Не саступілі лідарства і сёлета


245A5145м

У канцы мая на базе дзяржаўнай авіяцыйнай аварыйна-выратавальнай установы “Авіяцыя” Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь прайшоў раённы этап ваенна-спартыўнай гульні «Зарніца», прысвечанай 72-й гадавіне Вялікай Перамогі. Удзел у спаборніцтвах прынялі каманды пяці гарадскіх і Камайскай сярэдніх школ.

Удзельнікаў спартыўных стартаў вітаў галоўны спецыяліст штаба авіяцыйнага атрада Сяргей Цяляк. Ён пажадаў усім выдатнага настрою, спартыўнага азарту і ўдачы. Узняць Дзяржаўны флаг ва ўрачыстай абстаноўцы было даручана капітану мінулагодняй каманды-пераможцы СШ № 4 Вікторыі Смятанка.

І вось каманды на агнявым рубяжы. Першым этапам спаборніцтваў стала стральба з пнеўматычнай вінтоўкі. Юнакам і дзяўчатам неабходна было як мага дакладней трапіць у мішэнь з дзесяціметровай адлегласці. Найлепш гэта атрымалася ў Лізаветы Клянцэвіч (СШ №2), навучэнцаў СШ №3 Кацярыны Жук і Аляксандра Звяругі. У агульнакамандным заліку вызначыліся каманды другой, трэцяй і чацвёртай школ.

Наступны конкурс — двухкіламетровы марш-кідок з перашкодамі. Падчас яго камандзе з чатырох хлопцаў і трох дзяўчат трэба было ўстанавіць палатку, кінуць гранату ў дзесяціметровы калідор, разабраць і сабраць аўтамат, пераправіцца па бервяне і пераадолець паласу перашкод, якая ўключала “мышалоўку”, “купіны” і “ўчастак хімічнага за­брудж­вання”. Апошні неабходна было пераадолець у процівагазах. Таксама ўдзельнікаў чакалі арыентаванне па азімуце са зменай напрамку і транспарціроўка “пацярпелага”. Найлепшы вынік у самым складаным конкурсе паказала каманда СШ №4 “Камбат”. Крыху адсталі ад яе прадстаўнікі трэцяй і Камайскай СШ.

Падчас творчага конкурсу на лепшы баявы лісток “Зарнічныя будні” прадстаўнікам каманд неабходна было адлюстраваць конкурсы і спаборніцтвы ваенна-спартыўнай гульні. Пры ацэнцы работ журы ўлічвала змястоўнасць, арыгінальнасць, мастацкае афармленне і разнастайнасць жанраў. Лепш за іншых гэтым крытэрыям адпавядалі баявыя лісткі каманд “Штык” (СШ №1), “Застава” (СШ №3) і “Экіпаж” (Камайская СШ).

Тэарэтычныя веды ўдзельнікі ваенна-спартыўнай гульні дэманстравалі ў конкурсе  «Старонкі гісторыі Айчыны». Ён праводзіўся ў тэставай форме. Юнакам і дзяўчатам прапаноўвалася адказаць на пытанні пра асноўныя бітвы Вялікай Айчыннай вайны, гарады-героі, партызанскі рух, піянераў-герояў, палкаводцаў і военачальнікаў, што прымалі ўдзел у вызваленні Беларусі, пра сучасную беларускую армію, святы і ўзнагароды нашай краіны. На інтэлектуальным этапе спаборніцтваў перамогу святкавалі каманды “Зара” (СШ №2), першай і чацвёртай школ.

Конкурс строю і песні праду­гледжваў ідэальнае выкананне ўсіх каманд, выразнасць і зла­джанасць рухаў. Тут не было роўных камандам чацвёртай, першай і трэцяй школ. Як заўжды, азартным і захапляльным атрымаўся конкурс па перацягванні каната. У ім вызначыліся прадстаўнікі каманд “Зара”, “Экіпаж” і “Камбат”.

У агульным заліку наймацнейшай прызнана каманда СШ №4. На другім месцы — СШ №3, замкнула тройку прызёраў каманда СШ №2. Яны атрымалі граматы і падарункі ад райкама БРСМ. Таксама граматамі маладзёжнай арганізацыі ўзнагароджаны прызёры кожнага конкурсу (акрамя стральбы з пнеўматычнай вінтоўкі) — яны заахвочаны граматамі раённай арганізацыйнай структуры ДТСААФ. Праможцам марш-кідка, конкурсаў строю і песні і па перацягванні каната ўручаны памятныя падарункі ад аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама.

Падзякамі за дапамогу ў арганізацыі правядзення гульні раённы камітэт ГА «БРСМ» адзначыў авіяцыйны атрад, радыё­тэхнічны цэнтр, ваенны шпіталь і пагранкамендатуру “Паставы”.

Вераніка ФІЛАНОВІЧ.

Фота Сяргея ВШЫЎКАВА.

no images were found



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.