Па паратунак — у “хуткую”


На чарговы выклік хуткай дапамогі адпраўляюцца старшы фельчар Юрый Мікалаевіч Габец і фельчар Жанна Іосіфаўна Смаленская. За рулём — вадзіцель Аляксандр Радзівонавіч Аліхвер.
На чарговы выклік хуткай дапамогі адпраўляюцца старшы фельчар Юрый Мікалаевіч Габец і фельчар Жанна Іосіфаўна Смаленская. За рулём — вадзіцель Аляксандр Радзівонавіч Аліхвер.

Зведана на сабе: глыбокая ноч, поўная адзінота, востры боль, невыказны страх смерці, кволая надзея, што ўсё пройдзе… І толькі калі ўжо не стала ніякіх сіл трываць, выклікаю хуткую дапамогу.

Паспелі. Потым — рэанімацыя, тэрапеўтычнае аддзяленне, санаторый. Было гэта 16 гадоў таму, а ўзгадалася асабліва яскрава, калі на днях наведалася ў аддзяленне хуткай і неадкладнай медыцынскай дапамогі цэнтральнай раённай бальніцы, каб падрыхтаваць матэрыял для газеты.

— Гэта адзін з самых галоўных відаў медыцынскай дапамогі, — напярэдадні характарызаваў ад­дзяленне галоўны ўрач ЦРБ Уладзімір Мікалаевіч Чакавы. — За “хуткай” часта стаіць жыццё чалавека. У мінулым годзе мы пайшлі на эксперымент — хуткую дапамогу функ­цыянальна замацавалі за ад­дзяленнем анестэзіялогіі і рэанімацыі. І зараз у такіх складаных сітуацыях, як дарожна-транспартныя здарэнні, пажары, спробы суіцыду, іншыя выпадкі, за якімі стаіць інфаркт мозгу або міякарда, на выклік выязджае не толькі фельчар, але і рэаніматолаг і на месцы праводзіць рэанімацыйныя дзеянні, што дае большыя шансы на выратаванне чалавека. Прытым ніколькі не прымяншаю прафесіяналізм фельчараў — усе яны кампетэнтныя.

Пацвердзіў гэта і Ю. М. Габец — старшы фельчар аддзялення хуткай і неадкладнай медыцынскай дапамогі, які прыйшоў сюды ў 1996-ым, а да гэтага 13 гадоў адпрацаваў на ФАПе ў Кураполлі. Юрый Мікалаевіч назваў самых вопытных: Таццяну Віктараўну Грынько, Наталлю Вячаславаўну Якімовіч, Таццяну Яўгеньеўну Андрэйчык, Лілію Серафімаўну Танана, Жанну Іосіфаўну Смаленскую. А ўсяго на “хуткай” 12 фельчараў і 2 — на “неадкладнай”. Выдатна зарэкамендавала сябе і маладое папаўненне — Іван Гваздзеўскі і Ганна Бондарава. Нельга не сказаць добрых слоў і пра вадзіцеляў, якія гатовы на выезд у любую хвіліну. Днём пацыентаў абслугоўваюць дзве машыны хуткай дапамогі і адна — неадкладнай, з 9-ці вечара да 9-ці раніцы — тры хуткай.

— Здараецца, што за ноч на кожнага фельчара прыпадае па 10 выклікаў, — расказваў Юрый Мікалаевіч Габец. — Гэта цяжка. А якое эмацыянальнае выгаранне, калі бачыш, што чалавека, тым больш маладога, ужо не ўратаваць. Прывыкнуць да гэтага немагчыма. Калі ж уратоўваем ці аблягчаем боль, тады, безумоўна, радасць. Такая наша работа.

У нашым раёне тры аддзяленні хуткай медыцынскай дапамогі — пры цэнтральнай раённай бальніцы, Варапаеўскай раённай і Лынтупскай участковай. За мінулы год яны абслужылі 10205 выклікаў, за пяць месяцаў бягучага — 4593.

Фаіна КАСАТКІНА.

Фота Веранікі Філановіч.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.