На службе мастацтву і Айчыне


IMG_2646

Пад такой назвай у дзіцячай бібліятэцы імя У. Дубоўкі адбылася імпрэза, прысвечаная 185-годдзю з дня нараджэння жыва­пісца, графіка, скульптара, гравёра і мастацтвазнаўца Альфрэда Ромера.

IMG_2625

З асноўнымі вехамі біяграфіі нашага славутага земляка і яго сям’і ўдзельнікаў сустрэчы — а імі сталі выхаванцы і выкладчыкі дзіцячай школы мастацтваў імя А. Ромера — азнаёміла бібліятэкар Людміла Сяменас. Яна адзначыла, што род Ромераў  даў цэлую плеяду выдатных грамадскіх дзеячаў, а таксама сямейную дынастыю мастакоў, чые работы і сёння захоўваюцца ў музеях Парыжа, Варшавы, Кракава, Вільнюса, Львова.

IMG_2634

Маляваць маленькі Альфрэд вучыўся пад кіраўніцтвам вопытнага настаўніка Канута Русецкага. Атрыманыя веды ўдасканальваў спачатку ў Парыжы, затым у Мюнхене, у Акадэміі мастацтваў. Любіў маляваць з натуры: занатоўваў разнастайныя архітэктурныя помнікі, рабіў замалёўкі мясцовага побыту. Падчас жыцця ў Кракаве шмат часу прысвячаў навуковай і грамадскай дзейнасці. Напісаў працу пра Слуцкія паясы, рэфераты пра фрэскі віленскіх касцёлаў, габелены. З’яўляўся прэзідэнтам Клуба мастакоў і разьбяроў, арганізаваў курсы мастакоў. Свае самыя значныя работы — абразы “Пінская  мадонна” і “Хрыстос і сірата” — мастак стварыў у Каралінове. Пахаваны ў сямейнай пахавальні, размешчанай у сутарэнні касцёла Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў Троках (Літва).

IMG_2621

Падчас імпрэзы адбылося і адкрыццё выставы з аднайменнай назвай. Яе аўтары — выхаванцы выпускнога класа школы мастацтваў імя А. Ромера. Іх работы выкананы ў розных тэхніках і жанрах. З адных малюнкаў глядзіць сам мастак, на іншых адлюстраваны яго жонка і дачка. Побач — сялянскія музыкі ў коле, якое ўтвараюць Слуцкія паясы, грацыёзныя дамы і кавалеры кружаць у танцы на балі, віруе свецкае жыццё, радуюць вока караліноўскія пейзажы. А да чаго ж прыгожая панарама старой Вільні! Так і хочацца прайсціся па брукаваных вулачках, палюбавацца архітэктурным ансамблем. Кожны малюнак можна разглядаць зноў і зноў. У гэтым ёсць заслуга і кіраўнікоў праекта — выкладчыкаў школы мастацтваў Ганны Брані­славаўны Дрылінскай і Таццяны Генадзьеўны Руткоўскай, якія дапамагалі хлопчыкам і дзяўчынкам ствараць работы.

Тэкст і фота Веранікі ФІЛАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.