Паказалі майстэрства, ушанавалі найлепшых (+фота)

Общество

У. М. Чакавы ўручае Ганаровую грамату ўпраўлення аховы здароўя Віцебскага аблвыканкама загадчыцы Сакунскага ФАПа Н. У. Мозалевай.
У. М. Чакавы ўручае Ганаровую грамату ўпраўлення аховы здароўя Віцебскага аблвыканкама загадчыцы Сакунскага ФАПа Н. У. Мозалевай.

18 чэрвеня сваё прафесійнае свята адзначалі медыцынскія работнікі краіны. Напярэдадні з гэтай нагоды ў раённым Доме культуры прайшоў урачысты сход, на які сабраліся тыя, хто штодзень змагаецца за здароўе і жыццё пацыентаў, — урачы, фельчары, работнікі сярэдняга і малодшага медыцынскага персаналу цэнтральнай раённай бальніцы, 1-га ваеннага шпіталя органаў пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь і абласнога дзіцячага рэабілітацыйна-аздараўленчага цэнтра “Ветразь”.

Асаблівасцю сёлетняга мерапрыемства стала тое, што пачалося яно з  правядзення агляду-конкурсу “Лепшы па прафесіі” сярод медработнікаў устаноў аховы здароўя раёна. Абараняць іх гонар выпала медыцынскім сёстрам тэрапеўтычнага аддзялення шпіталя Святлане Квяткоўскай, аперацыйнага блока хірургічнага аддзялення ЦРБ Таццяне Іўчанка і аддзялення медыцынскай рэабілітацыі АДРАЦ “Ветразь” Ірыне Захарыч. Ацэньвала дзяўчат журы ў складзе намесніка старшыні раённага выканаўчага камітэта Ю. М. Кісялёва, кіраўнікоў названых медустаноў С. Д. Півеня, У. М. Чакавага і С. Ю. Петухова, а таксама дырэктара РДК А. Б. Чарнюк.

Пасля жараб’ёўкі, якую правёў вясёлы клоўн, ­удзельніцы выйшлі на старт. І першым выпрабаваннем для іх стала самапрэзентацыя. Кожная падрыхтавала відэавізітку, у якой расказала пра сябе і тую ўстанову, у якой працуе. Другім этапам было практычнае заданне. На вачах у соцень гледачоў канкурсанткам давялося накладваць “пацыенту” з “пераломам” рукі імабілізуючую шыну. Пры гэтым ацэньвалася як хуткасць, так і якасць выканання задання. Тэарэтычныя веды выявіў бліц-турнір па медыцынскай тэрміналогіі. У ім усе дзяўчаты з лёгкасцю адказалі на пяць пытанняў у выцягнутых білетах, не дапусціўшы ніводнай памылкі.

Завяршаў конкурс этап “Дамашняе заданне”, прысвечаны Году навукі, пад назвай “На парозе новых адкрыццяў”. Ён аказаўся самым цікавым і відовішчным з усіх. Чаго тут толькі ні напрыдумвалі канкурсанткі! Так, Таццяна Іўчанка і яе памочнікі паказалі адзін дзень з жыцця паліклінікі Пастаўскай ЦРБ, дзе ўстаноўлены “Інфамат” — суперсучаснае ўстройства, якое выдае талоны да ўрачоў, ажыццяўляе запіс на прыём да спецыялістаў і выконвае яшчэ шмат якіх аперацый, а таксама іншая дзіва-тэхніка. Ірына Захарыч са сваёй камандай заклікала пазбаўляцца ад унутраных комплексаў і з дапамогай танцатэрапіі адкрываць для сябе радасць руху, які ёсць жыццё. А Святлана Квяткоўская пераўвасобілася ў вядучую папулярнай расійскай тэлеперадачы “Жить здорово!” Алену Малышаву і прадставіла ўвазе прысутных перасоўны шпітальны аэрамабіль, які робіць цуды — вылечвае людзей ад розных балячак і вяртае ім маладосць.

Пакуль журы падводзіла вынікі конкурсу, вядучыя мерапрыемства — служачыя шпіталя Надзея і Антон Голікавы — запрасілі на сцэну галоўнага ўрача цэнтральнай раённай бальніцы У. М. Чакавага. Віншуючы прысутных медыкаў са святам, ён адзначыў, што Пастаўская ЦРБ — самая вялікая з усіх райбальніц Віцебшчыны. Сёння тут працуюць 815 чалавек, у тым ліку 108 урачоў і 345 работнікаў сярэдняга звяна.

— Эфектыўнасць аказання медыцынскай дапамогі забяспечана ў першую чаргу дзякуючы ветэранам, якія складаюць касцяк нашага калектыву, — гаварыў Уладзімір Мікалаевіч. — Зараз на іх месца прыходзяць новыя кадры. І вельмі хочацца, каб гэта змена пакаленняў стала асновай далейшага поспеху ў рабоце ўстановы.

Быў названы шэраг медыкаў, якія атрымалі ўзнагароды на рэспубліканскім, абласным і раённым узроўнях па выніках работы за 2016 год. Многім У. М. Чакавы ўручыў Ганаровыя граматы ўпраўлення аховы здароўя Віцебскага аблвыканкама і УАЗ “Пастаўская ЦРБ” і грашовыя прэміі, а таксама каштоўныя падарункі пераможцам працоўнага саперніцтва. Імі сталі: сярод адасобленых структурных падраздзяленняў — Навасёлкаўская амбулаторыя ўрача агульнай практыкі (загадчык — В. Р. Сівіцкі), сярод стацыянарных структурных аддзяленняў ЦРБ — аддзяленне анестэзіялогіі і рэанімацыі (загадчык — М. І. Васюковіч), сярод паліклінічных, дапаможных аддзяленняў і аддзяленняў хуткай медыцынскай дапамогі — аддзяленне рэабілітацыі і фізіятэрапіі (загадчык — Т. М. Нікалаева), сярод фельчарска-акушэрскіх пунктаў — Валкоўскі ФАП (загадчык — Л. І. Маслоўская). 18 медыкаў занесены на Дошку гонару цэнтральнай райбальніцы.

Свае віншаванні медыцынскім работнікам адрасавалі таксама галоўны ўрач АДРАЦ “Ветразь” С. Ю. Петухоў і начальнік 1-га ваеннага шпіталя органаў пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь С. Д. Півень. Першы ад імя ўсяго калектыву дзіцячага рэабілітацыйна-аздараўленчага цэнтра выказаў шчырую ўдзячнасць ветэранам за тое, што яны стваралі сістэму аховы здароўя ў раёне і рабілі гэта, ратавалі чалавечыя жыцці ў той перыяд, калі самым высокатэхналагічным “абсталяваннем” былі розум, вочы, вушы і рукі. Віншуючы іх і калег з “Ветразя”, цэнтральнай раённай бальніцы і шпіталя, Сяргей Юрыевіч пажадаў усім вялікага аса­бістага шчасця, здароўя, даўгалецця, поспехаў і дабра.

Палкоўнік медыцынскай службы С. Д. Півень, падняўшыся на сцэну, зачытаў віншаванне Старшыні Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Рэспублікі Беларусь Анатолія Лапо і прывёў канкрэтныя прыклады работы шпіталя. Так, штогод у ім пралечваюцца больш за 3200 пацыентаў у стацыянарных умовах і больш за 33000 прыходзяць на паліклінічны прыём. Працуюць мабільныя падраздзяленні: перасоўныя стаматалагічны і рэнтген-кабінеты, медыцынская лабараторыя, пашыраецца спектр медыцынскіх паслуг, удасканальваецца лячэбна-дыягнастычны працэс.

Як і У. М. Чакавы, С. Ю. Петухоў і С. Д. Півень уручылі найлепшым работнікам “Ветразя” і шпіталя Ганаровыя граматы абласнога ўпраўлення аховы здароўя і названых устаноў, падзякі і грашовыя прэміі. А ўсім ветэранам медыцыны раёна падарылі кветкі.

Сімвалічна, што ў зале сёння прысутнічаюць прадстаўнікі трох магутных устаноў аховы здароўя Пастаўшчыны, — зазначыў напрыканцы ўрачыстасці намеснік старшыні райвыканкама Ю. М. Кісялёў. — Гэтым наш раён адрозніваецца ад іншых. А яшчэ тым, што ў нас вельмі цесная сувязь паміж медыкамі-ветэранамі, тымі, хто працуе не першы год і прыйшоў зусім нядаўна. У апошні час мы шмат гаворым пра тое, што могуць зрабіць тэхніка і тэхналогіі. Але, несумненна, у медыцыне на першым месцы стаяць і будуць стаяць залатыя рукі ўрача, медсястры. Менавіта дзякуючы вашым рукам, пастаўчане могуць ганарыцца якасцю мед­абслугоўвання ў рэгіёне.

Ад імя раённага выканаўчага камітэта і Савета дэпутатаў Юрый Мікалаевіч узнагародзіў граматамі і падзякамі шэраг прысутных у зале. А затым як старшыня журы аб’явіў вынікі конкурсу “Лепшы па прафесіі”. Першае месца заняла Святлана Квяткоўская, другое — Таццяна Іўчанка, трэцяе — Ірына Захарыч. Пад апладысменты прысутных удзельніцы атрымалі дыпломы, букеты кветак і каштоўныя падарункі. Ну, а падарункам для ўсіх астатніх стала цудоўная канцэртная праграма вакальнай групы “Адзінства” Пінскага пагранічнага атрада.

Алена ШАПАВАЛАВА.

Фота аўтара.

no images were found



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.