Пераможны поступ

Спорт

2017

“Дзвіна-Барс” (Верхнядзвінск)

 – ФК “Паставы” – 0:4

Сапраўднае задавальненне атрымала група пастаўчан, якая паехала разам з камандай у Верхнядзвінск. Хоць перад матчам былі апасенні за яго вынік з-за адсутнасці чатырох вядучых ігракоў, але на добрым газоне лепш тэхнічна аснашчаны ФК “Паставы” згуляў значна мацней за свайго саперніка. Практычна без памылак дзейнічала абноўленая лінія абароны з навічкамі Аляксеем Рапалавым і Дзянісам Казловым у цэнтральнай зоне. Гуляючы трэнер і капітан Руслан Зелянкевіч умела веў камбінацыйную гульню, большую частку сустрэчы пастаўчане валодалі гульнявой і тэрытарыяльнай перавагай.

Нават калі пайшоў дождж, мяч знаходзіўся пад неаслабным кантролем гасцей, у складзе якіх зноў выдзяляўся атакуючы крайні паўабаронца Раман Пасевіч. На 16-й хвіліне пастаўчане разыгралі шматхадовую атаку, якую без перашкод завяршыў яго калега па амплуа Аляксей Хмельнік. Пакуль гаспадары апамяталіся, наша каманда развіла свой поспех дакладным стрэлам Р. Пасевіча пад перакладзіну. Да перапынку сапернік толькі аднойчы недакладна ўдарыў па нашых варотах. Характар барацьбы не змяніўся і ў другім тайме, калі дождж узмацніўся. На 50-й хвіліне Раман выкаціў мяч на пустыя вароты, але на мокрым полі Яўген Ясюковіч паслізнуўся і не трапіў па ім.

Неўзабаве Р. Зелянкевіч моцным ударам здалёк правёў трэці мяч і прадрашыў вынік паядынку. Да гонару пастаўчан, яны не збавілі абаротаў і прадоўжылі дамінаваць на полі. У канцоўцы Віталь Жылевіч не змог замкнуць ідэальную перадачу сваіх партнёраў, але праз пару атак гэта зрабіў лепшы бамбардзір юнацкага чэмпіянату вобласці Герман Чалей, які выйшаў на замену. Перамога з буйным лікам вывела нашу каманду ў тройку лідараў першынства ў групе “А”. Гэтага выніку дабіліся Лубко, Філановіч, Рапалаў, Казлоў, Міснік, В. Жылевіч (Чалей), Зелянкевіч (к), М. Якаўлеў, Хмель­нік (Валодзька), Пасевіч, Ясюковіч.

У гэтым туры ў нашай зоне перамог таксама дабіліся “Полацк­газ” (дома з лікам 5:2 над камандай Шаркаўшчыны) і глыбачане (на выездзе з лікам 4:1 у Міёрах). Ва ўсходняй групе “Б” матчы завяршыліся так: “Камунальнік” (Сянно) – “Ніва” (Талачын) – 3:1, “Газавік” (Віцебск) – ФК “Шуміліна” – 5:1. Сёння на гарадскім стадыёне ў 12 гадзін пастаўчане памераюцца сіламі з сусе­дзямі з Шаркаўшчыны і чакаюць падтрымкі ад сваіх пры­хільнікаў.

Уладзімір ШЫК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.