Парадак — справа рук вучняў

Образование

IMG_2736

Ледзь толькі ў школах раёна адзвіняць апошнія званкі і закончацца выпускныя экзамены — пачынаецца падрыхтоўка да новага навучальнага года. У большасці ўстаноў адукацыі яна заключаецца ў правядзенні касметычных рамонтаў, якімі займаюцца не толькі педагогі і тэхнічныя работнікі, але і школьнікі.

Так, у пастаўскай СШ №1 з 12 чэрвеня працуе лагер працы і адпачынку “Юнацтва” для выпускнікоў 10-ых класаў. Па словах начальніка Наталлі Дзмітрыеўны Асадчай, набраць у яго дзяцей было няцяжка.

IMG_2716

— Жадаючых правесці канікулы з карысцю сёлета, як і ў мінулыя гады, аказалася нямала, — расказвала педагог. — Адно з галоўных патрабаванняў да прэтэндэнтаў заключалася ў тым, што на момант адкрыцця лагера ім павінна было споўніцца 16 гадоў. У выніку выбралі 10 хлопцаў і столькі ж дзяўчат. На працягу мінулага тыдня яны дапамагалі на прышкольным участку і рыхтавалі класы да рамонту: выносілі з іх мэблю, мылі сцены, батарэі ацяплення і падаконнікі. А з гэтага тыдня афіцыйна прыступілі да работы ў вытворчай рамонтнай брыгадзе, якая будзе працаваць па 28 чэрвеня ўключна.

Фронт работ у маладых людзей немалы — ім трэба прывесці ў парадак абодва корпусы школы і тэрыторыю каля іх. У аўторак, калі я наведалася ва ўстанову, адны 10-класнікі фарбавалі парты і крэслы, заканчвалі мыць класы і сцены каля лесвіцы, іншыя клеілі шпалеры ў пачаткоўцаў і працавалі на спартыўнай пляцоўцы ў двары. Напера­дзе — фарбаванне падлогі ў вучэбных кабінетах, залах і калідорах.

IMG_2697

Кожны дзень побач з дзецьмі знаходзяцца выхавальнікі — класныя кіраўнікі 10-ых класаў Жанна Генадзьеўна Вайцяховіч і Наталля Мікалаеўна Далецкая, іншыя настаўнікі. І ўсе, з кім мне давялося размаўляць, адзначалі дысцыплінаванасць, стараннасць і адказнасць юных рамонтнікаў. Вельмі задаволены знаходжаннем у лагеры і самі старшакласнікі. Яно і не дзіўна. Па-першае, для юнакоў і дзяўчат арганізавана бясплатнае трохразовае харчаванне — за смачныя сняданкі, абеды і падвячоркі адказвае школьны повар. Па-другое, у вольны ад работы час з імі праводзяцца разнастайныя спартыўныя мерапрыемствы, цікавыя гутаркі з псіхолагам і сацыяльным педагогам. І па-трэцяе, маладыя людзі могуць зарабіць грошай. А гэта найлепшы стымул да добрасумленнай работы і цудоўная магчымасць адчуць сябе дарослымі і самастойнымі.

Алена ШАПАВАЛАВА.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.