Прадэманстравалі фізічную падрыхтоўку

Общество

Група ўдзельнікаў спаборніцтваў.
Група ўдзельнікаў спаборніцтваў.

Напярэдадні Дня пагранічніка ў Смаргоні адбыліся трэція па ліку спаборніцтвы па экстрэмальным бегу. Яны сабралі больш за сто ўдзельнікаў з Астравецкага, Ашмянскага, Пастаўскага і Смаргонскага раёнаў, а таксама з Ліды і Гродна.

Удзельнікаў і гасцей спартыўнага свята, якія пастроіліся на пляцы, вітаў камандзір в/ч 2044 Сяргей Жылінскі.

— Дзякуй, што адгукнуліся на прапанову паўдзельнічаць у мерапрыемстве. Сёння вам давядзецца бегчы ва ўмовах, максімальна набліжаных да тых, у якіх пагранічнікі займаюцца вышукам і праследаваннем парушальнікаў Дзяржаўнай граніцы, вядзеннем пошукавых мерапрыемстваў, звязаных з перамяшчэннем кантрабанды, — адзначыў С. В. Жылінскі. — Упэўнены, што спаборніцтвы паспрыяюць папулярызацыі актыўнага адпачынку, з’яднаюць членаў каманд, павысяць прафесійны ўзровень пагранічнікаў, міліцыянераў і ратаўнікоў. Поспехаў і добрых стартаў!

Да яго слоў далучыліся, пажадаўшы баявога настрою і лёгкай трасы, намеснік старшыні Смаргонскага райвыканкама Генадзій Бычко і ўдзельнік паўмарафонскіх і марафонскіх забегаў у Беларусі Алег Шмарлоўскі, які пераадольваў дыстанцыі ў 42 кіламетры 195 метраў ажно 21 раз, тройчы ўдзельнічаў у гонцы з перашкодамі Bison Race.

Трэці чэмпіянат Смаргонскай пагранічнай групы аб’яўлены адкрытым. Гучыць гімн. Лаўлю сябе на думцы, што ўпершыню на мерапрыемстве чую яго не ў запісе, а ў жывым гучанні ў выкананні ваеннага аркестра. Яго ўдзельнікі радавалі сваёй творчасцю прысутных на працягу ўсяго свята — прадставілі цудоўны плац-канцэрт падчас адкрыцця чэмпіянату, затым не давалі сумаваць у чаканні вынікаў спаборніцтва.

В. Врублеўскі (на заднім плане) пераадольвае водную перашкоду.
В. Врублеўскі (на заднім плане) пераадольвае водную перашкоду.

Акрамя 14 каманд Смаргонскай пагранічнай групы, удзел у забегу прынялі прадстаўнікі раённых аддзелаў па надзвычайных сітуацыях і ўнутраных спраў, асобнага спецыяльнага батальёна аховы ўнутраных войск, Гродзенскай пагранічнай групы і Лідскага пагранічнага атрада. Наш раён на спаборніцтвах прадстаўлялі Дзмітрый Волк (РАНС), Вячаслаў Врублеўскі (РАУС), Аляксандр Статута (ДАІ) і зборная каманда пагранічнай камендатуры “Паставы”, у склад якой увайшлі Аляксандр Мялешка, Андрэй Пакка, Дзяніс Болзан, Андрэй Кеда, Сямён Бабойць і Раман Жылевіч. 

Удзельнікам чэмпіянату неабходна было як мага хутчэй пераадолець трасу працягласцю шэсць з паловай кіламетраў, на якой іх чакала каля сарака перашкод. “Змагацца” давялося з цюкамі сена, пакрышкамі колаў, мяшкамі з пяском, паўзці пад калючым дротам, бегчы з бервяном на плячах, праходзіць лабірынты, завалы, “пячору страху”, дзе ў апраметнай цемры раздаваліся стральба і іншыя пагрозлівыя гукі, штурмаваць бункеры, бліндажы і інш. Самым відовішчным для гледачоў і складаным для лёгкаатлетаў стаў момант перацягвання аўтамабільнай шыны па балоце. Не менш фізічнай падрыхтоўкі і вынослівасці патрабавалася для прахо­джання “паляны з гладыятарамі”, узброенымі трэнажорамі для адпрацоўкі ўдараў. Маршрут быў па-сапраўднаму складаным і непрадказальным: некаторыя падалі, гублялі абутак, былі, на жаль, і траўмы, але, нягледзячы на гэта, да фінішу прыйшлі ўсе ўдзельнікі забегу.

Вынікі чэмпіянату па экстрэмальным бегу падводзіліся ў шасці намінацыях — сярод жанчын, ваеннаслужачых да 25-ці, 30-ці, 35-ці і старэйшых за 35 гадоў, у камандным заліку. Пастаўчане хоць і паказалі добрыя вынікі, у лік прызёраў не ўвайшлі. Асобна арганізатарамі спаборніцтваў адзначаны Вячаслаў Врублеўскі — найстарэйшы ўдзельнік сярод мужчын (у сваёй узроставай групе ён фінішаваў чацвёртым).

Тэкст і фота Веранікі ФІЛАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.