імі — два мальберты. На адным вясёлкавымі колерамі “свяцілася” загадзя намаляваная мастачкай для ўзору карціна (менавіта яе жыццярадасны сюжэт і лёг у аснову ўсіх работ), на другім — чыстае палатно, на якім Людміла Паўлаўна крок за крокам паказвала паслядоўнасць дзеянняў. Спачатку на ім з’явілася лінія гарызонта, затым — лавандавая плантацыя, дрэва, сонца, паветраны шар…

IMG_3599

— Гэты сюжэт я выбрала таму, што хацела, каб вы сёння маглі не толькі памаляваць новымі для вас фарбамі, а яшчэ і памарыць, — гаварыла Людміла Курыловіч. — Толькі ўяві­це сабе, што пралятаеце на паветраным шары над лавандавым полем і ўдыхаеце цудоўны водар, што стаіць па ўсёй акрузе. На “хвалях” фіялетавага “мора”, як карабель, узвышаецца магутнае дрэва. Яго лістоту і ствол пазалацілі прамяні заходзячага сонца. Як вам такое падарожжа?

Вядома, падабаецца. Усе з цікавасцю слухаюць, задаюць пытанні, жартуюць, старанна выводзяць лініі эскіза. Калі ў каго нешта не атрымліваецца, адразу прыходзяць на выручку валанцёры — пляменніцы Людмілы Паўлаўны Эліна і Вераніка Койра. Дзяўчынкі падыходзяць да кожнага, дапамагаюць зрабіць малюнак алоўкам, выціснуць фарбы, раяць, які ўзяць пэндзлік. Мастачка працягвае дзяліцца сакрэтамі пабудовы кампазіцыі карціны, адначасова расказваючы розныя цікавыя факты. Напрыклад, пра тое, што лаванда з’яўляецца сімвалам Праванса і, акрамя сваёй прыгажосці, валодае разнастайнымі карыснымі якасцямі, выкарыстоўваецца ў парфумерыі, харчовай прамысловасці, ароматэрапіі. Тлумачыць, чаму спыніла свой выбар на акрылавых фарбах. Аказваецца, усё проста — яны лёгка кладуцца на палатно, не расцякаюцца, не змешваюцца пры блізкім укладванні, не маюць паху, не выклікаюць алергіі, разбаўляюцца вадой, хутка высыхаюць. Апошняя перавага асабліва важная ў тым плане, што кожны зможа адразу забраць сваю карціну дадому і не асцерагацца, што яна пашкодзіцца.

Нарэшце зроблены апошні мазок (майстар-клас доўжыўся ажно тры гадзіны). Разглядаючы вынікі сумеснай працы, мастачка адзначае, што, нягле­дзячы на аднолькавы сюжэт, работы ва ўсіх атрымаліся непадобнымі адна да адной, у розных колеравых гамах, што сведчыць пра ўласнае бачанне кожнага, і гэта выдатна. “Дзякуем…”, “Прыходзьце яшчэ”, “Складана, але займальна”, “Уразіла і спадабалася”, — такія і іншыя словы падзякі даносяцца з розных бакоў. На развітанне Людміла Курыловіч падарыла аддзяленню сваю карціну, а кожнаму прысутнаму — па тульскаму перніку. Не засталіся без сувеніраў і госці. Іх мастачцы і яе пляменніцам уручыла загадчыца аддзялення Вольга Алегаўна Гінько.

Тэкст і фота Веранікі ФІЛАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.