Наталілі суквеццем мелодый


Выступаюць вучні і настаўнікі Пастаўскай дзіцячай школы мастацтваў імя Антонія Тызенгаўза.
Выступаюць вучні і настаўнікі Пастаўскай дзіцячай школы мастацтваў імя Антонія Тызенгаўза.

На працягу многіх гадоў падчас правядзення Між­народнага фестывалю народнай музыкі “Звіняць цымбалы і гармонік” наш велічны палац Тызенгаўзаў гасцінна расчыняе дзверы для аматараў класічнай музыкі, а прыступкі яго ўсходняга фасада пераўтвараюцца ў імправізаваную сцэну, з якой льюцца чароўныя гукі музыкі і пранікнёныя словы, зразумелыя кожнаму сэрцу.

Сёлета сваім выдатным валоданнем музыч-нымі інструментамі і чароўнымі галасамі аматараў класікі радавалі і ўзрушалі вучні і настаўнікі Пастаўскай дзіцячай школы мастацтваў імя Антонія Тызенгаўза і выхаванцы вакальнай студыі “Славія” раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці. Яны падарылі гледачам хвіліны сапраўднай асалоды, дазволілі далучыцца да невычэрпных скарбаў мастацтва, наталіцца суквеццем мелодый. 

Выхаванцы вакальнай студыі «Славія» раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці.
Выхаванцы вакальнай студыі «Славія» раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці.

Распачала музычную імпрэзу Ксенія Каравацкая “Накцюрнам” Самуіла Майкапара. У выкананні ансамбля скрыпачоў пад кіраўніцтвам Людмілы Януковіч прагучалі “Нам сонца дорыць вясёлку” Роберта Целяпнёва і рэгтайм “Марожанае” Эміля Градэскі. Дзіцячы ўзорны аркестр баянаў і акардэонаў пад кіраўніцтвам Ірыны Каранеўскай зачараваў выкананнем “Авэ Марыі” Джакама Пучыні, “Чаконы” Георга Фрыдрыха Гендэля, “Вячорак” Вячаслава Баканава, квінтэт баяністаў пад кіраўніцтвам Святланы Пусько — “Кумпарсіты” Херарда Матаса Радрыгеса і італьянскай народнай песні “Бэла бімба”, а ансамбль настаўнікаў школы мастацтваў — “Развітання з Радзімай” Міхала Клеафаса Агінскага.

Шчыра віталі прысутныя піяністаў Віталія Гіля і Арсенія Леўшына, кларнетыста Дзмітрыя Дзявятнікава, скрыпачку Паліну Кірплюк і баяніста Аляксея Гамолку. Іх выступленні чаргаваліся з выступленнямі Дар’і Гагалінскай, Анастасіі Брысь, Крысціны Клянтак, Кацярыны Жук і Вольгі Нікалаевай, якія душэўна і пранікнёна выконвалі старадаўнія і сучасныя рамансы. Прыгожыя словы і павольныя мелодыі рамансаў “Толькі раз”, “Адцвілі хрызантэмы”, “А напаследак я скажу”, “На ты са мною вы не гаварыце”, “Як я цябе чакала”, “Усміхніся да мяне” кранулі душу кожнага.

Напрыканцы творчай сустрэчы пад гучныя апладысменты на прыступкі падняліся выкладчыкі дзіцячай школы мастацтваў Наталля Бялапка, Людміла Януковіч, Наталля Хромава, Карына Мейшутовіч, Святлана Пусько, Леанід Косаў, Наталля Белікава, Ірына Каранеўская і кіраўнік вакальнай студыі “Славія” Аксана Нікалаева. Яны атрымалі ў падарунак кветкі ад сваіх выхаванцаў, а ўсе ўдзельнікі імпрэзы — словы ўдзячнасці за цудоўныя імгненні ад сустрэчы з музычным мастацтвам і дасканалым выканальніцкім майстэрствам.

У нядзелю аматараў класікі сустракаў касцёл Святога Антонія Падуанскага ў рай-цэнтры. Пасля імшы тут  ад-быўся канцэрт з удзелам ансамбля салістаў Нацыянальнага акадэ­мічнага народнага аркестра Рэспублікі Беларусь імя І. Жыновіча пад кіраўніцтвам заслужанага артыста Рэспублікі Беларусь Аляксандра Крамко. У яго выкананні прагучалі цудоўныя ўзоры беларускай і класічнай музыкі, папулярная музыка з рэпертуару аркестра Поля Марыа, арыгінальныя сачыненні А. Крамко. Лаўрэатка міжнародных конкурсаў Анастасія Рачыцкая падарыла незабыўныя ўражанні хвалюючым выкананнем беларускай народнай песні “Палявод” і песні на верш Максіма Багдановіча “Па-над белым пухам вішняў…” Прысутныя літаральна “купалі” ў авацыях артыстаў пасля кожнай кампазіцыі.

Ансамбль салістаў Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра Рэспублікі Беларусь імя І. Жыновіча.
Ансамбль салістаў Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра Рэспублікі Беларусь імя І. Жыновіча.

Звяртаючыся да музыкантаў пасля завяршэння канцэрта, намеснік старшыні райвыканкама Юрый Мікалаевіч Кісялёў агучыў агульную думку:

— Дазвольце ад імя ўсіх пастаўчан і гасцей свята выказаць шчырыя словы ўдзячнасці выдатнаму калектыву і яго кіраўніку. Вы зрабілі сапраўдную музычную феерыю. Упэўнены, што адгалоскі прыгожай музыкі яшчэ доўгі час будуць гучаць у сценах гэтага храма і ў нашых душах. 

Ён уручыў букет і сувенір кіраўніку калектыву. Таксама падзякаваў ксяндзу Вадзіму Прасяному за тое, што той падтрымлівае сацыяльна-культурныя праекты, якія ладзяцца ў касцёле, павіншаваў з назначэннем яго пробашчам і пажадаў далейшых поспехаў.

Тэкст і фота Веранікі ФІЛАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.