Пабывалі ў ДТСААФ

Образование

У час стральбы з пнеўматычнай вінтоўкі.
У час стральбы з пнеўматычнай вінтоўкі.

Як мы ўжо расказвалі на старонках газеты, з 1 чэрвеня на базе ўсіх сярэдніх і базавых школ раёна пачалі работу летнія аздараўленчыя лагеры для навучэнцаў. А ў пяці гарадскіх школах пры лагерах дзейнічаюць яшчэ і спартыўна-патрыятычныя атрады для дзяцей і падлеткаў. Планы работы гэтых атрадаў асабліва насычаны рознымі мерапрыемствамі. Кожны дзень для дзяцей арганізуюцца ўсемагчымыя гульні на свежым паветры, спартыўныя спаборніцтвы, віктарыны, трэнінгі, а таксама экскурсіі — на гарадскую выратавальную станцыю, у раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях і авіяцыйны атрад МНС, які дыслацыруецца ў Азёрках, шпіталь органаў пагранічнай службы, 1-ы радыётэхнічны цэнтр ваеннай часці 25888, што ў шостым гарадку, Пастаўскае аддзяленне Дэпартамента аховы, раённую арганізацыйную структуру ДТСААФ. У апошняй разам з навучэнцамі 5—8-ых класаў СШ №1 і №2 на мінулым тыдні пабывала і карэспандэнт “ПК”.

Тэсціраванне на веданне правілаў дарожнага руху праходзяць навучэнцы СШ №1.
Тэсціраванне на веданне правілаў дарожнага руху праходзяць навучэнцы СШ №1.

У добраахвотным таварыстве садзейнічання арміі, авіяцыі і флоту школьнікаў і педагогаў, якія іх суправаджалі, сустракаў выкладчык А. Л. Чараваценка. Анатолій Лаўрэнцьевіч запрасіў усіх у клас па падрыхтоўцы вадзі­целяў легкавых аўтамабіляў, дзе павіншаваў дзяцей з пачаткам летніх канікулаў, пажадаў выдатна іх правесці, набрацца сіл і здароўя для працягу вучобы і прапанаваў паглядзець невялікі дакументальны фільм па бяспецы дарожнага руху з удзелам непаўналетніх. Затым навучэнцы першай школы, сярод якіх было больш старэйшых хлопчыкаў і дзяўчынак, змаглі прайсці камп’­ютарнае тэсціраванне на веданне правілаў дарожнага руху. А прадстаўнікі другой школы адправіліся ў двор ДТСААФ — там майстар па ваджэнні М. М. Масінкевіч падрыхтаваў для іх імправізаваны цір. Гэтага моманту школьнікі чакалі асабліва і з вялікім азартам пачалі страляць з пнеўматычных вінтовак па ўстаноўленых за некалькі метраў мішэнях. Магчымасць праверыць сваю трапнасць была і ў вучняў СШ №1.

В. А. Лушчык уручае грамату навучэнцы СШ №2 Віялеце Януковіч.
В. А. Лушчык уручае грамату навучэнцы СШ №2 Віялеце Януковіч.

У канцы экскурсіі перад дзецьмі выступіў старшыня Пастаўскай РАС ДТСААФ В. А. Лушчык. Ён расказаў гісторыю арганізацыі, чым займаецца, колькі вадзіцеляў розных катэгорый падрыхтавала за час свайго існавання, яшчэ раз нагадаў навучэнцам правілы бяспечных паводзін на дарозе, і не толькі на ёй, заклікаўшы берагчы ўласнае жыццё, і пажадаў добрага летняга адпачынку. А на завяршэнне Валерый Антонавіч уручыў найлепшым стралкам граматы і салодкія падарункі — шакаладкі.

Алена ШАПАВАЛАВА.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.