Падвялі вынікі ў музыцы


А. А. Собаль уручае Ганаровую грамату Н. А. Сіўко.
А. А. Собаль уручае Ганаровую грамату Н. А. Сіўко.

Віншаванні і пажаданні, кветкі, узнагароды найлепшым навучэнцам і педагогам, творчая справаздача аб праведзенай за год рабоце — усё гэта было на святочным вечары з нагоды апошняга званка ў Пастаўскай дзіцячай школе мастацтваў імя А. Тызенгаўза, які прайшоў 24 мая ў раённым Доме культуры.

Адкрыў свята адзін з самых вядомых калектываў школы — ансамбль барабаншчыц. Нягледзячы на тое, што яму ўсяго тры гады, ён ужо не раз выступаў на буйных раённых і абласных мерапрыемствах, у тым ліку ўдзельнічаў у міжнародных фестывалях “Звіняць цымбалы і гармонік” і “Славянскі базар у Віцебску”, у складзе зводнага калектыву барабаншчыц Віцебскай вобласці дэманстраваў сваё майстэрства ў Палацы Рэспублікі ў Мінску. Дырэктар школы мастацтваў А. А. Собаль, які следам выйшаў на сцэну, каб павіншаваць усіх навучэнцаў, бацькоў і педагогаў з заканчэннем навучальнага года, уручыў ансамблю Ганаровую грамату за творчыя поспехі. Такіх жа грамат удастоіліся яго заснавальнік і мастацкі кіраўнік Н. А. Сіўко і ансамбль танца, якім кіруе Наталля Аляксандраўна.

З прыемнай місіяй на ўрачыстасць завітала намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама І. Ф. Лойка. Ад імя раённай арганізацыі рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Белая Русь” яна ўручыла Ганаровыя граматы самым годным і таленавітым навучэнцам школы: лаўрэатарам рэспубліканскага конкурсу цымбалістаў Валерыі Патрушавай і Аляксандры Хромавай, абласнога і міжнароднага конкурсаў баяністаў-акардэаністаў — Аляксандру Іжмайловічу і Аляксею Гамолку, абласнога конкурсу духавых інструментаў — Дзмітрыю Дзявятнікаву. Падзякі “Белай Русі” за высокія вынікі ў прафесійнай дзейнасці атрымалі педагогі дзяцей Г. Э. Барысюк, К. Б. Мейшутовіч, С. А. Пусько, Л. У. Косаў і І. А. Чадаева.

Названых вышэй вучняў і настаўнікаў, а таксама два квартэты баяністаў, якія сталі лаўрэатамі на занальным конкурсе ў Шаркаўшчыне, асобна баяністку Паліну Балаш і фальклорны ансамбль “Пастаўскія цымбалісты”, заваяваўшых прызавыя месцы на мінулагоднім фестывалі народнай музыкі “Звіняць цымбалы і гармонік”, лаўрэатаў ІІІ Адкрытага раённага конкурсу юных піяністаў і іх выкладчыкаў адзначыў граматамі А. А. Собаль.

Адной з цэнтральных падзей вечара было ўручэнне пасведчанняў аб заканчэнні школы мастацтваў выпускнікам. Усіх іх — а гэта 43 чалавекі — запрасілі на сцэну. Даючы наказ на дарогу, Анатолій Анатольевіч пажадаў, каб выпускнікі не забывалі атрыманыя ў школе веды і навыкі, працягвалі займацца музыкай і задумалі­ся аб паступленні ў музычныя вучылішчы, паколькі спецыялісты ў гэтым відзе мастацтва цяпер вельмі запатрабаваныя. 19 вучняў школы, якія закончылі навучальны год на адны дзясяткі, атрымалі Пахвальныя лісты за выдатныя поспехі.

А затым дзеці прадэманстравалі, чаму яны навучыліся за год. У вялікім справаздачным канцэрце прынялі ўдзел літаральна ўсе юныя музыканты і танцоры, якіх падтрымлівалі апладысментамі родныя ў зале.

Алена ШАПАВАЛАВА.

Фота аўтара.

no images were found



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.