Не было канца ўспамінам…


 IMG_2645

У далёкім ужо мінулым, развітваючыся летам 1973 года з роднай Дунілавіцкай сярэдняй школай, мае аднакласнікі паабяцалі не забываць родныя мясціны і сяброў дзяцінства. З той пары гэтай клятвы стараемся прытрымлівацца, правялі ўжо дзевяць сустрэч. Летась дамовіліся напрыканцы мая ўпершыню разам правесці выхадныя ў адным з найстаражытнейшых і прыгожых гарадоў краіны — Гродне, што з поспехам і атрымалася.

Пазнаёміцца з самым турыстычным цэнтрам Беларусі нас запрасілі аднакласнікі Рэгіна Малец (Шылько) і Славік Свірковіч, якія даўно там аселі, моцна сябруюць і нават парадніліся. Рэгіна раней за нас пайшла на заслужаны датэрміновы адпачынак, бо працавала на адным з гігантаў айчыннай прамысловасці — ААТ “Гродна Азот”, і вечарам мы яе павіншавалі з прафесійным святам — Днём хіміка. А вось С. Свірковіч пайшоў на пенсію летась з пасады галоўнага спецыяліста Гродзенскага аблвыканкама, хоць кантракт заканчваўся ў гэтым годзе. Працы дзяржслужачага аддаў 13 гадоў, а дагэтуль быў ваеннаслужачым. Ён — падпалкоўнік запасу, служыў у Германіі і на Камчатцы, у беларускай арміі, удзельнічаў у баявых дзеяннях у Афганістане.

У Славіка не атрымалася пабываць на нашых дзвюх апошніх сустрэчах, але было моцнае жаданне ўбачыць аднакласнікаў. Суботняй раніцай ён сустрэў нас  на гродзенскім вакзале, і было бачна, як хваляваўся. Слёзы радасці былі і на вачах былой медыцынскай сястры Ядвігі Воінавай (Чыкун). Яна раней жыла і працавала ў Расіі і не бачылася са Славікам амаль 40 гадоў. З гарпасёлка Варапаева прыехалі  былы выкладчык фізвыхавання Вітольд Сініца і Аня Траяноўская (Скварцэвіч), якая па-ранейшаму лечыць дзяцей у мясцовай паліклініцы. Аднак пазналі адно аднаго адразу, бо ў наш час можна падтрымліваць кантакты з дапамогай інтэрнэту. Адразу ж для гасцей гаспадары арганізавалі цікавую аглядавую экскурсію на машынах па горадзе.

Увогуле, Гродна адрозніваецца ад іншых гарадоў тым, што ён — самы заходні, там у выхадныя і святы граюць вулічныя музыканты, шмат замежных турыстаў, багата адрэстаўрыраваных будынкаў ХV—ХVІІ стагоддзяў. Можна паглядзець аптэку-музей, пабудаваную манахамі-езуітамі ў 1709 го­дзе. Са сцен Новага каралеўскага замка адкрываюцца цудоўныя краявіды  трэцяга па плошчы горада краіны з насельніцтвам больш за 365 тысяч чалавек. Культурная праграма сустрэчы ў першай палове дня заняла дзве га­дзіны, але спачатку мы заехалі на кватэру да Рэгіны, дзе яна прыгатавала для аднакласнікаў сняданак. У той дзень сонечнае над­вор’е ўсіх парадавала, нават стомленасць ад начнога падарожжа на цягніку да Гродна не адчувалася.

Падчас паездкі шмат цікавага пра дзейнасць сталёвых магістраляў нам расказаў пастаўчанін Эдуард Ластоўскі, прафесійны чыгуначнік са стажам у чвэрць стагоддзя. А пасля пешай экскурсіі па цэнтры горада і знаёмства з яго славутасцю, куточкам Швейцарыі ў мініяцюры — прыгожым паркам Жылібера — паехалі далей ад гарадской мітусні на ўлонне прыроды. У нядаўна пабудаваным загарадным доме Свірковічаў чакала абаяльная гаспадыня Валянціна, якая таксама вучылася ў нашай школе, а потым працавала ў ёй старшай піянерважатай. Менавіта тады ў іх са Славікам зарадзілася каханне, яшчэ студэнтамі стварылі сям’ю і разам ідуць па жыцці ўжо 42 гады, выгадавалі двух слаўных сыноў, маюць траіх унукаў.

У нас заставаліся яшчэ амаль суткі. За святочным сталом гаварылі пра многае, жартавалі, танцавалі, смяяліся, узгадалі  нашых настаўнікаў і аднакласнікаў, якія пайшлі з жыцця, а ўспамінам не было канца. Вечарам сумесна прыгатавалі вячэру з шашлыкамі, спаць разышліся толькі а трэцяй гадзіне ночы. Раніцай гаспадар зварыў для нас смачную юшку, мы яшчэ многае ўспомнілі і апоўдні сталі раз’язджацца. Дамоў вярнуліся ў прыўзнятым настроі і спадзяёмся пабачыцца праз год на юбілейнай сустрэчы аднакласнікаў ужо ў Паставах.

Уладзімір ШЫК.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.