Прытрымліваюцца прынцыпу “Рота, за мной!”

Личности

Дырэктар прадпрыемства К. П. Савіцкі (справа) і яго намеснік А. В. Хіневіч.
Дырэктар прадпрыемства К. П. Савіцкі (справа) і яго намеснік А. В. Хіневіч.

ТАА “Вытворча-мэблевы цэнтр” у канцы мая адзначыла 10-годдзе. З гэтай нагоды ў раённым Доме культуры па вуліцы Станкевіча было арганізавана святочнае мерапрыемства. На ім ушанавалі людзей, якія рабілі першыя крокі ў станаўленні прадпрыемства, і тых, хто працуе цяпер. Кропка адліку яго гісторыі — 27 мая 2007-га. 10 гадоў напружанай працы зла­джанай каманды на чале з вопытным і рашучым кіраўніком Канстанцінам Пятровічам Савіцкім прынеслі свой плён.

Цярністы шлях да поспеху

— Азірнуўшыся назад, без хвалявання нельга ўзгадаць той вельмі нялёгкі старт, масу спісаных папер і незлічоную колькасць узгадненняў на ўсіх узроўнях, — дзяліўся ўспамінамі з прысутнымі ў зале дырэктар прадпрыемства К. П. Савіцкі. — З разуменнем і тады, і цяпер стаўлюся да скептыцызму людзей пры вялікіх пасадах і іх даволі складанага рашэння “даць дабро” на стварэнне сучаснага тэхналагічнага прадпрыемства ў такім маленькім гарадку як Паставы. Самыя шчырыя словы ўдзячнасці выказваю ў адрас тагачасных кіраўнікоў вобласці, а таксама былому старшыні Пастаўскага райвыканкама Э. П. Казуру і яго намесніку М. Р. Ковалю за падтрымку.

Канстанціну Пятровічу і Яніне Браніславаўне Савіцкім на дагаворных умовах была перададзена тэрыторыя былой райсельгасхіміі, якая не эксплуатавалася больш за 15 гадоў. Можна толькі ўявіць, што стала з пабудовамі, якія такі працяглы час не абслугоў­валіся… З мая па лістапад 2007 года былі ўзве­дзены асноўныя вытворчыя цэхі, сушыльны комплекс, нанова пракладзены камунікацыі. Усе гэтыя падзеі назаўсёды ў памяці тых людзей, якія рабілі першыя, самыя цяжкія, крокі ў станаўленні прадпрыемства.

Спачатку наша работа зводзілася да падрыхтоўкі паўфабрыкатаў для Пастаўскага мэблевага цэнтра, але вельмі хутка зразумелі, што гэта не пакрывае і дзясятай долі выдаткаў і патрэб для развіцця, — працягваў расказваць дырэктар. — Не маючы ні сваёй прадукцыі, ні свайго пакупніка, зрабілі круты паварот да самавыжывання. Пры гэтым не шукалі дапамогі збоку, а тужэй зацягнулі рамяні і ўзяліся за справу па запаўненні сваёй нішы ў дрэваапрацоўцы. Патроху пераадольвалі цяжкасці (а іх было нямала), удасканальвалі тэхналогію вытворчасці, шмат увагі надавалі дысцыпліне і якасці, наладжвалі ўнутраныя і знешнія кантакты.

І. І. Несцяронак уручае Падзяку старшыні райвыканкама майстру І. А. Пятрушыну.
І. І. Несцяронак уручае Падзяку старшыні райвыканкама майстру І. А. Пятрушыну.

Шлях у рыначную эканоміку — цярністы. Тут пануе зда­ровая канкурэнцыя, таму гаворка мо­жа ісці пра тавары толькі высокай яка­сці і даступнай цаны. Не даводзіцца спадзявацца на дзяржаўныя датацыі і спасылацца на крызісы ці на несезоннасць прадукцыі, а грошы трэба зарабляць.

Вытворча-мэблевы цэнтр характэрны тым, што тут кіраўнік любога ўзроўню пры неабходнасці і за станок стане, і за руль сядзе, і возьмецца за навучанне маладых работнікаў. У гэтым плане мы дзейнічаем не па вайсковай камандзе «рота, наперад!», а прытрымліваемся прынцыпу «рота, за мной!»

Аддзячылі за працу

Вытворча-мэблевы цэнтр — прадпрыемства, дзе ёсць сучаснае абсталяванне і згуртаваны высока­прафесійны калектыў. Сёння гэта тэхналагічная вытворчасць, якая выпускае якасную і канкурэнта­здольную прадукцыю. За час існавання выраблена звыш 300 тысяч штук дзвярэй, у бюджэт краіны пералічана падаткаў і збораў на суму больш за 2,5 мільёна долараў. Прадпрыемства не мае пратэрміноўкі па плацяжах, не было выпадкаў, калі б нават на дзень затрымлівалася выплата зарплаты.

Група ўзнагароджаных былых і цяперашніх работнікаў прадпрыемства.
Група ўзнагароджаных былых і цяперашніх работнікаў прадпрыемства.

За 10 гадоў праз яго прайшло шмат лю­дзей, сёння тут працуюць 205 добрасумленных работнікаў, якія характарызуюцца высокай дысцыплінай і стараннем. Гэта дазваляе выпускаць прадукцыю, запатрабаваную не толькі на ўнутраным, але і на знешнім рынках (у Расіі, Прыбалтыцы, Казахстане і іншых краінах). Падчас святочнага мерапрыемства К. П. Савіцкі лепшым работнікам прадпрыемства ўручыў спецыяльныя юбілейныя сувеніры і грашовыя прэміі.

Ад імя раённай улады калектыў павіншавала намеснік старшыні райвыканкама І. І. Несцяронак. Яна падкрэсліла яго важкі ўклад у эканоміку Пастаўшчыны і плённае супрацоўніцтва па вырашэнні надзённых праблем нашага горада. Пажаданні далейшага росквіту прадпрыемству і яго калектыву Ірына Іванаўна падмацавала ўручэннем Ганаровых грамат райвыканкама дырэктару К. П. Савіцкаму і галоўнаму бухгалтару Н. А. Вежан, а таксама Па­дзяк старшыні райвыканкама загадчыку склада І. П. Шчановіч і майстру І. А. Пятрушыну.

Юбілейная ўрачыстасць сабрала ў зале не толькі работнікаў прадпрыемства і іх блізкіх, але і паважаных гасцей, кіраўнікоў некаторых суседніх арганізацый і ўстаноў, якія, як зазначыў К. П. Савіцкі, не раз падстаўлялі братэрскае плячо. Раздзяліць радасць свята з калектывам прыйшлі дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь С. Р. Зямчонак, кіраўнікі філіяла “Пастаўскае ДРБУ №132”, АБП “Рассвет Пастаўскі” С. А. Рагіня, А. І. Малец і дырэктар СШ №5” В. М. Ромель.

Яркіх фарбаў, добрага настрою і душэўнай цеплыні святочнаму мерапрыемству дадаў канцэрт беларускага дзяржаўнага ансамбля “Песняры”.

Тэкст і фота Людмілы ЗЕЛЯНКЕВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.