Працягваюць традыцыі “дзядоў” і “Паазер’я”


IMG_2244

Чвэрць стагоддзя назад знакаміты сёння на Пастаўшчыне і далёка за яе межамі заслужаны аматарскі калектыў фальклорны ансамбль “Паазер’е” выкладчыкаў Пастаўскай дзіцячай школы мастацтваў імя А. Тызенгаўза прадоўжыў музычныя традыцыі вядомага на прасторах Савецкага Саюза Груздаўскага народнага цымбальнага аркестра, які праславіўся ігрой на ўнікальных дыятанічных цымбалах, што выраблялі мясцовыя ўмельцы. А цяпер ужо і ў “паазерцаў” ёсць свае прадаўжальнікі — дзіцячы калектыў “Пастаўскія цымбалісты”.

Пераемнасць музычных, інструментальных і выканальніцкіх традыцый у нашым краі існуе з даўніх часоў, — расказвае кіраўнік абодвух калектываў, дырэктар школы мастацтваў Анатолій Анатольевіч Собаль. — Майстэрства вырабу музычных інструментаў і ігры на іх перадавалася з пакалення ў пакаленне, з сям’і ў сям’ю. У вёсках існавалі нават цэлыя сямейныя ансамблі, з якіх у пачатку мінулага стагоддзя вырас Груздаўскі цымбальны аркестр. Па магчымасці стараемся захоўваць гэта і мы. У 1986 годзе, неўзабаве пасля таго, як я ўзначаліў аркестр, пачалі вучыць дзяцей у школе ігры на дыятанічных цымбалах. Такое было ўпершыню ў Беларусі, і на тое каб увесці ў вучэбны план новы прадмет, спатрэбіўся дазвол Міністэрства культуры. Створаны калісьці клас існуе па сённяшні дзень. Вядзе яго Ванда Іванаўна Мацкевіч, чый бацька граў у аркестры, а швагра бацькі вырабляў дыятанічныя цымбалы.

Тады ж, у 80-ыя гады, А. А. Собаль пачаў ствараць дзіцячы фальклорны ансамбль — аб’ядноўваць некалькі цымбалаў, а сам акампаніраваў на гармоніку. Потым расшырыў калектыў, дабавіўшы ў яго іншыя інструменты. У свой час праз вучэбны ансамбль прайшлі дочкі Анатолія Анатольевіча і Ванды Іванаўны — цяперашнія ўдзельніцы “Паазер’я”. Зараз у ім іграюць унучкі В. І. Мацкевіч Аліцыя Палкі­на і Паліна Кірплюк. Усяго ж у ансамблі 12 навучэнцаў 4—5-ых класаў школы мастацтваў — столькі, колькі чалавек у дарослым калектыве. Традыцыйны і склад інструментаў: чацвёра дыятанічных цымбалаў, тры скрыпкі, два гармонікі, дудачка, барабан і флейта. Рэпертуар пакуль невялікі. Юныя музыканты, з якімі займаюцца выкладчыкі-“паазерцы”, выконваюць вальс “Ніначка”, “Груздаўскую кадрылю”, полькі “Петраградская” і “Агульніца” — кампазіцыі, якія раней ігралі “Груздаўскія дзяды” (так пазней сталі называць цымбальны аркестр). У планах развучыць іншыя аўтэнтычныя творы.

Што датычыць назвы калектыву — “Пастаўскія цымбалісты”, — яна з’явілася нядаўна. І ўпершыню пад ёй ансамбль выйшаў на сцэну на 25-гадовым юбілеі “Паазер’я”, які шырока адзначаўся на мінулагоднім фестывалі “Звіняць цымбалы і гармонік”. Тады ж заняў першае месца ў конкурсе “Хто каго?”. Сёлета “Пастаўскія цымбалісты” таксама прымуць удзел у фестывалі народнай музыкі. Ужо сёння, на адкрыцці свята, яны выступяць на галоўнай плошчы горада разам з “Паазер’ем”.

Алена ШАПАВАЛАВА.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.