Моладзь не падвяла

Спорт

ФК “Паставы” — ФК “Лепель” — 1:0

Атакуе аўтар пераможнага мяча пастаўчан Раман Пасевіч.
Атакуе аўтар пераможнага мяча пастаўчан Раман Пасевіч.

У гэтым сезоне лепяльчане як чэмпіёны вобласці збіраліся гуляць у чэмпіянаце Беларусі па футболе ў 2-й лізе, але туды не заявіліся, бо не сфарміравалі поўнасцю бюджэт каманды. У Паставы госці прыехалі, ведаючы вынік нічыйнай гульні (3:3) лідара з Полацка на выездзе ў Глыбокім,  не хавалі сваіх планаў перамагчы нашу каманду і падняцца на 1-е месца ў турнірнай табліцы. Аднак і пастаўчане ў родных сценах пад кіраўніцтвам гуляючага трэнера Уладзіміра Карагі нядрэнна падрыхтаваліся да супрацьстаяння з грозным сапернікам. У даволі спякотнае надвор’е гульня пачалася на высокіх хуткасцях і да самага канца праходзіла ў цікавай, напружанай барацьбе.

Гаспадары найперш арганізавалі  шчыльную абарону сваіх варот, імкнуліся з мячом хутка пераходзіць на палову поля гасцей. Некалькі разоў да перапынку даволі небяспечна станавілася ў штрафной пляцоўцы, але лепельскі варатар Рахад Эфімаў з абаронцамі адвялі пагрозы ад сваіх варот. Яго пастаўскаму калегу Яўгену Лубко таксама давялося некалькі разоў прадэманстраваць усё сваё майстэрства, а на 20-й хвіліне ён здолеў адбіць удар Міхаіла Маскалёнка з блізкай адлегласці. За 5 хвілін да перапынку капітан пастаўчан, цэнтральны абаронца Аляксандр Жарскі не дазволіў гасцям адкрыць лік і выбіў мяч з лініі пустых варот.

Характар барацьбы не змяніўся і ў другім тайме, калі больш вопытны сапернік завалодаў тэрытарыяльнай перавагай. Аднак нашы маладыя футбалісты, у тым ліку і дэбютант, 15-гадовы левы абаронца Валерый Валодзька, які выйшаў на замену, смела ўступалі ў барацьбу і не дазвалялі гасцям выходзіць на ўдарныя пазіцыі. Пастаўчане таксама некалькі разоў сур’ёзна патрывожылі свайго саперніка. Лепяльчане на 69-й мінуце схапіліся ў роспачы за галовы, калі  Аляксандр Праслаў пасля падачы вуглавога прабіў над перакладзінай. А вось наша каманда ў канцоўцы свой шанц вызначыцца не ўпусціла. Дакладнай перадачай у разрэз паміж абаронцамі Руслан Зелянкевіч вывеў у прарыў Рамана Пасевіча, які прабіў дакладна і прынёс пастаўчанам такую важную перамогу.

Гледачы на гарадскім стадыёне падзякавалі працяглымі апладысментамі за добрую гульню пастаўчанам Лубко, Міснікау (Валодзьку), Жарскаму (к), Пучынскаму, Філановічу, Пасевічу, В. Жылевічу (М. Якаўлеву), Зелянкевічу, Павінічу, Хмельніку, Ясюковічу.

У гэтым туры суседзі з Шаркаўшчыны на сваім полі  з лікам 3:0 разграмілі нашага наступнага саперніка на выездзе — “Дзвіну-Барс” (Верхнядзвінск). У  групе “Б” не ведае страт сенненскі “Камунальнік”, які ў гасцях перамог з лікам 5:1 гарадоцкі “Прамень”. Вынікі іншых матчаў наступныя: ФК “Бешанко­вічы” — “Газавік” (Віцебск) — 0:2, ФК “Шуміліна” — “Днепр” (Дуброўна) — 5:0. Пасля выезду ў Верхнядзвінск пастаўчане на сваім полі 1 ліпеня ў 12 гадзін згуляюць з ФК “Шаркаўшчына”.

Уладзімір ШЫК.

Фота Валерыя АЛЯКСАНДРАВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.