На роўных з фаварытам

Спорт

2017

“Полацкгаз” (Полацк) — ФК “Паставы” — 1:1

Чарговы матч абласнога першынства пастаўчане правялі пасля трохтыднёвага перапынку, бо адзін тур быў перанесены з-за абласных сельскіх гульняў, а ў папярэднім наша каманда была свабодная ад гульняў. Сапернік здзівіў усіх, пачаўшы чэмпіянат з дзвюх пераканаўчых перамог на выездзе ў Лепелі і Міёрах супраць адпаведна леташняга чэмпіёна і бронзавага прызёра. Аднак галоўны трэнер гасцей В. М. Грантоўскі змог пераканаць сваіх маладых падапечных не баяцца фаварыта, выбраў правільную тактыку.

І госці сталі перайграваць гаспадароў. Адным з лепшых у складзе пастаўчан зноў стаў малады левы паўабаронца Раман Пасевіч. Ён на хуткасці абыходзіў некалькі апекуноў і тройчы мог адкрыць лік, але заключным ударам крыху не хапіла дакладнасці. Асноўныя падзеі ў матчы разгарнуліся пасля перапынку, калі за грубую гульню суддзя выдаліў палачаніна Дзмітрыя Шарабайку. Госці неўзабаве разыгралі шматхадовую камбінацыю, і з перадачы Ігара Павініча нападаючы Яўген Ясюковіч на 65-й хвіліне адкрыў лік.

Пастаўчане маглі раз­віць свой поспех, але гаспадароў некалькі разоў выратаваў іх варатар Віталь Мядзелец. Тройчы мяч адлятаў ад штангі пасля ўдараў Руслана Зелянкевіча і Аляксея Хмель­ніка. У канцоўцы сапернік арганізаваў на­ціск на вароты гасцей, і за 10 мінут да завяршэння сустрэчы Арцём Ганчарэнка пасля барацьбы ў штрафной першым падабраў мяч і накіраваў яго ў сетку. Госці ледзь не вырвалі перамогу, але пасля штрафнога ўдару ў выкананні Р. Зелянкевіча мяч зноў адбіла штанга. Трэці год запар пастаўчане не прайгралі ў Полацку, на гэты раз там удала згулялі Лубко, Мінгіновіч, Жарскі (к), Пучынскі, Міснік, Пасевіч (Казлоў), Павініч, Зелянкевіч, Хмельнік (Чалей), М. Якаўлеў (Філановіч), Ясюковіч.

Каманда Полацка засталася лідарам першынства ў групе “А”, а наш наступны сапернік — ФК “Лепель”— дома перайграў шаркаўчан з лікам 3:1. “Дзвіна-Барс” (Верхнядзвінск) на сваім полі дапусціла шэраг памылак і саступіла суседзям з Міёр — 0:3. У групе “Б” матчы завяршыліся так: “Газавік” (Віцебск) — “Прамень” (Гарадок) — 4:0, “Днепр” (Дуброўна) — “Камунальнік” (Сянно) — 1:4, “Ніва” (Талачын) — ФК “Шуміліна” — 5:2.

Сёння на гарадскім стадыёне пастаўчане памераюцца сіламі з футбалістамі з Лепеля. Пачатак у 18.00. 1 ліпеня ў 12 гадзін  наша каманда прыме суседзяў з Шаркаўшчыны.

Уладзімір ШЫК.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.