Прымушалі галеча і беззямелле


148129177865205-i0

З вялікай цікавасцю прачытаў кніжку мясцовых края­знаўцаў М. Арэха і І. Пракаповіча “Стары Двор і ваколіцы”, якая не так даўно выйшла з друку. Аўтары падрабязна апавядаюць пра прыродныя асаблівасці рэгіёна, гаспадарчую дзейнасць яго насельнікаў, гістарычныя падзеі, культурнае жыццё Старадворшчыны.

Не абмінаюць увагай і асаднікаў. Чытач даведваецца пра тое, што ў прыгожых мясцінах каля возера ці рэчкі ім выдзяляліся добра апрацаваныя валокі (каля 21 гектара зямлі). Сядзібы будавалі з лепшага дрэва на высокіх падмурках, выкладзеных невялікімі шкельцамі. Вакол раслі багатыя сады рэдкіх пладовых дрэў, абуладкаваны акуратныя дарожкі. Ёсць у кнізе біяграфічныя звесткі асаднікаў, іх вайсковыя званні, пасады, месцы пастаяннага жыхарства некаторых у Варшаве ці іншых гарадах і мястэчках.

А вось пра “абарыгенаў” Старадворшчыны ў кнізе, на мой погляд, расказваецца малавата. Паколькі я добра ведаў некаторыя з тых хутароў, бо бацька жыў там да 1933 года, а яго сястра — прыкладна да 1960-га, хачу ўзгадаць яшчэ адну гісторыю.

За пяць кіламетраў ад Пастаў жыў селянін Іван Кандрацьевіч са сваёй жонкай Ганнай Сямёнаўнай. Мелі 4 гектары ворнай зямлі, хату, гаспадарчыя пабудовы, коніка, кароўку. Гадавалі 1-2 свінак, каля дзясятка курачак. Сеялі збажыну, лён, садзілі бульбу. Збіралі ўраджай, малацілі цапамі, малолі жорнамі муку, пралі кудзелю, ткалі палатно, шылі адзенне, плялі лапці. Пяклі хлеб, дранікі, не галадавалі. Пісаць-чытаць не ўмелі. Жылі як і ўсе суседзі наўкола. Праўда, былі яшчэ бяднейшыя за іх. Некаторыя мелі 1-2 гектары зямлі або зусім не мелі.

У 1906 годзе ў іх нарадзілася дачушка Антаніна, а праз чатыры гады — сыночак Грышка. Раслі дзеткі, мужнелі. Усё больш стаў задумвацца бацька, як быць далей: трэба выдаваць дачку замуж, ажаніць сына. Ды хто ж возьме жонку без зямлі, пасагу? А калі падзяліць 4 гектары на тры часткі, дык зноў жа атрымліваецца галеча. Тады і набыў ён хутар у ваколіцах Старога Двара — Ямках. Як гэта яму ўдалося, ні дзеці, ні родзічы дакладна не ведалі. Мяркуюць, нейкі капітал застаўся ад дзядоў-прадзедаў ці ўзяў банкаўскі крэдыт. Знайшоўся беззямельны хлопец Дзмітры Чарэнка, які жыў са сваёй маці ў невялічкай хаціне на ўскрайку суседняй вёскі, і 13 мая 1928 года Антаніна і Дзмітры ўзялі шлюб. Забралі кароўку, коніка і накіраваліся на хутар Ямкі ствараць новую сям’ю.

Хата 5х5 аршынаў без падмурка, на чатырох вялікіх камянях па вуглах. Злева ад увахода, насупраць акна, — вялікая печ, у якой раніцай гатавалася ежа на ўвесь дзень і захоўвалася цёплай аж да вечара і на якой у халодныя зімовыя дні можна было пагрэцца. Перад ёй — дашчаныя палаці і далей уздоўж сцяны — самаробны ложак. Каля дзвюх другіх сцен — шырокія лавы, а ў куце паміж імі, пад абразамі, — вялікі стол, за які можна было пасадзіць чалавек восем. Каля чацвёртай сцяны, справа ад увахода, — зэдлік з драўлянымі вёдрамі для вады, пад ім — цабэрак для адходаў ежы і з цёплай вадой, каб напаіць жывёлу. У куце каля печы — качэргі. Дашчаная немаляваная падлога. Перад хатай — трысцен-сені без падлогі, дзе захоўваліся куфар з лепшым адзеннем і палатном, скрыні для збожжа, гаспадарчыя прылады. Далей пад адной страхой  — варыўня для бульбы ды квашанай агародніны, хлеў. Воддаль — навес для сена і снапоў збожжа.

Зямлі на хутары мелася больш за паўвалокі. Большая частка  забалочаная, а яшчэ частка — проста балота, на вышэйшых  месцах раслі сосны ды елкі, хмызняк. Толькі каля сядзібы невялікі кавалак ворнай зямлі плошчай больш за гектар.

Было дзе пасвіць карову ці нават дзвюх, каня, касіць і нарыхтоўваць сена на зіму. Мелася чым працепліць печ, каб зварыць ежу. Да гэтага грыбы і ягады — усё сваё. Але ж зямлі, на якой можна сеяць жыта, садзіць бульбу, агародніну, вельмі мала. Не пракормішся. Да таго ж у ваколіцах вадзілася шмат дзічыны. Часта ваўкі працяглым і гучным выццём агалошвалі наваколле, неаднойчы заходзілі на панадворак, нападалі на сабак. Яшчэ большую шкоду наносілі дзікі. Штогод летам і ўвосень яны пераварочвалі лычамі ўвесь агарод. Што толькі ні рабілі сяляне: раскладвалі вогнішчы, лямантавалі і білі жалезам па падвешанай рэйцы, але ўратаваць ура­джай удавалася не заўсёды.

Выйсце адно — карчаваць лес на вышэйшых мясцінах, дзе можна было б араць і сеяць. Самаахвярна ад цямна да цямна, а часам і прыцемкам карчаваў лес Дзмітры. А яшчэ было шмат іншай пільнай працы: араць, сеяць, касіць, сушыць сена, даглядаць жывёлу. І абавязкова — выкапаць вакол сядзібы канаву, бо ў час паводкі вада падыходзіла пад самыя дзверы. На тое гора, занямог конік, і неўзабаве гаспадар застаўся без надзейнай цяглавай сілы. Спыніліся сельскагаспадарчыя работы. Чакаць дапамогі не было адкуль — бацькі Антаніны памерлі, іншай радні не мелі. Колькі дзён туляўся Дзмітры, як здань, па хутары. Нарэшце наклаў на сябе рукі. Засталася Антаніна з малым сыночкам Мішам без гаспадара. Трэба было неяк выжываць. Надыходзілі яшчэ больш цяжкія гады, чакалі новыя выпрабаванні. Набліжалася Другая сусветная вайна.

Дык чаго ж сяляне лезлі ў багну-балота? Якая нячыстая сіла іх туды цягнула? Часткова на гэта пытанне адказваюць М. Арэх і І. Пракаповіч: “Працоўныя сяляне жылі бедна. Яны пакутавалі ад малазямелля і беззямелля”. Пра гэта ж пранікнёна і яскрава гаворыць сучаснік тых падзей, прэм’ер-міністр непрызнанай БНР Вацлаў Ластоўскі: “Зямлю беларускага народа, аблітую крывёй, потам і слязамі.., на якой беларусы жывуць як запамятае гісторыя, палякі вырываюць з рук беларусаў і садзяць сваіх каланістаў з Пазнаншчыны, Мазуршчыны, Вялікай і Малой Польшчы” (“Беларускі кнігазбор”. Вацлаў Ластоўскі. Мінск. 1997 г.).

Галеча, беднасць, беззямелле прымушалі мужыка асвойваць балоты, таму што і ён хацеў жыць, гадаваць дзяцей.

Л. КРЭСКІЯН, г. Паставы.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.